Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Таджыкістане адбыўся рэфэрэндум, які дазволіў прэзыдэнту Рахмону абірацца без абмежаваньняў


Эмамалі Рахмон

Эмамалі Рахмон

Як паведаміў Цэнтрвыбаркам Таджыкістану, на 12 гадзінаў дня ў рэфэрэндуме, які праходзіць 21 траўня, прагаласавала больш за 66 % выбарцаў і таму ўжо лічыцца, што рэфэрэндум адбыўся.

Паводле прапанаваных у канстытуцыю Таджыкістану зьменаў, дзейны прэзыдэнт Эмамалі Рахмон, які кіруе краінай з 1992 году, зможа вылучацца на прэзыдэнта на чарговых выбарах у 2020 годзе і далей без абмежаваньня.

Таксама прапанавана зьменіць мінімальны ўзрост кандыдата на прэзыдэнта з 35 гадоў на 30 гадоў. Назіральнікі не выключаюць, што гэтак Эмамалі Рахмон рыхтуе глебу для перадачы ўлады нашчадкам. У Эмамалі Рахмона 5 дзяцей.

У Канстытуцыі Эмамалі Рахмон ужо меў ганаровы тытул «Пешвоі мітал», што азначае «Лідэр нацыі». Паводле прапанавых зьменаў у канстытуцыю Эмамалі Рахмон будзе мець тытул «Заснавальнік міра і нацыянальнага адзінства-Лідэр нацыі».

Таксама пры звароце да Эмамалі Рахмона прынята ўжываць тытул Джанобі, што азначае «Ваша яснавяльможнасьць». Сьведкі сустэч прэзыдэнта Таджыкістану з выбарцамі распавядаюць, што напачатку сустрэчы ўдзельнікі мусяць словамі вазвышаць прэзыдэнта Рахмона, параўноўваючы яго з сонцам і называючы «заснавальнікам усяго». Пры развітаньні з Эмамалі Рахмонам прынята жадаць яму вечнага жыцьця.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG