Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мядзьведзеў назваў выбары ў ЗША «шоу ряженых» і патлумачыў перавагу расейскіх «праймэрыз» над амэрыканскімі


Мядзьведзеў і Пуцін гуляюць па Севастопалі 18 жніўня 2015. Архіўнае фота
Мядзьведзеў і Пуцін гуляюць па Севастопалі 18 жніўня 2015. Архіўнае фота

Прэм’ер-міністар Расеі Дзьмітрый Мядзьведзеў заявіў, што выбары ў ЗША — гэта «шоў», у якім удзельнічаюць «ряженые».

Як паведамляе ТАСС, ён зрабіў гэтую заяву ў часе сустрэчы з крымскімі ўдзельнікамі праймэрыз «Адзінай Расеі» ў Севастопалі. «Ражаныя нейкія, мы ня верым, гэта шоў, яно так і ёсьць на самой справе збольшага», — сказаў Мядзьведзеў.

Ён сказаў, што праймэрыз у Расеі і Амэрыцы адрозьніваюцца. Мядзьведзеў заявіў, што расейская «культура папярэдняга галасаваньня павінна быць іншай» і ўяўляць сабой зацікаўленую, канкрэтную размову аб існуючых праблемах, аб шляхах іх вырашэньня«.

Дзьмітры Мядзьведзеў прыехаў у Крым 22 траўня — дзень правядзеньня праймэрыз «Адзінай Расеі», якую ён узначальвае. Як заяўляюць «адзінаросы», пераможцы праймэрыз будуць вылучаныя ў якасьці кандыдатаў у дэпутаты Дзяржаўнай Думы Расеі на выбарах 18 верасьня.

З 15 сакавіка па 10 красавіка для ўдзелу ў праймэрыз зарэгістраваліся 19 чалавек ад Севастопаля і 34 прэтэндэнта ў крымскія «рэспубліканскія» акругі.

Правядзеньне выбараў у расейскую Дзярждуму на тэрыторыі Крыма раскрытыкавалі ўлады Ўкраіны. Міністэрства замежных справаў заявіла, што галасаваньне зьяўляецца незаконным, а пракуратура ў Кіеве прыгразіла, што ў дачыненьні да асоб, якія маюць дачыненьне да арганізацыі выбараў у Крыме, будуць адкрыты крымінальныя справы.

Вярхоўная Рада Ўкраіны афіцыйна абвясьціла 20 лютага 2014 году пачаткам часовай акупацыі Крыма і Севастопаля Расеяй. 7 кастрычніка 2015 году прэзыдэнт Украіны Пётр Парашэнка падпісаў адпаведны закон. Міжнародныя арганізацыі прызналі акупацыю і анэксію Крыма незаконнымі і асудзілі дзеяньні Расеі. Краіны Захаду ўвялі шэраг эканамічных санкцый. Расея адмаўляе акупацыю паўвострава і называе гэта «аднаўленьнем гістарычнай справядлівасьці».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG