Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Макей: Беларусь — гэта донар стабільнасьці ў Эўропе, Расея ня супраць


Уладзімер Макей
Уладзімер Макей

Афіцыйны Менск бачыць нармалізацыю стасункаў з Эўразьвязам і выступае супраць антырасейскіх санкцыяў Эўропы. А ў паездцы Лукашэнкі ў Італію і Ватыкан не было нічога незвычайнага, кажа Макей.

Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей распавёў у інтэрвію тэлеканалу АНТ распавёў пра сустрэчу з расейскім міністрам замежных спраў Сяргеем Лаўровым ды пра візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Італію і Ватыкан. Стэнаграма інтэрвію прыводзіцца на сайце МЗС. Пра што казаў Макей — сьцісла.

Развароту ня будзе, Расея ня супраць

Паводле словаў Макея, на плянавай сустрэчы з Лаўровым яны абмяркоўвалі пытаньні глябальнай і рэгіянальнай бясьпекі, гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяньня, узаемадзеяньня ў ЭЭС, АДКБ, СНД, Саюзнай дзяржаве і іншых арганізацыях. Сустрэча праходзіла адкрыта — «безь бізантыйшчыны», як выразіўся Макей. Лаўроў зазначыў, што прыехаў «да сяброў», а спробы Беларусі нармалізаваць стасункі з Эўропай не разглядаюцца як шкода Расеі.

Макей сьцьвярджае, што Беларусь заўсёды заяўляе ўсім партнэрам, што ня будзе выбудоўваць адносіны з той ці іншай дзяржавай або структурай на шкоду «традыцыйным саюзьнікам»:

Мы зацікаўленыя ў дывэрсыфікацыі нашых зьнешнепалітычных і зьнешнеэканамічных адносінаў. Але гэта ня значыць, што мы будзем адмаўляцца ад традыцыйных рынкаў і ад супрацоўніцтва з нашымі традыцыйнымі саюзьнікамі.

«Мы заўсёды выконвалі і будзем выконваць нашы абавязальніцтвы ў межах АДКБ, у межах Эўразійскага эканамічнага саюзу і тым больш у межах Саюзнай дзяржавы і СНД. Таму тут баяцца нейкага „развароту“ Беларусі ў той ці іншы бок ня варта. Мы, вядома ж, зацікаўленыя ў дывэрсыфікацыі нашых зьнешнепалітычных і зьнешнеэканамічных адносінаў. Гэта ў нашых нацыянальных інтарэсах. Але гэта ня значыць, што мы будзем адмаўляцца ад традыцыйных нашых рынкаў і ад супрацоўніцтва з нашымі традыцыйнымі саюзьнікамі».

Як зьнялі санкцыі, стасункі з Эўразьвязам палепшыліся

Таксама Макей распавёў пра візыт Лукашэнкі ў Італію і Ватыкан. Паводле яго словаў, кантэкст сустрэчы быў «звычайны», за ім не хаваецца «нешта незвычайнае ці нечаканае». Але яго можна разглядаць як сьведчаньне паляпшэньня стасункаў з Эўразьвязам:

«Цяпер азначылася тэндэнцыя да паляпшэньня нашых адносінаў з нашымі эўрапейскімі сябрамі, партнэрамі. Яны выдатна бачаць, што неабходна для Беларусі, і яны ідуць насустрач Беларусі па тых пытаньнях, якія мы ўздымаем і якія магчыма рэалізаваць у цяперашні час».

Паездка, кажа ён, была нацэленая на разьвіцьцё гандлю з Італіяй, які летась зьнізіўся ў тры разы, хоць два-тры гады таму дасягаў звыш 2 млрд даляраў. Італію ён назваў адзінай краінай, зь якой Беларусь супрацоўнічае па міжнародным усынаўленьні.

Ватыкан жа, кажа Макей, меў вялікую ролю ў нармалізацыі стасункаў Беларусі з Эўропай, таму сустрэча Лукашэнкі з папам Рымскім была вельмі важнай:

«Я б назваў дзьве прычыны [сустрэчы Лукашэнкі і папы Рымскага. — РС]: па-першае, каталікі ў нас ёсьць другой канфэсіяй пасьля праваслаўных у Беларусі, і мы зацікаўленыя ў тым, каб тая гармонія, тыя мір і стабільнасьць, якія існуюць у нашым грамадзтве, існавалі і надалей. І гэта таксама было тэмай размовы з Папам. Па-другое, сацыяльная палітыка беларускай дзяржавы і палітыка Ватыкана шмат у чым падобныя. Гэта таксама дае падставы для таго, каб наша ўзаемадзеяньне ня проста захоўвалася, але і разьвівалася больш хуткімі тэмпамі».

Беларусь — «донар стабільнасьці»

Наша пазыцыя па шэрагу пытаньняў — самастойная, незалежная пазыцыя — прывяла, скажам так, да больш пазытыўнай атмасфэры ў нашых адносінах з Эўрапейскім зьвязам.

«Можа быць, гэта некаму нагнала аскому, але мы не перастанем паўтараць пра тое, што Беларусь ня ёсьць нейкім раздражняльнікам спакою ў рэгіёне, яна ёсьць донарам стабільнасьці ў рэгіёне, — казаў Макей. — І мы будзем паўтараць гэта да таго часу, пакуль гэта ня будзе канчаткова ўспрынятае. На жаль, яшчэ хтосьці спрабуе ёрнічаць з гэтага. Таму разуменьне вось гэтай праўдзівай ролі Беларусі ў рэгіёне, наша пазыцыя па шэрагу пытаньняў — самастойная, незалежная пазыцыя — прывяла, скажам так, да больш пазытыўнай атмасфэры ў нашых адносінах з Эўрапейскім зьвязам. І гэта вельмі важна. І гэтым трэба скарыстацца».

Пад «скарыстацца», кажа ён, маюцца на ўвазе таварна-эканамічныя стасункі, якімі цяпер Беларусь і займаецца.

Беларусь супраць санкцыяў супраць Расеі

На нядаўняй сустрэчы міністраў замежных спраў Вышаградзкай чацьвёркі (Польшча, Чэхія, Славакія, Вугоршчына), у якой браў удзел і Ўладзімер Макей, абмяркоўвалася пытаньне санкцыяў Эўропы супраць Расеі. І Макей запэўнівае:

«Калі ўжо санкцыі не дапамаглі вырашыць нейкія „праблемы“, у разуменьні Эўрапейскага зьвязу, у дачыненьні да Беларусі, то ўжо ў дачыненьні да Расеі санкцыі тым больш непрыдатныя. Расея — велізарны эканамічны монстар, які вытрывае любыя санкцыі».

Супраць санкцыяў, кажа ён, выступаюць і іншыя кіраўнікі дзяржаваў, імёны якіх ён ня стаў раскрываць. Гады санкцыяў супраць Беларусі ж Макей назваў «страчаным часам» і для Беларусі, і для Эўразьвязу, бо санкцыі «шкодзілі абодвум бакам».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG