Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады разглядаюць праект указу «Аб збалянсаваньні бюджэту». Ці пойдуць яны на зьніжэньне дзяржаўнай падтрымкі прадпрыемствам?

Цыганкоў: Аб’ём дзяржпадтрымкі прадпрыемстваў у Беларусі будзе зьніжаны — гэта вынікае з праекту ўказу «Аб мерах па забесьпячэньні збалянсаванасьці бюджэту», які разглядаўся ў аўторак, 17 траўня, на нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі.

Тое, што бюджэт маларэалістычны, аналітыкі і эканамісты казалі адразу ж пасьля падпісаньня дакумэнту. 11 траўня міністар фінансаў Уладзімер Амарын заявіў, што выдаткі плянуецца скараціць прыкладна на 7–8%. Праект указу, якім будуць удакладнены паказчыкі бюджэту, мяркуецца распрацаваць у чэрвені. «Па рэспубліканскім бюджэце выдаткі плянуецца скараціць на 7–8%. Гэта ня так ужо і мала. Калі казаць спрошчана, то гэта амаль месячны аб’ём выдаткаў», — сказаў кіраўнік Мінфіну.

Як заявіў Амарын, «сацыяльныя выдаткі закранацца ня будуць». Будуць «аптымізаваныя» непершачарговыя выдаткі, удакладненыя адносіны зь мясцовымі бюджэтамі, скарочаныя датацыі ім. І тут я якраз схільны міністру верыць, бо скарачаць сацыяльныя выдаткі сёньня досыць рызыкоўна — ва ўмовах падзеньня даходаў насельніцтва.

Віталь Цыганкоў

Віталь Цыганкоў

Таму больш імаверна, што спробы заашчадзіць і абрэзаць будуць рабіцца ў іншых сфэрах — напрыклад, замарозяць нейкія доўгатэрміновыя праекты, кшталту новых станцыяў мэтро альбо будоўлі другой кальцавой дарогі вакол сталіцы.

Таксама сярод прапанаваных крокаў да сэквэстру (скарачэньня бюджэту) — зьмяншэньне памераў дзяржпадтрымкі ў выглядзе кампэнсацыі працэнтаў па банкаўскіх крэдытах, якія даюцца суб’ектам гаспадараньня па дзяржаўных праграмах. «Колькі мы пры гэтым зэканомім і ці вартая гульня сьвечак? І на каго ляжа гэты цяжар? На прадпрыемствы або на банкі? Хацелася б, каб у нас тут быў нармальны кампраміс», — казаў на гэтай нарадзе Лукашэнка.

Тут урад і Аляксандар Лукашэнка маюць выбар, з каго ўзяць: ці зь дзяржаўных прадпрыемстваў, якія актыўна скарачаюць апошнія два гады сваіх супрацоўнікаў (літаральна на тысячу людзей на некаторых прадпрыемствах зьменшылася колькасьць працоўных), ці з банкаў, якія ня будуць скарачаць людзей, а зьменшаць свае прыбыткі? Або Нацбанк прыме рашэньне аб зьніжэньні працэнтных ставак па банкаўскіх крэдытах, або дзяржава ня будзе кампэнсаваць прадпрыемствам гэтыя працэнты.

Мой прагноз — што будзе прынятае нейкае кампраміснае рашэньне, паколькі банкаўская сфэра цярпіць ня менш за рэальны сэктар, а праблема якраз у рэальным сэктары. Ня будуць перакладаць увесь цяжар адказнасьці толькі на дзяржпрадпрыемствы, а часткова папросяць падціснуцца і банкі. Гэты цяжар крызісу, як гэта ўласьціва беларускай уладзе, па магчымасьці будзе падзелены пароўну.

Карбалевіч: Справа ў тым, што беларуская эканамічная палітыка мае свае асаблівасьці. Вось усе кажуць, што крэдыты ў Беларусі вельмі дарагія, пад 40%. Сапраўды, каб адбіць такі крэдыт, трэба, каб прыбытак быў яшчэ большы, што амаль нерэальна. І гэта паралізуе інвэстыцыі.

Валер Карбалевіч

Валер Карбалевіч

Але насамрэч крэдыты пад такія высокія працэнты бярэ толькі прыватны сэктар. А ад 30 да 40% крэдытаў, якія выдае банкаўская сыстэма Беларусі, — ільготныя. Такія крэдыты выдаюць дзяржаўныя банкі дзяржпрадпрыемствам. Доля дзяржбанкаў у Беларусі — каля паловы. Атрымліваецца, што дзяржбанкі выдаюць толькі льготныя крэдыты. Дык вось кампэнсаваў гэтыя льготы — дзяржбюджэт. Гэты артыкул стаў адной з галоўных расходных частак бюджэту.

І цяпер урад ставіць пытаньне, каб кампэнсацыю льготаў скараціць на 2%. І перакласьці гэтую долю на банкі. То бок насамрэч гаворка ідзе пра тое, зь якой дзяржаўнай кішэні дапамагаць неэфэктыўным дзяржпрадпрыемствам. Ці то зь бюджэту, ці то гэта будуць рабіць дзяржаўныя банкі. Фактычна гэта азначае мяняць шыла на мыла. Гэта якасна нічога не мяняе ў эканамічнай сыстэме.

Дракахруст: Сапраўды, магчыма, цэнтралізаваныя выплаты скарачацца ня будуць — бо гэта сьвятое, сацыяльная дзяржава. Але вы сказалі, што будуць скарочаныя субсыдыі мясцовым бюджэтам. А што такое мясцовыя бюджэты? Яны ж ня толькі на патрэбу старшыні абл- ці райвыканкаму — гэта таксама дапамога насельніцтву, гэта інфраструктурныя праекты, гэта рамонт дарог — тое, што для людзей! Калі гэтага ня будзе, дык асяродзьдзе, у якім будуць жыць людзі, будзе горшым.

Юры Дракахруст

Юры Дракахруст

Другое: банкаўскую дылему — банкі або прадпрыемствы — будуць вырашаць, зыходзячы з ідэалягічных меркаваньняў, на карысьць прадпрыемстваў, бо гэта рэальны сэктар, а банкі — гэта ж жулікі, махляры і гэтак далей.

Але варта сказаць, і пра гэта гавораць некаторыя беларускія эканамісты, што выпрабоўваць здольнасьць банкаўскай сыстэмы можна да пэўнай мяжы. І калі эканамічны крызіс ператворыцца ў банкаўскі крызіс, гэта можа быць значна горш, чым на ўзроўні рэальнай вытворчасьці.

Бо калі банкрутуе прадпрыемства — гэта кепска, бо яно зьвязанае зь іншымі прадпрыемствамі, людзі, якія там працуюць, могуць апынуцца на вуліцы, але калі банкрутуюць банкі — гэта каскадны працэс, які распаўсюджваецца на ўсю эканоміку.

Тут улады, разумеючы гэта, будуць спрабаваць неяк балянсаваць, разьмяркоўваць цяжар гэтага сэквэстру на розныя суб’екты.

Варта сказаць, можа мы менш ведаем, але такія рэчы, як сэквэстар, — гэта вынік бюракратычных таргоў. Беларуская сыстэма толькі звонку здаецца такой аднастайнай, і што Лукашэнка вырашыў, так і будзе. Яно як бы так і ёсьць, але насамрэч пад коўдрай ідуць усякага роду таргі, і хто мацнейшы і мае большы ўплыў, прэстыж, на каго большыя стаўкі, таго і менш будуць сэквэстраваць.

Мая гіпотэза, што буйныя прадпрыемствы — МАЗ, МТЗ —пацярпяць найменш, бо яны надта вялікія і надта добра ведаюць дарогі ў розныя кабінэты. Бо не Лукашэнка ж канкрэтна расьпісвае лічбы, каму што скараціць ці дадаць. Як сказана, у каго ёсьць, таму і дадасца, а ў каго няма, у таго і апошняе аднімецца.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

XS
SM
MD
LG