Лінкі ўнівэрсальнага доступу

The New York Times пра Алексіевіч: Нобэлеўская ляўрэатка распавядзе англамоўнай аўдыторыі пра няшчасьці Расеі


Сьвятлана Алексіевіч

Сьвятлана Алексіевіч

На наступным тыдні Random House выпускае ў ангельскім перакладзе «Час сэканд-хэнд», да 2018 заплянаваны выхад яшчэ дзьвюх кніг Сьвятланы Алексіевіч.

«Беларуская пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч сказала, што яна правяла сваё жыцьцё, задаючыся адным вялікім — і вельмі рускім — пытаньнем: чаму пакуты людзей не канвэртуюцца ў свабоду? Гэтае пытаньне, ляжыць у аснове яе пяці энцыкляпэдычных тамоў вуснай гісторыі пасьляваеннай Расеі,» — так прадстаўляе The New York Times Нобэлеўскую ляўрэатку ў галіне літаратуры Сьвятлану Алексіевіч.

Выданьне падкрэсьлівае, што калі Алексіевіч атрымала летась Нобэлеўскую прэмію па літаратуры, гэтыя кнігі былі ледзь вядомыя ў англамоўным сьвеце, але цяпер сытуацыя пачынае зьмяняцца. На наступным тыдні Random House выпускае ў ангельскім перакладзе «Час сэканд-хэнд», да 2018 заплянаваны выхад яшчэ дзьвюх яе кніг. «Час сэканд-хэнд» газэта называе «ўжо прызнаным у Эўропе шэдэўрам».

На наступным тыдні Random House выпускае ў ангельскім перакладзе «Час сэканд-хэнд», да 2018 заплянаваны выхад яшчэ дзьвюх яе кніг.


The New York Times апісвае «Час сэканд-хэнд» як «партрэт краіны ў тузе па сэнсе, страчаным пасьля рэзкага скачка ад камунізму да капіталізму ў 1990-х». Узгадвае кнігу «Чарнобыльская малітва», гадамі «забароненую ў Беларусі, якая прыняла на сябе асноўны цяжар ядзернага апраменьваньня».

Газэта прыгадвае беларуска-украінскае паходжаньне пісьменьніцы і што тая жыве ў Менску, аднак зьмяшчае яе творы ў кантэкст расейскага літаратурнага працэсу і экзістэнцыяльнага крызісу. Выданьне цытуе Бэлу Шаевіч — ангельскага перакладчыка твораў Алексіевіч: «Час сэканд-хэнд» — гэта абнаўленьне рускай літаратуры 19-га стагодзьдзя ў 21-м. Рускія людзі чытаюць раманы не для шчасьлівых канцоў, а таму, што ў іх ёсьць катарсіс, моцны боль і нешта ўзвышанае».

Стомленая ад ваенных апавяданьняў, Алексіевіч працуе над двума новымі зборнікамі — аб праблемах старэньня і пра каханьне — і рыхтуецца падарожнічаць па ўсёй тэрыторыі былога СССР.


«Яна моцна рэдагуе размовы, пакуль не пацячэ расповед», — апісвае творчы мэтад Сьвятланы Алексіевіч газэта, цытуючы: «Мяне цікавяць рэчы, якія вялікая карціна гісторыі, як правіла, прапускае, альбо якімі пагарджае». Гісторыі, якія яна выслухоўвае ад людзей, «ствараюць непазбыўнае эмацыйнае ўзьдзеяньне на чытачоў і на саму пісьменьніцу». Але часам яна робіць паўзы і ня слухае наогул нічога, «асабліва цяпер, калі людзкія расповеды такія жахлівыя».

«Стомленая ад ваенных апавяданьняў, Алексіевіч працуе над двума новымі зборнікамі — аб праблемах старэньня і пра каханьне — і рыхтуецца падарожнічаць па ўсёй тэрыторыі былога СССР, каб сабраць матэрыял», — расказвае пра пляны пісьменьніцы The New York Times, і падкрэсьлівае, што яна ніколі і не зьбіралася пісаць мастацкую літаратуру, бо жыцьцё для яе нашмат цікавейшае.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG