Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Большасьць апазыцыйных партыяў заявіла пра ўдзел у восеньскай выбарчай кампаніі. Ці могуць яны разьлічваць на месцы ў Палаце прадстаўнікоў? Чым выгодна і чым невыгодна ўладзе наяўнасьць там хаця б некалькіх апазыцыянэраў?

Карбалевіч: 18 траўня намесьнік памочніка дзяржсакратара па справах Эўропы і Эўразіі Брыджэт Брынк, якая прыехала ў Менск для правядзеньня трэцяга раўнду дыялёгу па правах чалавека з беларускімі ўладамі, заявіла, што, прымаючы рашэньне аб лёсе санкцый супраць Беларусі, ЗША будзе кіравацца справаздачай БДІПЧ АБСЕ аб тым, як пройдуць парлямэнцкія выбары ўвосень гэтага году.

У той жа дзень дакладчык па Беларусі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Андрэа Рыгоні адзначыў на пасяджэньні круглага стала ў Менску, што парлямэнцкія выбары стануць важным этапам на шляху нармалізацыі яе адносін з Саветам Эўропы і Эўрасаюзам. А таксама заявіў: «Для нармальнага функцыянаваньня парлямэнту неабходныя два бакі — большасьць і апазыцыя. Парлямэнт павінен быць «саюзам думаючых людзей, якія гатовыя да дыскусіі».

Валер Карбалевіч

Валер Карбалевіч

Беларускія ўлады, нібыта, не пярэчаць. Тыдзень таму старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына заявіла, што ў парлямэнце павінна быць іншая думка.
Дык ці зьявіцца апазыцыя ў Палаце прадстаўнікоў? Па-першае, калі яна там і зьявіцца, то гэта будзе ня вынікам перамогі ў нейкіх выбарчых акругах, а сьвядомым рашэньнем ўладаў прапусьціць туды апазыцыянэраў па нейкіх сваіх матывах.

Па-другое, гэта адбудзецца толькі пры ўмове, што Захад паабяцае Лукашэнку за гэта нешта канкрэтнае і важнае. Напрыклад, крэдыт МВФ.
Калі гэтага ня будзе, то, думаю, у Палаце прадстаўнікоў можа зьявіцца нейкая імітацыя, сурагат, фікцыя апазыцыі. Напрыклад, прапусьцяць туды Гайдукевіча, Улаховіча і скажуць, вось глядзіце, у нас апазыцыя, яны ж былі апанэнтамі Лукашэнкі на прэзыдэнцкіх выбарах.

Хоць Палата прадстаўнікоў — не сапраўдны парлямэнт, яе паўнамоцтвы значна меншыя, чым калісьці ў Вярхоўнага Савету першай паловы 1990-х гадоў. І зьяўленьне там апазыцыі нічога б не памяняла ва ўладных раскладах.

Але, нягледзячы на гэта парлямэнт — гэта вельмі заўважная трыбуна. Голас дэпутата загучаў бы значна мацней, чым голас звычайнага апазыцыянэра. Апазыцыйныя дэпутаты апынуліся б у цэнтры усіх мэдыйных плыняў, зь імі б увесь час размаўлялі лі б эўрапейскія дэлегацыі і інш. І ўсё гэта на тле той сацыяльнай напружанасьці, якая існуе ў краіне. Узгадаем, як моцна пашумелі ў свой час тры дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Фралоў, Скрабец і Парфяновіч, калі раптам перайшлі ў апазыцыю. Лукашэнка гэта разумее, таму наўрад ці прапусьціць туды сапраўдных апазыцыянэраў. Навошта яму ствараць сабе дадатковыя праблемы.

Уладзімер Глод

Уладзімер Глод

Глод: Я расклаў для сябе аргумэнты, якія могуць быць у Лукашэнкі для прыняцьця аднаго ці супрацьлеглага рашэньня.

Чаму ён можа не пусьціць апазыцыю ў Палату? Першае — чарговым разам паказаць насельніцтву, што яно апазыцыю не падтрымлівае. Канечне, ён разумее, што апазыцыянэры будуць крычаць, што ў Беларусі няма свабодных і справядлівых выбараў, што бюлетэні ня лічаць, а так званых дэпутатаў загадзя ўзгаднілі ў прэзыдэнцкай адміністрацыі. Так было на ўсіх папярэдніх выбарах. І нічога — усё сыходзіла з рук. Так будзе і гэтым разам.

На карысьць такога падыходу сьведчыць тое, што ўсе істотныя прапановы апазыцыі, найперш празрысты падлік галасоў і ўключэньне прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў ва ўчастковыя камісіі, дзе непасрэдна лічаць бюлетэні, улады адкінулі.

Другое — згадаем Палату прадстаўнікоў 2000-2004 гадоў. Тады па прыкладу расейскай Дзярждумы ў Палату прапусьцілі групу бізнэсоўцаў. Што з гэтага атрымалася? У Палаце стварылася сапраўдная фронда ў выглядзе дэпутацкай групы «Рэспубліка» — тыя ж Фралоў, Скрабец, Парфяновіч... Прычым, я згадваю цяпер толькі тых, хто быў тады на слыху. А наагул у фрондзе было каля 15 дэпутатаў. Навошта Лукашэнку зараз паўтарэньне гэтай сытуацыі? Асабліва цяпер, калі эканамічнае становішча ў краіне значна цяжэйшае. Створыцца ж нейкае ядро, вакол якога будуць тусавацца журналісты. Дэпутаты могуць праводзіць сустрэчы з выбарцамі, што фактычна нельга забараніць. Ды і захаваўся ж той досьвед, які паказвае, што парлямэнцкая трыбуна нават у Палаце прадстаўнікоў надае заявам дэпутатаў пэўную вагу і рэзананс.

Трэцяе — вядома, што падчас вызначэньня імёнаў дэпутатаў часам узьнікаюць праблемы ў вэртыкалі. Менск прапаноўвае аднаго, мясцовая вэртыкаль настойвае на іншым. А калі аддаць некалькі акругаў апазыцыі, то тут трэньне будзе яшчэ больш выразным.

На карысьць таго, каб адмовіцца ад стэрыльнасьці Палаты ёсьць, на мой погляд, таксама тры аргумэнты.

Першы — гэта магчымасьць атрымаць заходнія крэдыты за больш-менш прыстойнае правядзеньне выбараў. А валютныя крэдыты ўладам патрэбныя як ніколі.

Другі — пагроза ўзнаўленьня санкцыяў. Іх жа адмянілі толькі часова. Прычым, і ў Брусэлі і ў Вашынгтоне настойліва падкрэсьліваюць, што поўная адмена санкцыяў будзе цалкам залежыць ад таго, як пройдуць выбары.

Трэці — у сувязі з пагрозаў «расейскага сьвету» Лукашэнку выгадна мець у Палаце некалькі дэпутатаў, якія ў любы момант могуць распачаць публічную кампанію ў падтрымку сувэрэнітэту і незалежнасьці Беларусі.
Так што апошняе слова застаецца за Лукашэнкам.

Сяргей Навумчык

Сяргей Навумчык

Навумчык: Я б падзяліў пароўну верагоднасьць пропуску пэўных прадстаўнікоў апазыцыі ў Палату, і таго, што ніхто з іх не будзе прапушчаны. Можна прыгадаць папярэднія выбарчыя кампаніі, калі амаль палова апазыцыйных партый удзельнічала ў выбарах, некаторыя кандыдаты ў дэпутаты ў Палату прадстаўнікоў ад АГП, БНФ перад гэтым давалі інтэрвію журналістам і, калі выключаліся дыктафоны, казалі, што ім намякалі, што ў іх неблагія шанцы. Некаторыя нават прыцішылі крытыку ўладаў, разьлічваючы, што яны пройдуць. І для іх было вялікім шокам, што іх не прапусьцілі. Нікога, як вядома, не прапусьцілі, ну і нябёсы не абрынуліся. Пасьля гэтага не было ніякіх ні народных хваляваньняў, ну і да адмоўнай рэакцыі Захаду, як вядома, афіцыйны Менск прызвычаіўся. Чым цяперашняя сытуацыя адрозьніваецца — тым, што цяпер якраз не «напляваць» на адмоўную рэакцыю Захаду. І гэта вельмі важны аргумэнт — магчымасьць аднаўленьня санкцый, калі ніхто не будзе прапушчаны, сапраўды вісіць пагрозай ці дамоклавым мячом над тымі, хто арганізоўвае выбары.

Канешне, крыху цікава чуць ад Лідзіі Ярмошынай, што ў Палаце прадстаўнікоў павінны быць розныя меркаваньні. Не таму, што папярэдняя дзейнасьць яе была накіраваная на тое, каб гэтых меркаваньняў не было, а было толькі адно меркаваньне, а проста гэта ня справа старшыні ЦВК вызначаць, якім павінен быць орган, дэмакратычнасьць і законнасьць выбараў якога гэты кіраўнік павінен забясьпечыць. Гэта абсалютна ня справа ЦВК. Справа ЦВК — забясьпечыць выбары ў адпаведнасьці з законам, нормамі міжнароднага права і дэмакратычнымі стандартамі.

Цікава будзе прасачыць, ці пройдуць у Палату прадстаўнікоў Тацяна Караткевіч і Андрэй Дзьмітрыеў, якія з усіх прадстаўнікоў апазыцыі на сёньня найбольш актыўна супрацоўнічаюць з той жа Палатай, ходзяць туды ў камісіі, гавораць пра рэформы. І вось калі іх ужо не прапусьцяць, то канешне будзе гэта красамоўны жэст з боку ўладаў. Але могуць і прапусьціць. Тут будуць ацэнкі з боку іх палітычных апанэнтаў як кішэннай апазыцыі, як падстаўных фігур, і гэтак далей.

Але праблема ў тым, што гісторыя нас вучыць, і ня толькі нас, але і Аляксандра Рыгоравіча, а Лукашэнка — гэта вельмі добры вучань гісторыі, часам здараецца так, што чалавек, які нават уманціраваны ў сыстэму, пачынае свой апазыцыйны крок літаральна з паўмэтра, а потым адбываецца гіганцкі раскол. Прыгадаем, што ў 87-м годзе кандыдат у члены Палітбюро ЦК КПСС, першы сакратар Маскоўскага гаркаму партыі Барыс Ельцын на пленуме ЦК казаў не пра злачыннасьць камунізму, не пра неабходнасьць сувэрэннай Расеі, не пра дэмакратыю — ён проста крыху пакрытыкаваў кіраўніцтва, некаторых членаў Палітбюро. І ведаем, ува што гэта ператварылася. І Лукашэнка гэта ведае. Ён бачыў, як зусім нешматлікай групе дэпутатаў БНФ, якіх не было нават 10% у тым Вярхоўным савеце, у якім быў ён, ўдалося зрабіць вельмі шмат. І ён можа прыслухацца да тых, хто яму нагадвае такія гістарычныя моманты.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

  • 16x9 Image

    Сяргей Навумчык

    Сяргей Навумчык нарадзіўся ў 1961 годзе ў Паставах. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, служыў у войску, працаваў у віцебскай абласной газэце. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі і каардынатарам парлямэнцкай апазыцыі БНФ. У 1996 годзе атрымаў палітычны прытулак у ЗША.

XS
SM
MD
LG