Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці магчыма вяртаньне Грузіі і Ўкраіны ў СНД? 


Ці ёсьць у СНД наагул пэрспэктывы?

Глод: Аляксандар Лукашэнка лічыць магчымым вяртаньне Грузіі і Ўкраіны ў склад Садружнасьці Незалежных Дзяржаваў. Пра гэта прэзыдэнт Беларусі заявіў 19 траўня на сустрэчы з кіраўнікамі дэлегацый органаў бясьпекі і спэцыяльных службаў краін СНД. У прыватнасьці ён сказаў: «Трэба зрабіць так, каб яны (Грузія і Ўкраіна) вярнуліся. Занадта шмат там людзей, якія гатовы з намі супрацоўнічаць Трэба ня тое, каб іх прымушаць, а клікаць да сябе... Украіна ня сёньня-заўтра прыйдзе да нас. У яе вельмі шмат тут інтарэсаў. Думаю, што і Грузія».

Перакананьні Лукашэнкі трымаюцца, і ён учора пра гэта казаў сам, на тым, што ад разрыву інтэграцыйных адносін пакутуюць як эканомікі краінаў, так і шараговыя грамадзяне. Дарэчы, гэта абсалютна ня новы аргумэнт. Ім карысталіся яшчэ, калі пагроза развалу навісла над Савецкім Саюзам. Гэты фактар не спрацаваў тады. Тым больш не спрацуе ён, на маю думку, сёньня.

Наадварот, усё часьцей гучаць галасы не пра вяртаньне СНД да свайго першапачатковага складу, а пра тое, ці патрэбна сёньня гэта фармаваньне наагул? Тое, што яно было неабходным адразу пасьля Віскулёў, фактычна не аспрэчваецца. Але ж час ідзе. Шмат што зьмяняецца.

Уладзімер Глод
Уладзімер Глод

Праўда, ня ўсе гэта заўважаюць. Вось і ўчора Выканаўчы сакратар СНД Сяргей Лебедзеў заявіў, што «робяцца нястомныя спробы разбурыць СНД, паколькі на міжнароднай арэне кіруюцца прынцыпам „падзяляй і ўладар“». Мне падаецца, што, калі б сапраўды рабіліся такія «нястомныя спробы», то ад Садружнасьці ўжо даўно нічога б не засталося. Калі хто і працуе на разбурэньне СНД, то гэта хутчэй ягоныя кіраўнікі, якія жывуць і працуюць нібыта не заўважаючы, што ўсё на сьвеце дынамічна зьмяняецца. Праўда, фармальна Садружнасьць бясконца рэфармуецца. Але, я думаю, што гэта той выпадак, калі рэформы скіраваныя выключна на зьнешнюю бачнасьць пераменаў, а не на сапраўдныя, прынцыповыя зьмяненьні.

Я думаю, што сёньня СНД гэта нейкае дзіўнае і супярэчлівае аб’яднаньне на постсавецкай прасторы. Знаўцы гэтай праблемы тлумачаць сытуацыю тым, што ў аснову СНД закладзеныя дзьве канцэпцыі, якія супярэчаць адна адной. Гэта садружнасьць як мэханізм інтэграцыі, і як мэханізм цывілізаванага разводу былых рэспублік СССР. Адначасовае іх існаваньне на практыцы прывяло да таго, што СНД так і не аформілася структурна і на сёньня ўяўляе сабою толькі комплекс рознаўзроўневых шматбаковых пагадненьняў і мэханізмаў, а таксама пляцоўку для пэрыядычных сустрэч кіраўнікоў дзяржаў, урадаў і міністраў краін-удзельніц.

Лепш за ўсё стан СНД ілюструецца складам яго чальцоў і ўзаемаадносінамі паміж імі. Украіна і Туркмэністан не падпісалі статут СНД. Пры гэтым Ашхабад ў 2005 годзе вызначаў свой статус у СНД у якасьці асацыяванага сябра. Украіна лічыла, што, удзельнічаючы ў СНД і нават будучы краінай-заснавальнікам, яна не зьяўляецца сябрам СНД як міжнароднай арганізацыі. Армэнія і Азэрбайджан, будучы чальцамі СНД, знаходзяцца ў стане пэрманэнтнага канфлікту па неўрэгуляванай праблеме Нагорнага Карабаху. Расея, Беларусь, Казахстан, Кіргізстан і Армэнія зьяўляюцца чальцамі Эўразійскага эканамічнага саюзу, значна больш інтэграцыйнага, чым СНД. У дадатак да гэтага існуе яшчэ і так званая Саюзная дзяржава Беларусі і Расеі.

Таму некаторыя прыходзяць да такой высновы — у існуючым фармаце інтэграцыйны патэнцыял СНД вычарпаны, а бачнасьць жыцьця Садружнасьці падтрымліваецца толькі за кошт бюракратычнай інэрцыі шматлікіх структур. А што думаеце вы, калегі? Вернуцца Грузія і Украіна ў СНД ці, наадварот, Садружнасьць панясе новыя страты?

Ян Максімюк
Ян Максімюк

Максімюк: Ня вернуцца, паколькі не выказваюць такога жаданьня. Грузія выйшла з гэтай структуры ў 2008-м годзе, адразу пасьля расейскай інтэрвэнцыі, Украіна наогул не падпісала гэтага статуту, і, мне здаецца, Украіна задаволеная такім падвешаным статусам у СНД, яна зьяўляецца членам-заснавальнікам гэтай арганізацыі, але не зьяўляецца ўдзельнікам.

Але існаваньне гэтай арганізацыі абумоўленае ня толькі тым, што існуюць бюракратычныя структуры, якія змагаюцца, натуральна, за сваё выжываньне, за штаты, за грошы, сымулюючы нейкую дзейнасьць. Гэтая структура можа быць патрэбная, таму што гэта адзіны форум для постсавецкай прасторы, дзе час ад часу могуць сустракацца кіраўнікі постсавецкіх дзяржаў, нават Пуцін з Парашэнкам.

Натуральна, гэтую структуру трэба было б рэфармаваць, але няма жаданьня і ахвоты, каб яе рэфармаваць. У такую структуру фармальных сустрэч лідэраў усяго сьвету ператвараецца паступова Арганізацыя Аб’яднаных Нацый. Калісьці гэта была вельмі важная арганізацыя, якая давала санкцыі на вайсковую інтэрвэнцыю, высылала міратворчыя кантынгенты. Цяпер яе роля ўтрыманьня міру адышла на другі плян, а балянс сілаў у сьвеце падтрымліваюць іншыя арганізацыі, не зьвяртаючыся да гэтага сусьветнага форуму. Тым ня менш галасоў, каб ліквідаваць ці рэфармаваць нейкім радыкальным чынам ААН, не чуваць. Мне здаецца, крышку падобная сытуацыя і з СНД.

Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: СНД — гэта ААН для былога Саюзу. Такая структура, дзе розныя дзяржавы, якія прымаюць удзел у самых розных саюзах, маюць розныя палітычныя лады, але ёсьць арганізацыя, у якую яны разам калісьці ўступілі, і там дзейнічаюць і зьбіраюцца на генэральныя асамблеі. Тое ж самае і СНД.

Апошнія гады паказваюць на тое, што гэта хутчэй інструмэнт цывілізаванага разводу. Усе постсавецкія краіны апошнія гады выбіраюць свае эканамічныя, геапалітычныя прыярытэты, і СНД яўна ў іх не ўваходзіць. Ужо даўно СНД ператварылася ў дзяжурны прадмет для самых розных жартаў, ад «чамадан бяз ручкі» — і несьці цяжка, і выкінуць шкада — да «прэзыдэнцкага клюбу», дзе сустракаюцца, каб разам выпіць, паесьці, пагаварыць.

Ня варта прымяншаць тое, што гэта прадстаўнікі краін тэрытарыяльна блізкіх, гістарычна блізкіх, бо ўваходзілі ў СССР, яны могуць сустрэцца, абмеркаваць агульныя пытаньні, якія ўсё яшчэ паміж імі ёсьць, і, азірнуўшыся назад, працягваць сваю палітыку, якая накіраваная на свой рэгіён і зусім ня мае СНД у прыярытэце. Калі прасачыць за выступамі расейскіх кіраўнікоў, перш за ўсё Пуціна, то літаральна за апошнія гады нават тут пэўная інфляцыя СНД назіралася. У сваіх штогадовых пасланьнях Пуцін не ўзгадвае гэтае ўтварэньне, бо тыя інтэграцыйныя структуры, якія выпрацоўвае Расея, гэта ЭўразЭС, тройка Расея, Беларусь, Казахстан і г. д., і менавіта ім Расея надае ўвагу. Яна не разглядае СНД як структуру інтэграцыйную. Гэтае прыцягненьне да сябе суседніх краін якраз перанеслася на іншыя структуры. Здаецца, нават Расея пагадзілася з фармулёўкай «ААН для постсавецкіх краін» альбо «прэзыдэнцкі клюб».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG