Лінкі ўнівэрсальнага доступу

І чаму для яе важна ня толькі пераканаць, але і заблытаць? Фінскі «Інстытут міжнародных спраў» апублікаваў даклад пад назвай «Туман хлусьні. Расейская стратэгія падману і канфлікт ва Ўкраіне».

Фінскі «Інстытут міжнародных спраў», заснаваны парлямэнтам гэтай краіны ў 2006 годзе, апублікаваў даклад пад назвай «Туман хлусьні. Расейская стратэгія падману і канфлікт ва Ўкраіне». 300-старонкавая навуковая праца аналізуе ня столькі прапагандысцкія прыёмы, якія выкарыстоўваюцца расейскімі ўладамі з пачатку ўкраінскай «Рэвалюцыі годнасьці», колькі агульную стратэгію татальнай дэзінфармацыі, прынятую на ўзбраеньне расейскімі дзяржаўнымі і калядзяржаўнымі СМІ, а таксама чыноўнікамі.

Аўтары дакладу (поўны тэкст, .pdf, англ.) сфакусаваліся на расейскай прапагандзе ў Эўропе — Эстоніі, Фінляндыі, Швэцыі, Вугоршчыне, Польшчы, Славаччыне, Чэхіі і Нямеччыне. Значная частка працы прысьвечана афіцыйным заявам расейскіх чыноўнікаў, арыентаваным на зьнешнюю аўдыторыю. Галоўны тэрмін, які выкарыстоўваецца ў дакладзе, — «мэтанаратывы». Гэта тэзісы, якія ўпарта і сыстэмна прасоўваліся расейскімі ўладамі ў ключавыя моманты расейска-ўкраінскага канфлікту — падчас падрыхтоўкі «рэфэрэндуму» аб далучэньні Крыму, пасьля пачатку вайны ў Данбасе, пры расьсьледаваньні катастрофы «Боінга» малайзійскіх авіяліній пад Данецкам.

Прапагандысцкі плякат з "укрыжаваным салдатам" часоў Першай сусьветнай вайны

Прапагандысцкі плякат з "укрыжаваным салдатам" часоў Першай сусьветнай вайны

З аднаго боку, прыёмы прапаганды ня моцна зьмяніліся з часоў Першай сусьветнай вайны, адзначаецца ва ўступе да дакладу. У прыклад прыводзіцца фэйкавая гісторыя «ўкрыжаванага канадзкага салдата», якая дазволіла прыцягнуць дадатковых салдат-добраахвотнікаў у войска саюзьнікаў. Прайшло роўна 100 гадоў, і ўжо Расея выкарыстоўвае з той самай мэтай вобраз «укрыжаванага хлопчыка» — менавіта сюжэт пра «зьверствы карнікаў у Славянску», па ўспамінах некаторых добраахвотнікаў, прымусіў іх узяць зброю і паехаць на вайну ва Ўкраіну. Зь іншага боку, за сто гадоў многае зьмянілася — зьявіўся інтэрнэт (хоць сацыяльныя сеткі не былі аб’ектам дасьледаваньня аўтараў дакладу), іншыя сродкі камунікацыі. Гэта шмат у чым і спарадзіла новую стратэгію, якую выкарыстоўвае Расея — ня толькі прасоўваць любой цаной тыя або іншыя ідэалягічныя тэзісы, але і заблытаць спажыўца інфармацыі, выклікаць у ім сумневы мноствам супярэчных адны адным вэрсій і тлумачэньняў той або іншай падзеі.

Што такое «мэтанаратыў»? Гэта словы, тэма, пасыл, якія «апісваюць мінулае, разважаюць пра сучаснасьць і прапануюць вобраз будучыні», гаворыцца ў дакладзе. Тыповы прыклад мэтанаратыву — словазлучэньне «прыхільнік фэдэралізацыі», якое актыўна выкарыстоўвалася ў расейскіх СМІ ў пачатку канфлікту ў Данбасе. Задача распаўсюджваць гэтыя мэтанаратывы застаецца на парадку дня расейскай прапагандысцкай машыны, — распавядае адзін з аўтараў дакладу, доктар навук, супрацоўніца фінскага «Інстытуту міжнародных справаў» Катры Пінаніемі, зь якой пагаварыў наш калега з Расейскай службы РС Марк Крутаў:

— Здавалася б, прыёмы расейскай прапаганды, якія выкарыстоўваліся і выкарыстоўваюцца пасьля пачатку падзей на Украіне, добра вядомыя. Што новага вы адкрылі для сябе ў працэсе падрыхтоўкі гэтага дакладу?

— Для мяне і іншых аўтараў гэтага дакладу ў працэсе яго падрыхтоўкі стала сюрпрызам ўсьведамленьне таго, наколькі сыстэмная ў Расеі практыка выкарыстаньня пэўных мэтанаратываў. Палітыкі і чыноўнікі выкарыстоўваюць у сваіх афіцыйных заявах тыя самыя тэрміны і вобразы, якія выкарыстоўваюцца ў падкантрольных уладам СМІ. Прычым гэтыя вобразы спачатку ўкараняюцца для ўнутранай аўдыторыі, унутры Расеі, а затым — для вонкавай. У зьнешнім асяродзьдзі яны дзейнічаюць ня так моцна, як ва ўнутранай, але ўсё ж працуюць, паколькі многія заходнія СМІ падаюць гэта як «другі пункт гледжаньня» на канфлікт.

— Які пэрыяд ахоплівае ваша дасьледаваньне?

Месца падзеньня "Боінга" пад Данецкам, 20 ліпеня 2014 году

Месца падзеньня "Боінга" пад Данецкам, 20 ліпеня 2014 году

— У цэнтры ўвагі былі чатыры падзеі 2014 году. Першая — гэта так званы рэфэрэндум у Крыме, за якім адбылася яго незаконная анэксія Расеяй. Другая — падзеі ў Адэсе 2 траўня. Трэцяя — катастрофа «Боінга» пад Данецкам. Чацьвёртая — падзеі жніўня 2014 году ў Данбасе (на гэты пэрыяд прыпадае актыўны наступ сэпаратыстаў на пазыцыі Ўзброеных сілаў Украіны, у выніку якога кантраляваная ўкраінскімі ўладамі тэрыторыя рэзка паменшылася). Гэты выбар зьвязаны зь дзьвюма акалічнасьцямі: па-першае, мы хацелі засяродзіцца на расейска-ўкраінскім канфлікце, а па-другое, трэба было неяк абмежаваць аб’ём досьледнага матэрыялу.

— У назьве вашага дакладу гаворыцца аб стратэгічным падмане. Што маецца на ўвазе? Вы лічыце, што ў Расеі з самага пачатку канфлікту з Украінай была нейкая стратэгія дэзынфармаваньня?

— І так, і не. «Стратэгічны падман» — гэта шырока ўжываны тэрмін. Ён выкарыстоўваецца і на Захадзе, але мацней за ўсё ён укараніўся ў расейскім мілітарызаваны мысьленьні, таму, як мне падалося, ён найбольш надаецца для выкарыстаньня ў нашай працы. Акрамя таго, гэты тэрмін, безумоўна, падкрэсьлівае, што пэўная каардынацыя ёсьць, што ставяцца канкрэтныя мэты. Аднак гэта зусім ня значыць, што ўсё заўсёды выконваецца на высокім узроўні, што мэханізм працуе ідэальна і зладжана. Таксама важна адзначыць, што прапагандаваныя прапагандай пасылы, наратывы часьцяком супярэчлівыя. Гэта, з аднаго боку, было б праблемай для такой стратэгіі. З другога боку, калі зірнуць шырэй, гэта і стварае патрэбную блытаніну. У любым выпадку, я ня думаю, што ад расейскай прапаганды варта чакаць просталінейнасьці.

— Выходзіць, што галоўная зброя расейскай прапаганды, калі параўноўваць яе з прапагандай у СССР, — яе калейдаскапічнасьць?

У савецкай і расейскай прапаганды шмат агульнага

— І зноў — і так, і не. Як мне здаецца, галоўнае адрозьненьне ляжыць у вобласьці выключна ідэалягічнага кантэнту, якога цяпер ня так шмат. Зь іншага боку, у савецкай і расейскай прапаганды шмат агульнага, напрыклад, часьцяком выкарыстоўваюцца тыя самыя наратывы, што і ў савецкі час. Напрыклад, Расея, як і СССР, уяўляецца ў якасьці мірнай і неагрэсіўнай краіны, тым часам як Захад паўстае агрэсіўным і ваяўнічым. Для таго, каб разабрацца, якія элемеэнты савецкай прапаганды цяпер выкарыстоўваюцца ў Расеі і як гэта адбываецца, трэба асобнае дасьледаваньне.

— Якія асноўныя мэтанаратывы расейскай прапаганды? Як яны пабудаваныя?

Удзельнікі акцыі "За фэдэралізацыю Ўкраіны", Луганск, 29 траўня 2014 году

Удзельнікі акцыі "За фэдэралізацыю Ўкраіны", Луганск, 29 траўня 2014 году

— Яны пабудаваныя паводле прынцыпу актыўнай / пасіўнай дыхатаміі. Калі браць гісторыю з Крымам, ёсьць мэтанараттыў аб «геапалітычна агрэсіўным Захадзе», «які спрабуе стварыць хаос». А побач — гісторыя пра Расею, якая мае рацыю, дзеяньні якой легітымныя. І ўсё гэта дапаўняецца ключавым паняцьцем «рэфэрэндуму», волевыяўленьня народу. Жыхары Крыму паказваюцца як суб’ект палітыкі, які мае ўласнае меркаваньне. Пазьней падобная структура была выкарыстана ў Данбасе, дзе ключавым словам стала «фэдэралізацыя», а галоўным наратывам — «Наваросія», «гістарычна цесна зьвязаная з Расеяй». Увогуле, такіх мэтанаратываў некалькі, і я яшчэ ня згадваю пра тыя, у якіх літаральна дэманізаваліся ўкраінскія ўлады, уся Ўкраіна ў цэлым.

— Пасьля катастрофы «Боінга» пад Данецкам расейскія СМІ пачалі вылучаць адну за адной самыя супярэчлівыя тэорыі пра прычыны таго, што здарылася. Гэта таксама было часткай стратэгіі — заблытаць, адбіць жаданьне высьветліць праўду, вываліўшы на стол некалькі супярэчлівых і часам відавочна беспадстаўных тэорый?

Задачай было пераканаць людзей, што ніякай асноўнай вэрсіі няма, напоўніць інфармацыйную прастору зусім неверагоднымі гісторыямі

— Так, іх асноўнай задачай было пераканаць людзей, што ніякай асноўнай вэрсіі няма, напоўніць інфармацыйную прастору зусім неверагоднымі гісторыямі. Часам гэтыя гісторыі мудрагеліста камбінаваліся з элемэнтамі асноўнай вэрсіі, распаўсюджанай на Захадзе. У любым выпадку, галоўнай і адзінай мэтай усяго гэтага было паказаць, што так або інакш у катастрофе вінаватая Ўкраіна.

— Ці можна казаць, што Расея мела посьпех у выкарыстаньні гэтай стратэгіі?

— Калі ўлічыць, як доўга працягвалася гэтая вайна, — то так. Пра гэты посьпех кажа і той факт, што Расеі даволі доўга ўдавалася захоўваць пасіўнае стаўленьне многіх краін да гэтага канфлікту. Я не хачу сказаць, што ўсё было б добра, калі б усе заходнія краіны адразу далі Ўкраіне зброю, напрыклад. Гэта складаная гісторыя, і яна не вычэрпваецца такімі простымі тлумачэньнямі. Але на ўплыў прапаганды ў падобных сытуацыях варта паглядзець пільней ў наступных дасьледаваньнях. Напрыклад, паспрабаваць зразумець, ці маглі санкцыі супраць Расеі быць больш суровымі, калі б не расейская прапаганда, прызначаная для краін Захаду. Мы толькі ўбачылі, прааналізаваўшы газэты і тэлебачаньне (мы ня бралі ў разьлік сацыяльныя сеткі), што ў заходніх журналістаў адбыўся працэс «саманавучаньня». У нейкі момант яны пачалі заўважаць гэтыя расейскія мэтанаратывы, суадносіць іх з рэальнымі падзеямі і, адпаведна, браць гэта пад увагу ў сваёй працы, мець гэта на ўвазе пры выкарыстаньні той або іншай інфармацыі. Асабліва пры аналізе і цытаваньні афіцыйных заяваў прадстаўнікоў расейскіх уладаў.

— Вы жывяце і працуеце ў Фінляндыі. Ці шмат на каго ў вашай краіне падзейнічалі гэтыя мэтанаратывы расейскай прапаганды?

— Я не магу адказаць на гэтае пытаньне, бо я не праводзіла такога дасьледаваньня. Калі казаць пра людзей, якіх я ведаю асабіста — вядома, не, таму што яны былі ў стане аб’ектыўна зразумець і ацаніць тое, што адбываецца. Асноўнай задачай расейскай прапаганды, як мы высьветлілі ў працэсе нашай працы, было паказаць, што Расея наогул ня мае да таго, што адбываецца ва Ўкраіне ніякага дачыненьня. На прыкладзе Фінляндыі я магу сказаць, што посьпеху ў гэтым Расеі дасягнуць не ўдалося.

— Ваша праца канчаецца свайго роду рэцэптамі абароны ад расейскай прапаганды, ад стратэгіі падману і заблытваньня. Якія яны?

Савецка-фінская вайна, сьнежань 1939 году. Байцы Чырвонай Арміі абстрэльваюць фінскія ўмацаваньні з гарматы

Савецка-фінская вайна, сьнежань 1939 году. Байцы Чырвонай Арміі абстрэльваюць фінскія ўмацаваньні з гарматы

— На жаль, хуткага спосабу скончыць з гэтым і цалкам пазбавіцца ад яе ўплыву не існуе. Доўгатэрміновы рэцэпт — паляпшаць сваю адукацыю, напрыклад, цікавіцца гісторыяй краін, якія цябе атачаюць. Тады вам не патрэбен будзе экспэрт, вы і так адразу зразумееце, што справы ідуць ня так, як вас пераконвае прапаганда. Я хачу сказаць, што на Захадзе мала ведалі наогул пра Ўкраіну, пра тое, што там адбываецца, пакуль не пачаліся ўсе гэтыя падзеі. Гэта адзін з фактараў, які дазволіў людзям зь лёгкасьцю паверыць у тое, у што інакш яны б ніколі не паверылі. Але гэта павінна пачынацца са школы, гэта патрабуе зьмен у самой сыстэме адукацыі, так што гэта ня хуткая справа.

— Але нейкі хуткі водгук з боку фінскіх мэдыяў на расейскую прапаганду быў?

— Галоўным вынікам стала тое, што цяпер увага да гэтай праблемы ў Фінляндыі і іншых краінах знаходзіцца на зусім іншым узроўні. Выдаюцца кнігі, праводзяцца іншыя навуковыя дасьледаваньні, запрошаныя экспэрты ладзяць трэнінгі для журналістаў і рэдактараў, падчас якіх вучаць іх — не стасоўна Расеі або нейкай іншай канкрэтнай краіны — як крытычна ацэньваць інфармацыю з афіцыйных крыніц і мэдыяў у іншых краінах, як распазнаваць хлусьню і маніпуляцыі. Гэты працэс пачаты, і ён працягваецца, — кажа Катры Пінаніемі.

У многіх заходніх СМІ з пачаткам падзей ва Ўкраіне проста не знайшлося імунітэту супраць выдасканаленай расейскай тактыкі хлусьні, якая падаецца ў якасьці «другога меркаваньня», — адзначаюць аўтары дакладу фінскага Інстытуту міжнародных спраў. Прычым гэта тычыцца ня толькі тых СМІ, якія ў сілу іх палітычнай арыентацыі можна ўмоўна назваць блізкімі да Расеі. Расейская прапагандысцкая машына таксама не стаіць на месцы і пастаянна ўдасканальваецца — адкрыта маніпуляцыйныя тэрміны, такія як «украінскія карнікі», паступова выходзяць з абароту, саступаючы месца больш выдасканаленым і замаскіраваным наратывам. Тым ня менш, гэтыя два гады паказалі, што ўплыў прапаганды далёка не бязьмежны — «ніякі туман хлусьні ня здольны пранікнуць скрозь трывалыя муры падмацаваных фактамі ведаў і цьвёрдую прыхільнасьць сваім каштоўнасьцям».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG