Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пратаколы за ўдзел у вулічных акцыях актывісты пачалі атрымліваць «оптам»


Леанід Кулакоў

Леанід Кулакоў

Актывіст «Эўрапейскай Беларусі» Леанід Кулакоў атрымаў па пошце копіі пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэньнях: два за ўдзел у акцыі «Праспэкт нацыянальнага сьцяга» 14 траўня і два за ўдзел ва ўстаноўчым сходзе Беларускага нацыянальнага кангрэсу 15 траўня.

Як паведамляе праваабарончы сайт spring96.org, на актывіста склалі адразу па два пратаколы за кожную з акцыяў: паводле арт. 23.34 КаАП «Парушэньне парадку арганізацыі ці правядзеньня масавага мерапрыемства» і 23.4 КаАП «Непадпарадкаваньне законным патрабаваньням супрацоўніка міліцыі». Суд за ўстаноўчы сход прызначаны на 25 траўня.

«Пратаколы ўжо пачалі „оптам“ складаць — адразу па некалькіх артыкулах, каб можна было штраф большы прысудзіць, — кажа Кулакоў. — Яны нават не турбуюцца аб фармулёўках абвінавачаньня. Вось учора я атрымаў новую порцыю такіх лістоў. У пратаколе напісана, што я „ўдзельнічаў у несанкцыянаваным мерапрыемстве, пры гэтым трымаў у руках бел-чырвона-белы сьцяг“. Зь якіх гэта часоў трымаць у руках бел-чырвона-белы сьцяг — злачынства? Сьцяг занесены ў рэестар нематэрыяльнай гістарычнай спадчыны. Але ім усё роўна, задача міліцыі — скласьці як мага больш пратаколаў, а судзьдзяў — прысудзіць штрафы».

Як адзначаюць праваабаронцы, за акцыю «Праспэкт нацыянальнага сьцяга» на Кастрычніцкай плошчы ў Менску міліцыя склала на актывістаў каля двух дзясяткаў пратаколаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG