Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта звычайныя брудныя закулісныя гульні апазыцыі» — Караткевіч пра тое, што нібыта не сабрала 100 тысяч подпісаў


Тацяна Караткевіч

Тацяна Караткевіч

Кандыдатка ў прэзыдэнты на выбарах-2015 лічыць, што такія заявы толькі разьядноўваюць апазыцыю, а актывіст Берніковіч сышоў з «Гавары праўду» з крыўдай.

Грамадзкі актывіст з Глыбокага Яраслаў Берніковіч заявіў 19 траўня, што каманда кандыдаткі ў прэзыдэнты на выбарах-2015, чальцом якой ён быў, не сабрала 100 тысяч подпісаў, неабходных для вылучэньня кандыдаткі. Паводле яго словаў, было сабрана менш за палову ад гэтай колькасьці — і ніхто не сабраў бы цяпер 100 тысяч подпісаў за кандыдата ў прэзыдэнты, працуючы аўтаномна.

Сама Тацяна Караткевіч кажа Свабодзе, што такія заявы толькі ўносяць раскол у апазыцыю, а не спрыяюць яе аб’яднаньню:

«Я лічу, што такая інфармацыя, такія ўчынкі ўносяць больш раскол у апазыцыю. І гэта сумна, — кажа Караткевіч карэспандэнту Свабоды. — Тым больш, Яраслаў ад пачатку году не зьяўляецца сябрам кампаніі „Гавары праўду“ і сышоў, напэўна, з крыўдай. Я так разумею, ён быў удзельнікам Кангрэсу ў сквэры Янкі Купалы. Ня буду камэнтаваць, я думаю, Яраслаў сам павінен адказваць за свае словы.

Думаю, гэта ўсё ж звычайныя брудныя закулісныя гульні апазыцыі, якія камэнтаваць ня бачу сэнсу. Я сама была чальцом каманды Някляева, сама ўдзельнічала ў парлямэнцкіх выбарах, прэзыдэнцкай кампаніі... Я лічу, нам і сёньня трэба глядзець наперад. А такія заявы толькі ўносяць раскол. Такім чынам мы губляем давер людзей, якія цікавяцца палітыкай. У нас наперадзе парлямэнцкая кампанія, і даваць ацэнкі сёньняшнім палітычным сілам... Я ведаю, што нас мала, што трэба працаваць. І ведаю на сваім прыкладзе, што калі ставіш мэту і ідзеш да яе, заўсёды ёсьць шанцы яе дасягнуць».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG