Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берніковіч: 100 000 подпісаў Караткевіч не сабрала. І ніхто не зьбярэ


Падчас сбору подпісаў за Тацяну Караткевіч у Менску

Падчас сбору подпісаў за Тацяну Караткевіч у Менску

Грамадзкі актывіст з Глыбокага напісаў на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку»: «Вы пытаецеся, ці сабраў «праект Караткевіч» 100 тысяч подпісаў? Ня будзьце наіўнымі! Было сабрана менш паловы ад неабходнай колькасьці...»

Радыё Свабода зьвязалася са спадаром Берніковічам, каб удакладніць сэнс ягонай заявы.

— Вы сьцьвярджаеце, што 100 тысяч подпісаў, неабходных для рэгістрацыі кандыдата на прэзыдэнта, каманда Тацяны Караткевіч не сабрала?

Яраслаў Берніковіч

Яраслаў Берніковіч

— Сьцьвярджаю. Прычым не сабрала нават пры дапамозе сябраў партыяў БНФ і БСДП. Толькі хачу падкрэсьліць: я кажу пра сапраўдныя подпісы, а не пра іх агульную колькасьць у падпісных аркушах, якія зарэгістраваў ЦВК. Я магу дакладна гэта сьцьвярджаць, бо каардынаваў збор подпісаў у Менску. І таму кажу: у Менску было сабрана сапраўдных 14 тысяч 603 подпісы. У асноўным гэта подпісы, што зьбіраліся падчас пікетаў, зьбіраліся цяжка, у любое надвор’е...

— А як жа тэхналёгія «ад дзьвярэй да дзьвярэй», калі зьбіральнікі подпісаў ходзяць па кватэрах?

— А па кватэрах у Менску подпісы амаль не зьбіраліся. І выкарыстоўвалася зусім іншыя мэтодыка: зьбіральнікаў мэтанакіравана пасылалі па тых адрасах, дзе жывуць журналісты або палітычныя дзеячы... Магу яшчэ дадаць, што і хадзіць асабліва не было каму: вялікая частка пасьведчаньняў чальцоў ініцыятыўнай групы так і праляжала ў офісе ўсю выбарчую кампанію. Або туды пазапісвалі людзей выпадковых і абыякавых, і яны ня бралі ўдзелу ў працы, або ў ініцыятыўную групу запісвалі фіктыўна — тут нічога сказаць не магу.

Яраслаў Берніковіч на перадвыбарчым пікеце (фота з асабістага архіву)

Яраслаў Берніковіч на перадвыбарчым пікеце (фота з асабістага архіву)

— Тым ня менш неабходная колькасьць подпісаў была здадзена ў выбарчыя камісіі. Як жа так атрымалася, калі вы цьвердзіце, што подпісы не сабралі?

— На гэтае пытаньне ведае адказ хіба што Андрэй Дзьмітрыеў, кіраўнік штабу. Я ведаю, што да якасьці подпісаў былі прэтэнзіі. Камісіі заўважалі, дзе подпісы былі несапраўднымі. Але Тацяну Караткевіч зарэгістравалі кандыдатам.

— Яраслаў, тое, што вы кажаце, — гэта вельмі сьмелыя заявы. Чаму вы робіце іх толькі цяпер, калі пасьля выбараў прайшло так шмат часу?

— Па-першае, падчас выбарчай кампаніі я працаваў у штабе Караткевіч у якасьці найманага работніка. Гэта накладала пэўныя абавязкі і пэўную адказнасьць. Але я ўсё аналізаваў, а потым шмат над гэтым разважаў... Цяпер я бачу, што ў наступную выбарчую кампанію наша дэмакратычная апазыцыя ідзе разьяднанай. Гэта другая акалічнасьць, чаму я больш ня стаў маўчаць. Сёньня ніводная апазыцыйная палітычная структура ня можа дзейнічаць у адзіночку, без падтрымкі аднадумцаў зь іншых партыяў і рухаў. Ніхто не сабраў бы цяпер 100 тысяч подпісаў за кандыдата на прэзыдэнта, працуючы аўтаномна. І ніхто ня зможа аўтаномна працаваць на карысьць сваіх кандыдатаў на будучых выбарах. Трэба аб’ядноўвацца і складаць адзіны сьпіс. Тады будзе карысьць, і толькі тады можна будзе пазьбегнуць фальсыфікацыяў — бо гэта ўжо будзе праца, а не імітацыя!

Незапатрабаваныя пасьведчаньні (фота з асабістага архіву)

Незапатрабаваныя пасьведчаньні (фота з асабістага архіву)

Яраслаў Берніковіч падчас мінулай прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі працаваў у штабе Тацяны Караткевіч, жыў у Менску. Больш як паўгода таму ён вярнуўся са сталіцы і зноў жыве ў вёсцы Верхняе Глыбоцкага раёну.

Камэнтары Тацяны Караткевіч і Андрэя Дзьмітрыева чытайце пазьней на нашым сайце.

Яраслаў Берніковіч на перадвыбарчым пікеце (фота з асабістага архіву)

Яраслаў Берніковіч на перадвыбарчым пікеце (фота з асабістага архіву)

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG