Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЗША: ваенныя магчымасьці Расеі ў Сырыі засталіся ранейшымі


Расейскія самалёты пакідаюць Сырыю, 15 сакавіка 2016 году

Расейскія самалёты пакідаюць Сырыю, 15 сакавіка 2016 году

Расея працягвае трымаць у Сырыі значны ваенны кантынгент, заяўляе Пэнтагон.

Расейскі ваенны патэнцыял у Сырыі фактычна не зьмяніўся з моманту абвяшчэньня ў сакавіку пра вывад з гэтай краіны асноўнай часткі расейскага ваеннага кантынгенту, заявіў у сераду прадстаўнік Пэнтагону ў Багдадзе. Пра гэта паведамляе агенцтва France-Presse.

«Іх ваенныя магчымасьці, па вялікім рахунку, застаюцца ранейшымі, амаль ідэнтычнымі, шчыра кажучы. У іх ёсьць паветраныя сілы, яны працягваюць трымаць у Сырыі сухапутныя сілы, у іх ёсьць артылерыя. У іх там ёсьць спэцназ, які аказвае дапамогу сырыйскаму рэжыму», — растлумачыў прадстаўнік Пэнтагону па сувязях з прэсай Стывен Уорэн, маючы на ўвазе Расею.

Паводле яго слоў, расейская армія арганізавала нешта падобнае да часовай ваеннай базы паблізу сырыйскага горада Пальміра, хоць пакуль немагчыма сказаць, часовая гэта база або яна разьлічаная на доўгае выкарыстаньне. «Яны арганізавалі базу побач з Пальмірай... І яны працягваюць яе будаўніцтва», — заявіў Стывен Уорэн.

Разам з тым, ён адзначыў, што ў апошні час экстрэмісцкая групоўка «Ісламская дзяржава» ўсё часьцей зьяўляецца аб’ектам удараў расейскага кантынгенту. У першыя месяцы паветранай кампаніі, распачатай мінулай восеньню пераважная частка удараў расейскай авіяцыі наносілася па сілах сырыйскай апазыцыі.

XS
SM
MD
LG