Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пошукі зьніклага авіяляйнэра Egypt Air пакуль безвыніковыя


Інфармацыя пра тое, што былі знойдзеныя абломкі зьніклага авіяляйнэра, не пацьвердзілася.

У ноч з чацьвярга на пятніцу ў Міжземным моры працягваліся маштабныя пошукі авіяляйнэра авіякампаніі Egypt Air, які пацярпеў крушэньне суткі таму дзесьці паміж узьбярэжжам Эгіпту і выспы Крыт. Паведамленьні аб тым, што ў чацьвер удзень былі знойдзеныя абломкі авіяляйнэра, не пацьвердзіліся.

Аэробус 320, які выконваў рэйс 804 Парыж — Каір, зьнік з экранаў у чацьвер рана раніцай недалёка ад выспы Карпатас. На борце знаходзіліся 56 пасажыраў і 10 чальцоў экіпажу. Як паведаміў міністар абароны Грэцыі Панас Каменас, самалёт рэзка нахіліўся налева, потым павярнуўся цалкам вакол уласнай восі і паваліўся ў мора.

Пошукі ажыцьцяўляюць грэцкія і эгіпецкія вайскоўцы. Паколькі паветранае судна абсталяванае рухавікамі, вырабленымі ў ЗША, у пошукавых апэрацыях могуць удзельнічаць і амэрыканскія спэцыялісты. Рашэньне на гэты конт у Вашынгтоне пакуль не прынятае.

Аналітыкі, якіх цытуе CNN, практычна выключаюць сцэнар з катастрафічнай тэхнічнай няспраўнасьцю і лічаць найбольш верагоднай вэрсію тэракту. «Самалёты проста так ня падаюць з вышыні 10 кілямэтраў, знаходзячыся ў самым бясьпечным крэйсэрскім рэжыме палёту», — кажа адзін з экспэртаў.

Міністар грамадзянскай авіяцыі Эгіпту дапускае, аднак, што ляйнэр мог пацярпець аварыю з-за тэхнічнай непаладкі, але і ён лічыць акт тэрарызму самым праўдападобным тлумачэньнем таго, што здарылася.

Тым ня менш праверка сьпісу пасажыраў ня выявіла прысутнасьці на борце асобаў, вядомых сувязямі з тэрарыстамі.

Аэробус прайшоў тэхагляд у Каіры да вылету ў Парыж. У сераду ляйнэр зрабіў два іншыя прыпынкі ў Эрытрэі і Тунісе. Ніякіх спэцгрузаў ён не перавозіў.

У кастрычніку 1999 году эгіпецкі пасажырскі самалёт упаў у Атлянтычны акіян неўзабаве пасьля вылету зь Нью-Ёрку. Дакладная прычына катастрофы да гэтага часу не ўстаноўленая, але самай верагоднай вэрсіяй лічыцца самагубства пілёта.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG