Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чынгачгук і маршал Сакалоўскі


Гойка Міціч у ролі маршала Сакалоўскага
Гойка Міціч у ролі маршала Сакалоўскага

Пяцьдзесят гадоў таму на экраны выйшаў першы «індзейскі» фільм з удзелам куміра майго пакаленьня Гойкі Міціча.

Пра Гойку Міціча ў Горадні мне нечакана нагадвае бюст маршала Сакалоўскага на Савецкай вуліцы. Югаслаўскі актор, смуглявы, з «бронзавай» скурай, здавалася, сам ператварыўся ў індзейца і іншыя ролі яму не пагражалі. Аднак вечны індзеец раптам апынуўся ў савецкім маршальскім мундзіры… Фільм, у якім ён зьняўся, быў прысьвечаны падзеям народнага паўстаньня ў Бэрліне ўлетку 1953-га (яно адбылося і ў іншых гарадах). Але пры чым тут Сакалоўскі? Ён служыў у Маскве начальнікам генштабу. Ясна: нямецкія сцэнарыст, рэжысэр працавалі з архівамі. Але мне нічога не ўдавалася знайсьці. Пакуль не натрапіў на ўспаміны былога прадстаўніка СССР у Нямеччыне Ўладзіміра Сямёнава.

Аказваецца, маршал Сакалоўскі прыбыў загадзя на месца падзеяў — у Бэрлін. Загадаў адсунуць ад заходняй мяжы бранятанкавыя войскі, баяўся, каб раптоўна не дайшло да новай вайны. Былы пасол называў яго мудрым і абачлівым. У сам Бэрлін былі сьцягнутыя шэсьцьсот савецкіх танкаў. Але загадвалі камандуючы Грэчка і Берыя, які таксама прыляцеў.

Самыя моцныя сутыкненьня на вуліцах нямецкай сталіцы адбыліся 17 ліпеня 1953-га. Сямёнаў напісаў пра той дзень: «Я і Сакалоўскі, маючы надзвычайныя паўнамоцтвы, парушылі ўказаньне Масквы і загадалі адкрыць агонь вышэй дэманстрантаў, а не па людзях». І нібыта Хрушчоў зь імі пагадзіўся, хоць яны парушылі рашэньне Палітбюро.

Ясна: што было, тое было. Але мне больш прыемна хадзіць па вуліцы міма помніка чалавеку, які мог дзейнічаць жорстка, не зважаючы на ахвяры, але які ўсё ж стараўся рабіць крыху інакш, наколькі гэта было магчыма. І ролю якога выканаў мой любімы ў дзяцінстве актор Гойка Міціч.

Міціч быў сапраўды «галоўным індзейцам» ГДР-аўскай кінастудыі «ДЭФА». Цяперашняя моладзь яго можа ня ведаць. Але ў нашы школьныя гады, калі паказвалі бясконцыя фільмы пра вайну, зьнянацку пайшлі адны за адным — пра індзейцаў. Першым стаў «Сыны Вялікай мядзьведзіцы» (1966). Іх здымалі ў ГДР, у Югаславіі, потым у СССР. Сам Гойка Міціч прызнаўся, што аднойчы нават здымаўся ў Менску (не сказаўшы, у якой стужцы).

Наша сям’я якраз прыехала тады ў ГДР (дзе я правучыўся ў школе пяць гадоў) і мы хадзілі ў мястэчка, дзе ў вітрынах невялікага кінатэатру было поўна здымкаў зь «індзейскіх» кінафільмаў, чорна-белых, але рэзкіх. Я марыў пра такі здымак з Гойка Міцічам.

Гойка Міціч у ролі Чынгачгука
Гойка Міціч у ролі Чынгачгука

Што да Сакалоўскага, у яго ў галаве бывала месца рыцарскім часам. Нашчадкі распавядаюць, што ў 1943-м ён прыдумаў панцырныя гарсэты для салдат, бачачы, колькі іх гіне ў бліжнім баю. Даслаў чарцяжы на маскоўскі завод, і там сапраўды зрабілі рэч, якая дапамагала ацалець. Сакалоўскі зважаў на сярэднявечныя кірасы, прыдумаўшы элемэнтарныя бронекамізэлькі, кажуць нашчадкі. Жыцьцё салдатаў не было яму абыякавым. Быў ён, між іншым, беларусам.

Калі немцы падпісалі акт аб капітуляцыі, за сталом перамоваў з савецкага боку сядзелі Жукаў і Сакалоўскі. Фэльдмаршал Мантгомэры ўручыў апошняму крыж рыцара ордэна Брытанскай імпэрыі.

Пасьля вайны Сакалоўскі ўзначальваў савецкія войскі і вайсковую адміністрацыю ў акупаванай Нямеччыне. Маршальскі бюст цяпер стаіць у Горадні на месцы сталінскага. Лічаць, што паставіў ці «прабіў» яго сын маршала, які сам быў генэралам.

Бюст маршала Сакалоўскага ў Горадні
Бюст маршала Сакалоўскага ў Горадні

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG