Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка сустрэўся з папам: «Гэта была асабістая сустрэча. Мы блізкія зь ім ідэалягічна»


Лукашэнка заявіў аб падабенстве яго поглядаў і жыцьцёвых прынцыпаў з тымі, якіх прытрымліваецца папа Францішак.

«Гэта была ў тым ліку асабістая сустрэча. Яна прайшла вельмі добра. Лепш не бывае», — заявіў кіраўнік беларускай дзяржавы ў інтэрвію журналістам 21 мая пасьля сустрэчы з пантыфікам.

Картэж аўтамабіляў з дэлегацыяй Беларусі праехаў на тэрыторыю Ватыкана з боку плошчы Сьвятога Пятра ва ўнутраны двор Сьвятога Дамаса, дзе была пашыхтавана ганаровая варта ватыканскай швайцарскай гвардыі. Пантыфік сустрэў Лукашэнку ў малой троннай зале ля ўваходу ў сваю асабістую бібліятэку, якая служыць месцам прыёму сусьветных лідэраў і вышэйшых рэлігійных герархаў. У складзе беларускай дэлегацыі быў і малодшы сын кіраўніка беларускай дзяржавы Мікалай Лукашэнка.

«Гэта была ў тым ліку асабістая сустрэча. Яна прайшла вельмі добра. Лепш не бывае», — заявіў кіраўнік беларускай дзяржавы ў інтэрвію журналістам 21 мая пасьля сустрэчы з пантыфікам.

«Мы блізкія зь ім ідэалягічна, у нас аднолькавыя прынцыпы і погляды на сьветаўладкаваньне, разьвіцьцё. Тыя прынцыпы, якіх я прытрымліваюся як прэзыдэнт, цалкам супадаюць з тымі прынцыпамі, якіх прытрымліваецца папа Францішак. І на падставе гэтага ў нас адбылася вельмі душэўная і цёплая размова», — цытуе Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БЕЛТА.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, пантыфік абсалютна згодны з тым, што яму пара прыехаць у Беларусь. «Ён вельмі добра ведае становішча ў нашай краіне, добра ведае пра міжканфэсійную згоду, якая пануе ў нас, пра сытуацыю ў сацыяльнай сфэры, эканоміцы», — сказаў беларускі кіраўнік.

На асабістай сустрэчы з папам Францішкам, якая адбылася 21 мая ў Апостальскім палацы ў Ватыкане, Лукашэнка запрасіў пантыфіка наведаць Беларусь.

«Прыяжджайце да нас. Вы атрымаеце столькі сіл і здароўя, колькі ні ў адной кропцы сьвету», — сказаў Лукашэнка.

Сустрэча кіраўніка Сьвятога пасаду і прэзыдэнта Беларусі прайшла ў фармаце «сам-насам» ў памяшканьні папскай бібліятэкі.

Лукашэнка падарыў папу копію крыжа Эўфрасіньні Полацкай, мадэль карэты і галаграфічны абраз. Папа падарыў тры напісаныя ім дакумэнты пра Эвангельле, ахову прыроды, сямʼю.

Яшчэ адзін падарунак пантыфіка — мастацкая выява аліўкавага дрэва, сымбаля міру.

«Менск можа быць месцам міру», — сказаў ён.

Затым кіраўнік беларускай дзяржавы сустрэўся з дзяржсакратаром Ватыкана кардыналам П`етра Паралінам.

«Радыё Ватыкана» апублікавала ў фэйсбуку фатаздымак, дзе ў складзе беларускай дэлегацыі разам з папам сфатаграфаваўся і Мікалай Лукашэнка.

Візыт Лукашэнкі ў Італію і Ватыкан праходзіць 20–21 траўня. Гэта яго першы візіт у ЭЗ пасьля адмены Эўразьвязам санкцыяў у дачыненьні да Беларусі 15 лютага. Напярэдадні, 20 мая, кіраўнік беларускай дзяржавы правёў перамовы ў Рыме з прэзыдэнтам Італіі Серджыа Матарэлам. Аляксандар Лукашэнка наведваў Італію і Ватыкан у 2009 годзе. Тады ён сустракаўся з прэм`ер-міністрам Італіі Сыльвіё Бэрлюсконі і папам Бэнэдыктам XVI.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG