Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія нацысты з «E.N.O.T»: Беларускія ўлады патураюць паўтору ўкраінскага Майдану ў сваёй краіне


Камандзір дывэрсійна-штурмавой выведвальнай брыгады «Русіч» Аляксей Мільчакоў

Камандзір дывэрсійна-штурмавой выведвальнай брыгады «Русіч» Аляксей Мільчакоў

Свабода ўзяла інтэрвію ў кіраўніцтва «E.N.O.T. Corp» — расейскай ваенізаванай нацыяналістычнай арганізацыі, якая праводзіла ваенныя зборы з удзелам беларускіх школьнікаў.

Гісторыя пра тое, як беларускіх дзяцей зь Віцебску, Друцку і Талачына сёлета вазілі ў Расею на ваенныя зборы, дзе інструктарамі працавалі баевікі дывэрсійна-штурмавой выведнай брыгады «Русіч», займела вялікі розгалас у беларускім грамадзтве.

Як раней даведалася Свабода ад камандзіра «Русіча» Аляксея Мільчакова, непасрэдны арганізатар гэтых трэніровачных лягераў — так званая «карпарацыя E.N.O.T.», а баевікі «Русіча» толькі працуюць там інструктарамі.

«Вадзянік» і яго абшчына

Узначальвае «E.N.O.T. Corp» Раман Целянкевіч (пазыўны «Вадзянік»), які асабіста браў удзел у вайне на Данбасе на баку сэпаратыстаў. Ён сябра праўленьня «Саюзу добраахвотнікаў Данбасу», а таксама кіраўнік падмаскоўнага аддзяленьня грамадзкага руху «Народный собор» (на сайце руху хваляцца, што гэта менавіта яны ў свой час дамагліся прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці ўдзельніц «Pussy Riot»).

Раман Целянкевіч

Раман Целянкевіч

І сам Раман Целянкевіч, і арганізацыя «E.N.O.T. Corp» вельмі закрытыя для прэсы. Размаўляць праз тэлефон з карэспандэнтам Свабоды Целянкевіч адмовіўся, гэтаксама як і адказваць на пытаньні ў пісьмовай форме. Замест гэтага «Вадзянік» прапанаваў арыгінальную форму інтэрвію, калі свае адказы ён агучвае ў відэароліку, які потым дасылаецца журналісту Свабоды.

Гэтыя адказы трансьляваў намесьнік кіраўніка «E.N.O.T. Corp» па сувязях з грамадзкасьцю і ваенна-патрыятычным выхаваньні моладзі Міхаіл Камаляткін. Прычым была зроблена заўвага, што гэта афіцыйная пазыцыя як Целянкевіча, так і наагул усёй арганізацыі «E.N.O.T. Corp».

На відэа Камаляткін зьявіўся на фоне сьцяга «E.N.O.T. Corp», у чорнай кашулі з нашыўкамі — эмблема «янотаў» і расейскі манархічны сьцяг, папулярны сярод расейскіх ультраправых арганізацыяў.

«У беларускай улады няма ніякіх аб’ектыўных падстаў для процідзеяньня нашай дзейнасьці»

«E.N.O.T. Corp» не адмаўляе арганізацыю трэніровачных лягераў з удзелам беларускіх школьнікаў.

Адказваючы на пытаньне Свабоды наконт рэакцыі беларускіх уладаў на іхнюю дзейнасьць, Камаляткін сказаў:

Міхаіл Камаляткін

Міхаіл Камаляткін

«Нас вельмі турбуе, што ўлады Беларусі недастаткова супрацьдзейнічаюць радыкальным празаходнім сілам, якія ўсё больш актыўна падрыхтоўваюць паўтор украінскага Майдану ў сваёй краіне. З гэтай жа прычыны ў беларускай улады няма ніякіх аб’ектыўных падстаў для процідзеяньня нашай дзейнасьці ў вашай краіне, зразумела, якая праводзіцца з выразным выкананьнем усіх яе законаў».

Кіраўніцтва «E.N.O.T. Corp» ухілілася ад адказу на пытаньне, зь якімі канкрэтна беларускімі клюбамі і арганізацыямі яны супрацоўнічаюць, адзначыўшы толькі, што ім цікавыя любыя клюбы і арганізацыі, якія падзяляюць іхнія погляды.

Што тычыцца мерапрыемстваў, якія праводзяцца «E.N.O.T. Corp», то яны падзяляюцца на рэгулярны трэнінг і вялікія квартальныя зборы.

«На дадзены момант мы праводзім адны буйныя зборы ў квартал — гэта значыць чатыры мерапрыемствы ў год, імкнучыся кожны раз павышаць узровень (прыцягваць больш удзельнікаў, набіраць добры інструктарскі склад і даваць якасны матэрыял, які ўжываецца ў рэальных умовах). Таксама мы праводзім рэгулярныя трэніроўкі для юнакоў і дзяўчат, якія выказалі жаданьне супрацоўнічаць з намі на сталай аснове — гэта значыць гатовыя да моманту абзавядзеньня ўласнымі сем’ямі стаць паўнавартаснымі сябрамі нашай абшчыны. У абодвух выпадках упор у праграме ваенна-патрыятычнага выхаваньня робіцца ня толькі і ня столькі на фізычнае разьвіцьцё, але і на здаровыя традыцыйныя каштоўнасьці як падмурак дзяржаўнасьці», — сказаў прадстаўнік «E.N.O.T. Corp».

Па словах Камаляткіна, «E.N.O.T. Corp» пакуль не праводзіў мерапрыемстваў у Беларусі, але ня супраць гэтым заняцца.

«Пакуль не праводзілі. Але калі запросіце, з задавальненьнем арганізуем зборы, форумы процідзеяньня празаходняй радыкальнай апазыцыі і іншыя карысныя для дзяржавы мерапрыемствы. Таксама мы будзем ня супраць правядзеньня такіх мерапрыемстваў у любых іншых краінах — зразумела, пры адабрэньні і матэрыяльнай падтрымцы з боку адміністрацыі», — сказаў ён.

«Мы гатовыя аказаць усялякую падтрымку такім арганізацыям на тэрыторыі Беларусі»

Камаляткін падкрэсьлівае, што сьветапогляд «E.N.O.T. Corp» базуецца на традыцыйных каштоўнасьцях — вера, сям’я, абшчына, дзяржава. Сябе «яноты» называюць не нацыстамі ці фашыстамі, а патрыётамі. Яны лічаць індывідуалізм страшным злом, а абшчыннасьць — натуральным станам чалавечага грамадзтва.

Камаляткін кажа, што як такіх філіялаў «E.N.O.T. Corp» у Беларусі «няма і быць ня можа», бо сама ідэя стварэньня абшчын не прадугледжвае такога фармату працы. А вось прыхільнікі «янотаў» у Беларусі ёсьць.

«Яноты — гэта назва канкрэтнай абшчыны, якая дысьлякуецца ў Маскве і Маскоўскай вобласьці. Што тычыцца прыхільнікаў, то цалкам натуральна, што нашы перакананьні падзяляе велізарная колькасьць людзей па ўсім сьвеце. Так, напрыклад, у афіцыйнай групе „янотаў“ „Укантакце“ больш за сотню падпісчыкаў зь Беларусі, а на афіцыйным Youtube-канале больш за 30 тысяч праглядаў з гэтай тэрыторыі. Патэнцыйна ж нашымі сябрамі ў Беларусі мы лічым усіх беларускіх патрыётаў і прыхільнікаў традыцыйных каштоўнасьцяў», — адзначаюць у арганізацыі.

На пытаньне пра будучыя пляны і праекты «E.N.O.T. Corp» у Беларусі Камаляткін адказаў няпэўна, адзначыўшы, што на дадзены момант для іх першарадную значнасьць маюць унутраныя праблемы Расеі. Між тым ён дадаў:

«Калі дапусьціць, што частка нашай абшчыны ці самастойная дружалюбная арганізацыя пражывае на вашай тэрыторыі, то для яе сапраўды гэтак жа будзе важная абарона і ўмацаваньне дзяржаўнага ладу як гаранта ўласнага выжываньня і разьвіцьця. Мы гатовыя надаць усялякую падтрымку такім арганізацыям як на тэрыторыі Беларусі, так і ў іншых краінах СНД».

Агульныя інтарэсы Беларусі і Расеі арганізацыя «E.N.O.T. Corp» бачыць у «супрацьдзеяньні заходняй экспансіі ў Эўропе».

«Мы цалкам можам дапусьціць супрацоўніцтва або абʼяднаньне нашых краін у той ці іншай форме, але рашэньне такіх глябальных пытаньняў ляжыць па-за нашай кампэтэнцыяй — яны павінны абмяркоўвацца кіраўнікамі дзяржаў, а рашэньне аб гэтым павінны прымаць сувэрэнныя народы... Мы вядзем пастаянную барацьбу зь сіламі, якія імкнуцца падзяліць і зьнішчыць славян, ператварыць нас з народа ў насельніцтва, прымусіць адмовіцца ад здаровых каштоўнасьцяў на карысьць так званага гуманізму і талерантнасьці. Менавіта ў гэтым мы бачым агульную будучыню Беларусі і Расеі», — кажа прадстаўнік «E.N.O.T. Corp».

«Яноты»-баевікі

«E.N.O.T. Corp» мае рэпутацыю ўльтрарадыкальнай паўфашысцкай структуры. Яе аснову склалі дзьве расейскія нацыянальна-патрыятычныя структуры: асацыяцыя «Рэзэрв» і грамадзкая арганізацыя «Сьветлая Русь». Да вайны на Данбасе байцы «E.N.O.T. Corp» у асноўным займаліся барацьбой зь нелегальнай міграцыяй у Расеі (як кажуць пра сябе самі «яноты», «арганізоўвалі нашу моладзь на чыстку вуліц ад усякай брыдоты»). «E.N.O.T. Corp» ня толькі рэгулярна праводзіць ваенныя зборы для дзяцей і моладзі, але яшчэ і мае сваё стала дзейнае ваенізаванае моладзевае падразьдзяленьне.

З пачаткам вайны на Данбасе баевікі «E.N.O.T. Corp» актыўна прымалі ўдзел у баявых дзеяньнях на фронце, а таксама выконвалі контравыведныя функцыі ў тыле сэпаратыстаў і выведныя — ва ўкраінскім тыле (гэтая інфармацыя зьмяшчаецца ў роліку «янотаў» на іхнім афіцыйным канале ў Youtube).

Паводле неафіцыйных сьведчаньняў, на базе гэтай нацыяналістычнай структуры дзейнічае паўнавартасная прыватная вайсковая кампанія — паўлегальнае ўзброенае падразьдзяленьне, якое курыруецца ФСБ. Прычым байцы «E.N.O.T. Corp» ваююць ня толькі ва Ўкраіне, але і ў Сырыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG