Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вы робіце выгляд, што прымаеце зьмены, мы робім выгляд, што вам верым»


Лідзія Ярмошына, Алег Сьліжэўскі. ЦВК вядзе рэгістрацыю кандыдатаў на выбарах прэзыдэнта 11 кастрычніка 2015 году

Лідзія Ярмошына, Алег Сьліжэўскі. ЦВК вядзе рэгістрацыю кандыдатаў на выбарах прэзыдэнта 11 кастрычніка 2015 году

Як можна ацаніць зьмены ў выбарчыя працэдуры, прынятыя Цэнтравыбаркамам?

Карбалевіч: Абяцаныя Лідзіяй Ярмошынай зьмены ў працэдуры правядзеньня выбараў выліліся ў канкрэтныя рашэньні Цэнтравыбаркаму. ЦВК на паседжаньні 17 траўня зацьвердзіў практычны дапаможнік для чальцоў участковых выбарчых камісіяў.

Нагадаю, што 27 красавіка Лукашэнка правёў нараду па пытаньні парлямэнцкіх выбараў, якія пройдуць 11 верасьня. На нарадзе было вырашана, што зьмены ў выбарчае заканадаўства ўносіцца ня будуць. Але адбудуцца зьмены ў правапрымяняльнай практыцы паводле рэкамэндацыяў БДІПЧ АБСЭ. І гэтыя зьмены будуць унесеныя пастановай Цэнтравыбаркаму.

Дык вось тады, адразу пасьля нарады, Ярмошына паведаміла, што ўвесь падлік бюлетэняў будзе праводзіцца на адным баку стала. Назіральнікі будуць мець поўную магчымасьць бачыць працэс падліку галасоў.

Валер Карбалевіч

Валер Карбалевіч

Цяпер жа гэтая навацыя выглядае зусім па-іншаму. Паводле тлумачэньняў члена ЦВК Алены Дмухайлы, «чальцы камiсiяў могуць разьмяшчацца толькі з трох бакоў стала, доўгая яго частка павінна быць адкрытая для назіральнікаў».

Розьніца паміж першапачатковым намерам Ярмошынай і выніковым рашэньнем даволі вялікая. Калі б падлік галасоў адбываўся толькі на адным канцы стала, то там магла разьмясьціцца абмежаваная колькасьць сябраў камісіяў. Напрыклад, 1–2. І за імі можна было б назіраць. А зь цяперашніх тлумачэньняў вынікае, што фактычна ніякіх пераменаў у падліку галасоў не адбудзецца. То бок, як звычайна, лічыць бюлетэні будуць моўчкі ўсе чальцы камісіяў, а вынікі перадаваць старшыні. І назіральнікі, як і раней, мала што змогуць убачыць.

Таксама рэкамэндавана выкарыстоўваць празрыстыя урны, што цяжка лічыць рэальнымі зьменамі ў выбарчай працэдуры.

Патрабаваньне апазыцыі і міжнародных назіральнікаў фармаваць камісіі з прадстаўнікоў кандыдатаў вылілася ў такое рашэньне: прадстаўнікі кандыдатаў змогуць увайсьці ў склад толькі тэрытарыяльных выбарчых камісіяў з правам дарадчага голасу. Але, па-першае, рэальна галасы лічаць участковыя камісіі. Па-другое, што гэта мяняе? Як вядома, на паседжаньні Цэнтравыбаркаму таксама прысутнічалі прадстаўнікі апазыцыйных партыяў з правам дарадчага голасу. Але неяк уплываць на рашэньні камісіяў апанэнты рэжыму ўсё роўна ня змогуць.

То бок галоўная выснова: мы маем зьмены бязь зьменаў. То бок выбары ў Палату прадстаўнікоў пройдуць па звычайным беларускім сцэнары.

Цыганкоў: Думаю, сапраўды ўлады гатовыя ісьці на любыя навацыі, на любыя зьмены, акрамя тых, якія дазваляюць ісьці на сапраўдны падлік галасоў. Гэта тая рыса, за якую ўлада ня пойдзе. І як бы ні прымаліся нейкія перамены ў Выбарчы кодэкс, гэта будзе адсочвацца вельмі пільна.

Віталь Цыганкоў

Віталь Цыганкоў

Да таго ж ва ўчастковыя камісіі, якія праводзяць падлік, апазыцыю так і не пускаюць. Нагадаю, што ў апазыцыі было даволі простае патрабаваньне: там зразумелі, як адбываецца беларускі падлік галасоў, і ведаюць, што зьмяніць яго можна толькі пры ўмове ўваходу ва ўчастковыя камісіі прадстаўнікоў апазыцыйных кандыдатаў і партыяў. Гэта разумее і ўлада, і таму, нават паводле статыстыкі, з кожнай выбарчай кампаніяй усё менш прадстаўнікоў апазыцыі туды ўваходзіць.

На апошніх выбарах гэта быў наагул анэкдатычны рэкорд — па ўсёй Беларусі ці ня некалькі чалавек.

Улада можа ў Цэнтравыбаркам ці ў абласныя выбарчыя камісіі з правам назіральнага голасу дапускаць прадстаўнікоў апазыцыйных партыяў, яны могуць толькі назіраць, пісаць пратэсты. На сам падлік галасоў яны ніяк не ўплываюць.

Улады цяпер ахвотна ідуць насустрач пажаданьням заходніх партнэраў аб нейкім працэсе зьменаў выбарчага заканадаўства. Гэты працэс ні да чога кардынальнага не прывядзе, але ён ідзе, і дзеля заходніх структур улады паказваюць, што яны нібыта працуюць, колькі ўжо пажаданьняў улічылі. Але гэта ўсё прадказальна.

Цяпер ёсьць разуменьне і з заходняга боку, што на кардынальныя зьмены беларускія ўлады ня пойдуць, Захад ужо і не дамагаецца кардынальнай зьмены палітычнай сыстэмы Беларусі і таму таксама прымае гэтыя правілы гульні. Гэта новы аспэкт.

Дракахруст: Цікава, што і беларускія ўлады ў гэтую гульню таксама гуляюць. Бо, урэшце, можна было б падыходзіць так: ну вось санкцыі зьнялі, усё прызналі, дык што нам у гэтыя пацёмкінскія вёскі гуляць? Сказалі б, як, дарэчы, і шмат разоў казалі: гэта ня ваша справа, выбары — наша сувэрэннае права, мы будзем іх рабіць так, як хочам і як нам зручней.

Не выключаю, што нават не за нейкія канкрэтныя рэчы вядзецца гэтая гульня, не за тое, што мы, маўляў, правядзем вонкава прыгожыя выбары, і нам тады дадуць мільён. Гэта новыя правілы гульні працэсу нармалізацыі. Мы робім выгляд, што нешта мяняецца, вы робіце выгляд, што вы нам верыце.

Юры Дракахруст

Юры Дракахруст

Варта сказаць: беларуская выбарчая сыстэма — гэта шматэшалянаваная абарона ад народнага волевыяўленьня. Бо сапраўды вельмі важна, ці ёсьць там у рэгіянальных выбарчых камісіях прадстаўнікі апазыцыі ці ўвогуле незалежныя людзі. Ёсьць датэрміновае галасаваньне, вынікі якога непразрыстыя нават для чальцоў камісіі. Досьвед паказвае, што там велізарная доля за кандыдатаў праўладных. Акрамя таго, ёсьць навацыя — парлямэнцкія выбары ў адзін тур.

У гэтай сытуацыі ізноў досьвед і сацыялягічныя апытаньні паказваюць, што кандыдат ад улады мае аб’ектыўна перавагу, нават калі б гэтыя выбары праводзіла не Ярмошына, а, скажам, прадстаўнікі апазыцыі. Усё роўна пры такой сыстэме два пункты — датэрміновае галасаваньне і выбары ў адзін тур — ужо б забясьпечылі перавагу праўладным кандыдатам. А тут яшчэ і ўсе цьвікі забіваюцца па плешку. Выбарчыя камісіі, падлік галасоў — гэта такая абарона, што вынік прадказальны абсалютна і на 100%.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG