Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З-за сьмерці італьянскага палітыка візыт Лукашэнкі ў Рыме пакуль незаўважны


Прыезд Аляксандра Лукашэнкі ў Італію і Ватыкан прыпаў на час, калі краіна смуткуе з прычыны сьмерці Марка Панэлы (Marco Pannella) — вядомага італьянскага палітыка, аднаго з заснавальнікаў Радыкальнай партыі.

Таму мясцовыя СМІ пакуль не зьвярнулі вялікай увагі на візыт прэзыдэнта Беларусі. Як і калі пройдзе візыт Лукашэнкі, Свабодзе распавялі ў беларускай рэдакцыі Ватыканскага Радыё.

«Прыезд прэзыдэнта ня можа быць шараговай зьявай, бо папа сустракаецца з асобай, якая прадстаўляе цэлы народ, — сказаў Свабодзе Аляксандар Панчанка, супрацоўнік беларускай рэдакцыі Ватыканскага Радыё. — Таму візыт кожнага кіраўніка дзяржавы — заўсёды важная падзея».

Дэталі будучай сустрэчы пакуль невядомыя. Аўдыенцыя прэзыдэнта ў папы Францішка пройдзе ў суботу, 21 траўня, а 10-й гадзіне па рымскім часе.

Ня ўсе зь вядучых італьянскіх СМІ паведамілі пра прыезд Аляксандра Лукашэнкі. Зьвязана гэта, у прыватнасьці, з учорашняй сьмерцю Марка Панэлы — вядомага італьянскага палітыка, заснавальніка Радыкальнай партыі.

«Магчыма, некаторыя СМІ яшчэ не ўдзялілі ўвагу, — сказаў Панчанка. — Але я, напрыклад, прагледзеў Corriere della Sera, італьянскае выданьне, у якім ёсьць артыкул наконт візыту прэзыдэнта Беларусі. Розныя СМІ трактуюць гэты візыт у сілу сваёй спэцыфікі, ведаючы асаблівасьці Беларусі. Магу сказаць са свайго боку, што Ватыканскае радыё будзе таксама асьвятляць гэты візыт».

Увогуле пра Беларусь у Ватыкане згадваюць усё часьцей, кажа Панчанка. Сюды рэгулярна прыяжджаюць беларускія герархі, яны сустракаюцца з кіраўнікамі ватыканскіх ведамстваў і асабіста з папам. Нядаўна папа сустракаўся зь беларускімі ліквідатарамі. Літаральна два дні таму ў ватыканскіх музэях адкрылася выстава сакральнага беларускага мастацтва.

«Таму заўважна, што імя Беларусі ўсё часьцей і часьцей узгадваецца ў Ватыкане», — сказаў Панчанка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG