Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускай незалежнасьці ў жніўні споўніцца 25 год. Незалежнасьць — гэта?.. Прапануйце свой фотаадказ! Прысылайце свае здымкі, новыя і архіўныя, пра розныя бакі жыцьця ў незалежнай Беларусі на працягу апошняй чвэрці стагодзьдзя, пра герояў і антыгерояў, здабыткі, страты і надзеі на адрас svаbodаphoto@gmаіl.сom.

У дзень нараджэньня Радыё Свабода, мы, як і абяцалі, падводзім вынікі першага туру фотаконкурсу «Незалежнасьць — гэта...»

Рашэньнне журы і вынікі першага туру камэнтуе вядучы фотаконкурсу Валер Дранчук.

Найперш я б хацеў ад імя ўдзельнікаў фотаконкурсу павіншаваць Беларускую Службу Радыё Свабода зь Днём Народзінаў, падзякаваць за наладжаны фотаконкурс і пажадаць плёну ўсім, хто стварае, слухае і чытае Вольнае Слова. Няхай да Слова далучаецца і Вольная фатаграфія!

Плянаваныя тры прызы па выніках першага туру — пляншэты I-Pad — знойдуць аўтараў найбольш яскравых накірункаў конкурснай тэматыкі. Імі ганаруюцца і заахвочваюцца:

  • Ігар Мацьвееў — за публікацыю другога фотатыдня — рэпартажны партрэт Барыса Хамайды, віцебскага дэмакратычнага актывіста, нязьменнага распаўсюдніка незалежнага слова ў цэнтры роднага горада;
  • Андрэй Лянкевіч — за мастацкія, вобразна-публіцыстычныя запамінальныя здымкі шостага фотатыдня;
  • Міхал Капычка — за сэрыі фотаздымкаў чацьвертага і шостага фотатыдняў, у якіх аўтар выразнымі сродкамі фатаграфіі дасьледуе права чалавека на жыцьцё і сацыяльную абарону.

Да трох прызоў дадаўся і чацьверты, таксама пляншэт I-Pad, за так званы архіўны напрамак — аўтарскую гістарычную фатахроніку. Гэты адмысловы заахвочвальны прыз атрымае Ігар Кірын (пяты, шосты і сёмы фотатыдні).

Усе ўдзельнікі першага туру атрымаюць новыя кнігі з «Бібліятэкі Свабоды». Зьмяшчаем працы, якія вызначылі аўтараў як найлепшых.

«Незалежнасьць — гэта... калі сымбалем краіны становіцца месца, дзе нязьменную варту нясе Барыс Хамайда» (2 фотатыдзень)

Фота Ігара Мацьвеева

«Незалежнасьць — гэта... прывіды мінулага і новыя сымбалі ўлады» (6 фотатыдзень)

Фота Андрэя Лянкевіча

«Незалежнасьць — гэта... абарона асобы і свабода шчасьлівага выбару» (4 і 6 фотатыдні)

Фота Міхала Капычкі

ПАСЬЛЯ ЗАЛЕВЫ. На магілеўскай вуліцы 12 жніўня 2014. 2013 фотаконкурс «Незалежнасьць — гэта...»

ПАСЬЛЯ ЗАЛЕВЫ. На магілеўскай вуліцы 12 жніўня 2014. 2013 фотаконкурс «Незалежнасьць — гэта...»

Абуджэньне Браслаўскай вясны. Красавік 2014

Абуджэньне Браслаўскай вясны. Красавік 2014

Партрэт юнай удзельніцы. “Яна – падарунак ад Бога”, прызнаецца аўтар. 2014

Партрэт юнай удзельніцы. “Яна – падарунак ад Бога”, прызнаецца аўтар. 2014

«Незалежнасьць — гэта... калі ў кожнага беларуса дазімэтар, і народ вырашае, будаваць АЭС ці не будаваць» (5, 6 і 7 фотатыдні)

Чарнобыльскі шлях. Менск. 25 красавіка 1998.

Чарнобыльскі шлях. Менск. 25 красавіка 1998.

Знос помніка У. Леніну. Глуск. 1.03.2004

Знос помніка У. Леніну. Глуск. 1.03.2004

Знос помніка У. Леніну. Глуск. 1.03.2004

Знос помніка У. Леніну. Глуск. 1.03.2004

На сёньняшнія «ляўры» былі прадстаўлены таксама фотападборкі Арцёма Гусева і Аляксея Хадыкі.

Журы ўхваліла ініцыятыўныя, па-грамадзянску чулыя допісы Волі Дольнай Валошкі (з прапановай цыклю памяці Ніла Гілевіча і яе асабістым удзелам у выпусках), сталых аўтараў Свабоды Кастуся Сырэля, Ільлі Копыла, Уладзімера Бакава зь іх цікавымі, публіцыстычнымі, часам дасьціпнымі камэнтарамі-развагамі, пошту Івана Дзявойны, Вольгі Дайлід, Тацяны Трухановіч ды іншых.

У першым туры ўдзел узялі васямнаццаць аўтараў, бадай, усе яны прадоўжылі творчы пошук і мелі далейшыя публікацыі. Зьмешчана больш як 100 фотаработ.

Незалежнасьць — гэта... калі сёньня ня можаш нешта зьмяніць на лепшае, але маеш магчымасьць гэта зафіксаваць на фотакамэру

Дык вось, сябры, мы можам! Я ўдзячны ўсім, хто нас глядзеў і дасылаў свае працы на конкурс. Мая падзяка як вядучага ідзе нязьменна поруч з павіншаваньнямі тых, хто па выніках першага туру сёньня названыя лепшымі, — гэта было як адно дыханьне й адзін парыў. І адна «фотакаманда». Я ўдзячны пераможцам і ўсім удзельнікам за водгук і актыўнасьць, давер і жаданьне адказаць на пытаньне «Незалежнасьць — гэта?..» У нашай галерэі вызначаны лепшыя —першы сумесны плён фотаконкурсу, які рэдакцыя Радыё Свабода адпачатку бачыла цалкам як дэмакратычны, даступны, па-грамадзянску адкрыты. Чытач заўважыў, што мы не былі занадта крытычныя ў адборы фотаздымкаў, больш спадзяваліся на адказнасьць і «самацэнзуру» аўтараў. Важна было ня толькі ўбачыць вашу выяву, сябры, але пачуць і адчуць — ваш камэнтар, памкненьне, думку, выснову. Фотамэтафары ў спалучэньні з гуманістычнай ідэяй, гісторыяй нацыянальнага адраджэньня, ідэаламі духу сёньня займаюць асаблівае мейсца, значэньне і ролю ў грамадзтве. Таму былі радыя, калі ўдзельнікі па-свойму мабілізаваліся, дзяліліся развагамі і фотасьвятлом сваіх камэр.

Разам з тым, я сёньня ўдзячны наперад і тым, хто яшчэ ня выдыхнуў сваё запаветнае «Незалежнасьць — гэта...», але плянуе гэта зрабіць, зьбіраецца з думкамі, адшліфоўвае апошнія словы сваіх дэклярацый, а галоўнае — бачыць свой амаль гатовы ўжо фотасюжэт...

Колькі на тое трэба? Усяго што — выйсьці з дому ды не забыцца прыхапіць фотакамэру. Або застацца дома й старанна перагледзець перапоўненыя фотатэчкі (можа, там, у імгненьнях мінулага, якія Вы парупіліся зафіксаваць раней, знойдуцца самыя патрэбныя і цікавыя). Або — падкавацца тэарэтычна. Напрыклад, пагартаць сайты, ілюстраваныя выданьні, любімыя фотаальбомы з кніжнай паліцы. І гэта ня ўсё. Нялішне параіцца з аднадумцамі, патраціцца на сяброўскую дыскусійную гадзіну за кавай, заатакавацца ў добрай шчырай спрэчцы. Зададзены конкурс, як ні круці, мацнаваты арэшак, трэба даўмецца — пашукаць сэнсу і разуменьня.

Што цяпер самае важнае, самае галоўнае? Тое, што фотаконкурс працягваецца! Шчыра хацелася б, каб ён пашыраўся і прырастаў — сваёй дынамікай і якасьцю, гарызантальна і вэртыкальна, мэтафарычна і дакумантальна. Ці многа мы хочам? Мяркую, што многа, нямала. А кожны з вас, сябры, вольны суаднесьці свае магчымасьці з нашымі прапановамі. І ўсё ж мы спадзяёмся на дзёрзкасьць і амбіцыі, на творчы імпэт, на вашу мужнасьць і пасіянарнасьць, сябры.

Нагадаю, конкурс завершыцца 25 жніўня, у дзень, калі 25 год таму Дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце стала Канстытуцыйным законам.

Па выніках лепшыя аўтары атрымаюць яшчэ тры прызы.

Галоўны прыз — паездка ў Прагу.

Просьба да ўсіх удзельнікаў, якія жывуць ня ў Менску, даслаць адрасы, на якія рэдакцыя вышле вам прэзэнтаваныя кнігі ад Радыё Свабода.

Што да вынікаў восьмага тыдня, я пракамэнтую іх бліжэйшымі днямі. Як кажуць, сачыце за афішай.

Убачымся!

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG