Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінцы адзначылі Дзень вышыванкі ў Менску


У рэспубліканскім Цэнтры нацыянальных культураў гучалі ўкраінскія сьпевы і вершы.

Ва Ўсясьветны дзень вышыванкі, які адзначаўся 19 траўня, у Менску прайшоў канцэрт «Дзень украінскай вышыванкі». У Цэнтры нацыянальных культураў выступіў украінскі хор «Криниця» і запрошаныя госьці. Гучалі як украінскія вершы і песьні, прысьвечаныя народным строям (вечар адкрыла «Два кольори»), так і «невышыванкавыя», у тым ліку купальскія і велікодныя ўкраінскія і беларускія песьні. І мяркуючы па тым, хто якім песьням падпяваў, у залі было багата ўкраінцаў, але і нямала тых, хто разам з украінскай «Несе Галя воду» ведаў беларускую «Купалінку».

Само сьвята было створанае ня так даўно: ідэю 10 год таму падала студэнтка з Чарнаўцоў Лэся Варанюк. І калі ў першы год вышыванкі сынхронна надзела толькі некалькі дзясяткаў чалавек у адным унівэрсытэце, праз пару год сьвята адзначала ўся Ўкраіна, а сёлета Дзень вышыванкі актыўна абмяркоўваўся і ў беларускіх сацсетках.

«Гэты дзень прыпадае на трэці чацьвер траўня, і тому некалькі прычынаў, — тлумачыла на імпрэзе ўкраінская актывістка Кацярына Каценка. — Галоўная ідэя — каб яно адзначалася ў будні дзень, бо і нарадзілася ў будні. Яно праводзіцца не дзеля параду ці выходнага, ня сьвята дзеля сьвята, а акцыя, якая даводзіць, што вышыванка — частка паўсядзённага жыцьця ўкраінцаў, і яе можна апранаць на працу, на пары, у школу. Акрамя таго, на трэці чацьвер траўня ня можа прыпасьці велікодны пост і сам Вялікдзень, на гэты дзень ніколі не выпадаюць выходныя на 1-2-9 траўня. І ў гэты дзень усталёўваецца цёплае вясновае надвор’е, калі вышыванку можна насіць бязь верхняй вопраткі».

Кацярына Каценка паабяцала ў жніўні прывезьці ў Беларусь дакумэнтальны фільм «Спадчына нацыі» пра вышыванкі ўсіх рэгіёнаў Украіны і запрасіць ягоных аўтараў, а таксама агучыла прапанову зьняць падобны фільм пра беларускую вышыванку.

XS
SM
MD
LG