Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Апавяданьне Быкава пра Быкава і Карпюка


Аляксей Карпюк, Ларыса Геніюш, Васіль Быкаў пасьля выступу ў Зэльвенскай санаторна-лясной школе. 1963 г.

Аляксей Карпюк, Ларыса Геніюш, Васіль Быкаў пасьля выступу ў Зэльвенскай санаторна-лясной школе. 1963 г.

Аляксей Карпюк быў у Горадні вельмі заўважным чалавекам. Чалавекам калярытным. І адзіным, па сутнасьці, празаікам. Іншых на той час не было. І даволі буйным па беларускіх мерках. Гаворка пра канец 1980-х. Пра часы перабудовы, калі нарэшце дазволілі гаварыць і друкаваць. І ён гэтым скарыстаўся. Чалавек быў азартны, самастойны ў думках. Пачаў пісаць — як усё было. Калі прыйшлі Саветы ў 1939-м, як пасьля вайны «парадкі» наводзіліся, як заганялі ў калгасы.

На той час пасада Карпюка нешта значыла — старшыня абласной арганізацыі Саюзу пісьменьнікаў. Ён прыносіў свае тэксты ў абласную газэту «Гродзенская праўда», і рэдактар іх друкаваў, хоць любіў нагадаць на плянёрцы, што ён «кандыдат у члены абкаму партыі». А якраз Карпюку ў той час на гарадзкіх партканфэрэнцыях даставалася за крытыку савецкай улады. І ад празьмерна актыўных «вэтэранаў вайны і працы». Я працаваў тады ў рэдакцыі абласной газэты, і ўсё гэта адбывалася на маіх вачах.

Чаму Карпюка друкавалі? Таму што ён быў вядомым пісьменьнікам, меў аўтарытэт. І таму, што ягоныя тэксты былі звычайна гваздом нумару.

Нечакана пра падзеі тых дзён нагадала сёньня апавяданьне Васіля Быкава, знойдзенае ў пісьменьніцкім архіве. Яго, пад назвай «У тую вясну...» надрукаваў часопіс «Дзеяслоў». Быкаў пісаў яго ў 1989 годзе, але не закончыў.

Пачатак твору, зрэшты, не хапае адразу. Герой быў у камандзіроўцы, захварэў, трапіў на два тыдні ў бальніцу, а пазьней яму «мясцком» «выбіў у аблсаўпрофе пуцёўку ў адзін зь менскіх беларускіх санаторыяў». Першая думка: якія яшчэ могуць быць менскія санаторыі? Але спакваля Быкаў уцягвае сваім звычайным нібы аповедам, таму што зьмест выклікае цікавасьць.

У санаторый жонка прывозіць яму апошнія нумары «Гродзенскай праўды». Што праўда, зьмест даволі нудны (за дзесяць год не памяняўся!): нарада ў абкаме, пастанова аблвыканкаму наконт падрыхтоўкі да жніва. Але зьмены ўсё-ткі ёсьць. На вочы трапляе новы крытычны тэкст Карпюка. Пра пасьляваенную калектывізацыю на Гарадзеншчыне. Расказчык чытае яго ў чарзе на працэдуры. Побач сядае незнаёмы чалавек, просіць газэту. І пачынаецца знаёмства.

Тэксты, якія друкаваў тады Карпюк у «Гродзенскай праўдзе», пазьней выйшлі пад агульнай назвай «Разьвітаньне з ілюзіямі». Пра што ён пісаў? Напрыклад, пра нейкага таварыша Чыркова: праштрафіўся ў НКВД, паслалі ўмацоўваць ідэалягічныя кадры ў пэдінстытуце. Пісьменьнік не шкадуе адмоўных слоў: Чыркоў быў абмежаваны, але самаўпэўнены, у нячышчаных ботах са стаптанымі абцасамі. А Карпюк вучыўся на аддзяленьні ангельскай мовы. Выкладчыцы былі добрыя, асабліва ён вылучаў Фаіну Квяткоўскую, што закончыла ўнівэрсытэты ў Львове і ў Шанхаі.

Часы былі сталінскія, канец 1940-х. Чыркоў кінуўся выкрываць «схаваных ворагаў». Сталін вучыў, што яны не абавязкова «з агіднай фізіяноміяй, зь вялікімі зубамі», вось вам іншы тып — прыемная кабета, інтэлігентка! І зрабіў сваю справу: адразу дзьвюх найлепшых выкладчыц звольнілі, загадаўшы пакінуць прыгранічны горад за 24 гадзіны. А ў кабінэце ангельскай мовы пазьнішчалі плякаты.

Вось яшчэ адзін карпюкоўскі загаловак — «Клясычны сталініст» — і наступны: «Начны хапун». Ва ўнівэрсытэце зьнялі любімага студэнтамі рэктара Ўласаўца, замяніўшы «п’яніцай і нікчэмнасьцю». Арыштавалі пяць студэнтаў, затым яшчэ чатыры, і выкладчыка Гайдучыка. А потым яшчэ некалькі чалавек, прозьвішчаў якіх Карпюк не запомніў. Усіх абвінавацілі ў антыкалгаснай прапагандзе. Плюс для кожнага знайшлося індывідуальнае абвінавачаньне. Адзін выключыў у інтэрнацкім пакоі радыёкропку, калі зайграў «Інтэрнацыянал», другі прызнаўся ў любові да замежнай акардэоннай музыкі, далі дзесяць год. Іншы пажартаваў на суботніку: ну вы, хлопцы, працуеце як стаханаўцы!

Некалькі дзясяткаў проста выключылі з інстытуту, бо былі дзецьмі «ворагаў народу», а не сказалі. Але ім пашанцавала, што не пасадзілі.

У апавяданьні Быкава высьвятляецца, што новы знаёмы расказчыка ведае пра Карпюка ўсё. Таму што ён учорашні супрацоўнік КДБ. Спачатку трапіў на службу ў Сапоцкін, куды паслалі пасьля пэдінстытуту на працу Карпюка, затым ужо ў Горадні пільна сачыў за яго творчасьцю і жыцьцём: творы ня проста прачытаў, «амаль з алоўкам праштудзіраваў. Кожнае слова». Якраз за Карпюка зноў узяліся, хоць быў гарбачоўскі час «публічнасьці і галоснасьці», зноў прыціснуць хацелі. Расказчык адчуваў, што новаму знаёмцу хочацца нешта сказаць аб гэтым, як пачала раскручвацца новая справа супраць гарадзенскага пісьменьніка. Але агонь унутры былога кадэбіста хіба пагас. Ён прызнаецца, што хварэе на рак, але лячэньне не дапамагае. І ў вачах чытача ён робіцца сам пацярпелым бокам.

Расказчык спрабуе ўраўнаважыць сытуацыю: «Карпюк таксама штось занямог. Ляжаў у бальніцы». Але чуе ў адказ: «Карпюка чорт ня возьме. Здаровы, як бык! А што ня п’е, ня курыць... Ну, можа трошкі з нэрвамі непарадак».

Запал у былога чэкіста супраць Карпюка яшчэ не прапаў, ён яшчэ выкрывае пісьменьніка ў размове з выпадковым знаёмым па санаторыі. Але паступова пераходзіць з Карпюка на Быкава, які таксама «органам» не здаваўся надзейным чалавекам. І тут унутры апавяданьня паяўляецца сам Быкаў. Ён прыдумаў сабе даволі нечаканую ролю «публікатара» занатаванай са слоў расказчыка гісторыі.

Першы расказ публікатара датычыць супольнага выпадку з Карпюком. Карпюк загадваў агенцтвам «Інтурыст» на гарадзенскім чыгуначным вакзале. Аднойчы памежнікі «зьнялі зь цягніка» аднаго ўдзельніка італьянскай турыстычнай групы, што вярталася зь Ленінграду. У яго не было дакумэнтаў. Празь некалькі дзён скрадзены ў Ленінградзе пашпарт знойдуць. А пакуль апекавацца замежнікам давялося Карпюку. Ён паклікаў і Быкава. І Быкаву ўдалося запісаць ад яго патрэбныя выразы для сваёй італьянкі з «Альпійскай баляды».

Так, пачаўшы з Карпюка, Быкаў паступова перайшоў да аповеду аб тым, як цкавалі яго самога. І засяродзіўся на гэтым. Аднак не закончыў апавяданьне. Як гэта бывае: не ўдалося адразу закончыць, а потым зьявіліся іншыя творчыя задумы, і жыцьцё не стаяла на месцы...

Напэўна пазьней Васіль Быкаў адчуў, што ўжо ня зможа закончыць апавяданьне так, як яму магло бачыцца спачатку. Праз тры гады Аляксей Карпюк памёр, у яго быў рак. А ў 2003-м ня стала самога Васіля Быкава: таксама рак.

Рэальным публікатарам тэксту стала ўдава пісьменьніка, Ірына Быкава, якая перадала знойдзены тэкст у рэдакцыю «Дзеяслова». «У тую вясну...» — прыклад таго, як пісьменьнік ператварае жывую рэчаіснасьць у мастацкую, дзейнічаючы нібы на мяжы жыцьця і літаратуры.

  • 16x9 Image

    Сяргей Астраўцоў

    Нарадзіўся 11 красавіка 1959 г. у Менску. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускага пэн-цэнтру, выдаў сем кніг прозы і публіцыстыкі.

XS
SM
MD
LG