Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэйвід Полік сыдзе з пасады рэктара ЭГУ ў канцы лета


Дэйвід Полік

Дэйвід Полік

Пра адстаўку рэктара Дэйвіда Поліка афіцыйна паведаміла выканаўца абавязкаў старшыні Кіроўнай рады Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Эн Лонсдэйл.

У ЭГУ паведамілі, што яшчэ ў лістападзе 2015 году нібыта было атрыманае пацьверджаньне, што Полік зьбіраецца пакінуць унівэрсытэт «згодна зь першапачатковым плянам». Новы рэктар мае зьявіцца ўвосень.

Выканаўца абавязкаў старшыні Кіроўнай рады Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту Эн Лонсдэйл абвясьціла, што прафэсар Дэйвід Полік завершыць сваё знаходжаньне на пасадзе рэктара ЭГУ ў канцы лета.

Пошук новага рэктара пачнецца ў канцы траўня і, як спадзяецца ЭГУ, завершыцца адборам кандыдата-фіналіста ў верасьні 2016 году — новы рэктар зможа прыступіць да выкананьня абавязкаў ужо напачатку наступнага навучальнага году.

Сыход Поліка быў заплянаваны раней

Дэйвід Полік, як паведамляе Лонсдэйл, яшчэ ў лістападзе 2015 году пацьвердзіў тагачаснаму старшыню Кіроўнай рады Даніэлю Таршысу намер завершыць двухгадовы тэрмін працы «згодна зь першапачатковым плянам» увесну 2016 году. Але Полік «ласкава пагадзіўся» працягнуць тэрмін працы да канца навучальнага году, каб завяршыць працэс стратэгічнага плянаваньня і распрацоўкі новага агульнаўнівэрсытэцкага блёку курсаў, а таксама даць магчымасьць ажыцьцяўленьня прафэсійнага міжнароднага пошуку новага рэктара.

Для нас — Кіроўнай рады — заўсёды было відавочна, што прафэсар Полік меў намер працаваць тут толькі два гады.

«Для нас — Кіроўнай рады — заўсёды было відавочна, што прафэсар Полік меў намер працаваць тут толькі два гады, — кажа Лонсдэйл. — Я таксама вельмі ўдзячная за тое, што ён пагадзіўся застацца на больш працяглы тэрмін, пакуль новы рэктар ня ўступіць у пасаду».

Чаго дамогся Полік — вэрсія ЭГУ

Лонсдэйл кажа, што на Поліка былі ўскладзеныя абавязкі стварэньня і ажыцьцяўленьня стратэгічнага пляну разам з «разузбуйненьнем» унівэрсытэту ў адказ на зьмяншэньне колькасьці студэнтаў і неабходнасьцю падвышэньня эфэктыўнасьці выдаткаў. І гэтыя задачы, кажа яна, будуць завершаныя да ягонага сыходу летам.

За час свайго знаходжаньня на пасадзе рэктара, заяўляе ЭГУ, Полік выканаў задачы прывядзеньня ўнівэрсытэту ў адпаведнасьць з працоўным заканадаўствам Літвы, пасьпяховай пераакрэдытацыі ўнівэрсытэту, перапрацоўкі Статуту ўнівэрсытэту, стварэньня новай «партыцыпаторнай» структуры кіраваньня і «партыцыпаторнага» бюджэтнага працэсу (ад анг. participate — браць удзел), рэструктурызацыі кіраўніцтва, бюджэтнага скарачэньня звыш 25% апэрацыяў, аўтсорсінгу ІТ-паслугаў і ўдзел у пяці аўдытах унівэрсытэцкіх і фінансавых працэдураў.

Чаго дамогся Полік — вэрсія аўдытараў

Навіна пра адстаўку Поліка зьявілася неўзабаве пасьля публікацыі справаздачы аб дзейнасьці ЭГУ, зробленай міжнароднай кампаніяй Deloitte, у якой гаварылася пра надзвычай высокія заробкі і траты Поліка на пасадзе рэктара. ЭГУ ня згадвае справаздачу ў паведамленьні пра Поліка, раней крытыкавала гэты аўдыт.

Deloitte сьцьвярджае, што атрымала копіі рахункаў, якія спадар Полік нібыта адсылаў аднаму з былых донараў ЭГУ ў парушэньне правілаў ЭГУ. Сярод выдаткаў ЭГУ кампанія зьвяртае ўвагу на транспартныя і працоўныя выдаткі Поліка і іншых кіраўнікоў ЭГУ, якія за адзін толькі ліпень 2015 году на дваіх чалавек склалі 52 080 даляраў. У час выбараў рэктара Поліку быў прызначаны гадавы заробак у 229 560 эўра, але калі той стаў рэктарам, заробак зьнізіўся да 60 тысяч эўра на год плюс прэміі да максымум 30 тысяч эўра.

Deloitte зьвяртае ўвагу на непразрыстасьць выбараў рэктара і абраньне Поліка нягледзячы на адсутнасьць досьведу працы ў постсавецкіх краінах, у тым ліку і адсутнасьць валоданьня беларускай і расейскай мовамі.

Таксама Deloitte зьвяртае ўвагу на непразрыстасьць выбараў рэктара і абраньне Поліка нягледзячы на адсутнасьць досьведу працы ў постсавецкіх краінах, у тым ліку і адсутнасьць валоданьня беларускай і расейскай мовамі (мовы былі адзначаныя самім Выбарчым камітэтам як прыярытэтныя пры абраньні).

Справаздача магла стаць прычынай ці адной з прычынаў спыненьня фінансаваньня ЭГУ Паўночнай радай, хоць сама Рада называе іншыя прычыны: неабходнасьць рэструктурызаваць бюджэт, каб вызваліць сродкі для праграмаў інтэграцыі ўцекачоў і імігрантаў, абмеркаваньне ролі і стратэгіі ЭГУ ды «неаднаразовыя ўнутраныя падзелы» ў ЭГУ.

Полік: «Для мяне гэта было вялізнай асалодай»

Сам Дэйвід Полік у прэс-рэлізе заяўляе пра свой сыход наступнае:

«Для мяне было вялізнай асалодай і вялікім гонарам працаваць поплеч і ад імя столькіх людзей, адданых справе абароны і прасоўваньня сапраўдных каштоўнасьцяў Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту ў такі важны момант у яго новай гісторыі. Ідэі прэзыдэнта акадэміка Анатоля Міхайлава пра эўрапейскую дэмакратычную адукацыю для яго роднай краіны Беларусі, таксама як і сяброўства зь ім, былі і застаюцца для мяне крыніцай натхненьня і дарагія мне асабіста.

Я вяртаюся ў Амэрыку зь яшчэ большым разуменьнем своечасовасьці, актуальнасьці і значнасьці місіі ЭГУ ў той час, калі каштоўнасьці праўды і свабоды падвяргаюцца нападкам адразу па некалькіх напрамках у рэгіёне.

Я вяртаюся ў Амэрыку зь яшчэ большым разуменьнем своечасовасьці, актуальнасьці і значнасьці місіі ЭГУ ў той час, калі каштоўнасьці праўды і свабоды падвяргаюцца нападкам адразу па некалькіх напрамках у рэгіёне. Я вярнуся дадому толькі з найлепшымі пажаданьнямі і найвялікшай надзеяй, што ўсе гэтыя непахісныя, моцныя і добрыя людзі будуць працягваць — праз сапраўдную адукацыю — супрацьстаяць невуцтву і своекарысьлівасьці тых, хто заўсёды будзе пагражаць пэрспэктыве асабістых, палітычных і грамадзкіх пераменаў».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG