Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Беларусі доля рублёвых укладаў насельніцтва імкліва скарачаецца, а валютных — павялічваецца. Чым патлумачыць такі недавер да нацыянальнай валюты?

Глод: Фінансавы аналітык Уладзімер Тарасаў, які лічыцца адным з самых аўтарытэтных спэцыялістаў у сваёй галіне, учора напісаў, што на тэрміновых рублёвых дэпазытах жыхары Беларусі цяпер трымаюць у даляравым эквіваленце толькі каля 1,3 мільярда USD, тады як у замежнай валюце на аналягічных укладах разьмешчана 7,5 мільярда USD. Экспэрт робіць наступную выснову — «суадносіны гэтых двух велічынь наглядна ілюструюць ступень недаверу насельніцтва да фінансавай палітыкі кіраўніцтва краіны».

Рыхтуючыся да сёньняшняй нашай перадачы, я паглядзеў адпаведныя матэрыялы. Высьвятляецца, што яшчэ гады тры-чатыры таму прапорцыя паміж такімі ўкладамі былі амаль фіфці-фіфці. А ў 2009 годзе наагул — 70 на 30 на карысьць рубля. Што прымушае беларусаў актыўна адварочвацца ад рубля на карысьць даляра і эўра?

Уладзімер Глод

Уладзімер Глод

Найперш, зразумела, імклівае падзеньне курсу беларускага рубля. За апошнія два гады беларусы перажылі тры абвальныя дэвальвацыі: у сьнежні 2014, у жніўні 2015 і ў першыя два месяцы сёлетняга году. Было б дзіўна, калі б укладчыкі на гэта не адрэагавалі.

Другое, значнае падзеньне рублёвых дывідэндаў у абсалютным значэньні. Прыбытак ад укладаў цяпер істотна меншы, чым яшчэ год таму. Але і ў такіх умовах сёньня трымаць уклады ў рублях больш выгодна, чым у валюце, кажуць экспэрты. Бо калі узяць рэальную стаўку за мінусам інфляцыі, беларускі рубель дае ўсё ж большы прыбытак, чым даляр альбо эўра. Але і гэта ўжо не прываблівае. Тыя ж экспэрты кажуць, што людзі баяцца, што выплату валютных укладаў дзяржава можа замарозіць альбо пачне выдаваць грошы зь іх не ў валюце, а ў рублях. Гэта пацьвярджае, выснову Ўладзімера Тарасава, што людзі больш не давяраюць фінансавай палітыцы дзяржавы.

Тут важна, што свае рублёвыя актывы пачынаюць пераводзіць у валютныя ня толькі насельніцтва, але і суб’екты гаспадараньня. Таму некаторыя аналітыкі называюць тое, што цяпер адбываецца з укладамі, «даляразацыяй укладаў». Зразумела, што гэта частка далярызацыі усёй беларускай эканомікі. У нас цяпер валюты ў эканоміцы рухаецца значна болей, чым рублёў. Атрымліваецца, што станоўчага выніку ад барацьбы з далярызацыяй эканомікі, якую вядуць урад і Нацыянальны банк, дагэтуль няма. А літаральна два месяцы таму прэм’ер Андрэй Кабякоў абвясьціў, што ўрад будзе жорстка змагацца за поўнае спыненьне валютных разьлікаў пры здачы ў наём офісаў. «Тут усе разьлікі перавядзём у рублёвыя» — заявіў кіраўнік ураду.

Дык, вось, калегі, мы пачалі ад рублёвых і валютных суадносінаў укладаў у беларускіх банках, а дайшлі да гэтай жа праблемы ва ўсёй эканоміцы. Хочацца пачуць вашы меркаваньні пра тое, што перашкаджае, скажам так, дэдалярызацыі беларускай эканомікі і чаго можна чакаць тут у пэрспэктыве?

Валер Карбалевіч

Валер Карбалевіч

Карбалевіч: Недавер да рубля носіць натуральны характар. Бо вялікія інфляцыйныя і дэвальвацыйныя чаканьні. І яны маюць пад сабою рэальную аснову.

Беларусь фактычна, апошнімі гадамі стала сусьветным лідэрам па тэмпах інфляцыі і дэвальвацыі. Вось, напрыклад, такія лічбы. за пэрыяд 2011-2015 гады сярэднягадавыя тэмпы інфляцыі ў разьвітых краінах складалі 1,2%, у разьвіваных — 6%. у СНД 9,3%, а ў Беларусі — 32, 8%. Для параўнаньня, у ваюючай Украіне за гэты пэрыяд сярэднегадавая інфляцыя склала 14%. Дарэчы, на Захадзе цяпер праблемы дэфляцыі, а не інфляцыі.

Цяпер пра дэвальвацыю. За 2009-2015 гады дэвальвацыя беларускага рубля склала каля 700%. Узгадайце, колькі каштаваў даляр тады і цяпер. І гэтым годам рубель працягвае ліхаманіць яшчэ мацней.

Вось цяпер Нацбанк праводзіць курс на дэдалярызацыю эканомікі. Але пакуль гадоў пяць у Беларусі ня будзе нізкая інфляцыя, стабільны абменны курс рубля, каб людзі прызвычаіліся да гэтага, зьніклі інфляцыйныя і дэвальвацыйныя чаканьні, казаць аб дэдалярызацыі не выпадае.

Сяргей Навумчык

Сяргей Навумчык

Навумчык: Тут дзейнічаюць і псыхалягічныя чаканьні людзей. З пазыцыі звычайнага абываталя чакаць ад уладаў можна ўсё, што заўгодна. Вельмі моцная прывязка беларускага рубля да расейскага, а што адбываецца з расейскім рублём і эканомікай, пад уціскам міжнародных санкцый за анэксію Крыма, мы ведаем, і людзі нават не абазнаныя ў палітычных нюансах на курс рубля могуць паглядзець і зрабіць свае высновы.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

XS
SM
MD
LG