Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Рэваншысцкімі» назваў паводзіны Расеі намесьнік міністра абароны ЗША


Нарвэскі самалёт суправаджае расейскі СУ-34 над Паўночным морам у лістападзе 2014 году

Нарвэскі самалёт суправаджае расейскі СУ-34 над Паўночным морам у лістападзе 2014 году

Вашынгтон мае намер павялічыць колькасьць амэрыканскіх сіл у Эўропе. Намесьнік міністра абароны ЗША заявіў пра небясьпеку, якую ўяўляе Расея.

«Рэваншысцкімі» назваў паводзіны Расеі ў сьвеце намесьнік міністра абароны ЗША Боб Уорк.

Выступаючы ў чацьвер у Вашынгтоне на канфэрэнцыі, прысьвечанай амэрыкана-нарвэскаму абароннаму супрацоўніцтву, ён заявіў пра тое, што Расея ідзе па шляху «канфрантацыі, агрэсіі і прымусу».

«У 2012 годзе мы лічылі, што ўступілі на шлях партнэрства з Расеяй і адпаведна скарацілі колькасьць двух бранятанкавых брыгад у Эўропе. Але праз два гады Расея анэксавала Крым, дэстабілізавала становішча ва ўсходняй Украіне; яна займаецца ядзерным шантажом і пагражае Румыніі і Польшчы за тое, што тыя разьмяшчаюць у сябе сыстэмы супрацьракетнай абароны», — сказаў Уорк. — Да 2017 году сілы Злучаных Штатаў у Эўропе зноў дасягнуць эквіваленту цэлай дывізіі, чаго не было з часоў заканчэньня «халоднай вайны».

Адзін з кіраўнікоў Міністэрства абароны ЗША таксама адзначыў пачашчэньне ў апошні час «безадказных і непрафэсійных» дзеяньняў расейскіх самалётаў і караблёў.

Акрамя Расеі, паводле яго слоў, неспакой ЗША выклікаюць дзеяньні КНР у Паўднёва-Кітайскім моры, працы, якія вядзе Паўночная Карэя ў ракетна-ядзернай галіне, «згубны» ўплыў Ірану на сытуацыю ва ўсім рэгіёне Пэрсыдзкага заліву, міжнародны тэрарызм і дзейнасьць тэрарыстычнай сеткі «Ісламская дзяржава» ў Іраку, Сырыі і Ліване. Паводле слоў намесьніка міністра абароны, НАТО па ўсім сваім пэрымэтры сутыкаецца сёньня з рознымі праблемамі: ад паводзінаў Расеі да міграцыйнага крызісу, які выбухнуў на паўднёвых рубяжах трансатлянтычнага абарончага саюза і быў справакаваны экстрэмізмам і тэрарызмам. «Стратэгічная абстаноўка ў бліжэйшыя 25 гадоў будзе ашаламляльна адрозьнівацца ад той, якая існавала на працягу апошняй чвэрці стагодзьдзя», — падкрэсьліў Боб Уорк.

XS
SM
MD
LG