Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчы пачаліся вучэньні сіл хуткага рэагаваньня НАТО


Вучэньні апэратыўнай групы павышанай гатовасьці. Польшча, 2015

Вучэньні апэратыўнай групы павышанай гатовасьці. Польшча, 2015

У Польшчы пачаліся вайсковыя вучэньні па перакідцы сіл хуткага рэагаваньня НАТО пад назвай Brilliant Jump 2016.

На гэтым тыдні ў Польшчу была перакінутая гішпанская апэратыўная група павышанай гатовасьці колькасьцю 1500 вайскоўцаў, да якой у бліжэйшыя дні далучацца батальён зь Вялікабрытаніі і рота з Альбаніі. Агулам, як паведамляюць польскія СМІ, у вучэньнях, якія будуць доўжыцца да 27 траўня, возьмуць удзел каля 2500 вайскоўцаў і 450 адзінак баявой тэхнікі.

«Гэта на нас ляжыць адказнасьць за прыняцьцё і разьмяшчэньне сілаў НАТО на тэрыторыі Польшчы і балтыйскіх краінаў — сказаў генэрал Манфрэд Гофман, камандзір міжнароднага корпусу НАТО ў Шчэціне ў Польшчы. — Гэтымі вучэньнямі мы пацьвярджаем гатовасьць і рашучасьць дзеяньняў Паўночнаатлянтычнага альянсу. Разам з гішпанскім корпусам з Валенсіі мы даказваем, што НАТО гатовае бараніць сваіх саюзьнікаў».

Сілы хуткага рэагаваньня НАТО, у якія ўваходзіць згаданая апэратыўная група павышанай гатовасьці (Very High Readiness Joint Task Force), дзейнічаюць паводле прынцыпу ратацыі — кожны год яе базавы склад забясьпечвае адна з краінаў альянсу. У 2016 гэтую ролю выконвае Гішпанія.

Пасьля вучэньняў Brilliant Jump, але яшчэ перад ліпеньскіх самітам НАТО ў Варшаве, у Польшчы пройдуць буйныя вучэньні «Анаконда-16», у якіх возьмуць удзел каля 30 тысяч вайскоўцаў НАТО.

XS
SM
MD
LG