Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналісты РБК маглі быць звольненыя з-за расьсьледаваньняў «панамскага архіву»


Былы шэф-рэдактар РБК Лізавета Асяцінская зьвязала звальненьне шэрагу супрацоўнікаў холдынгу з публікацыяй матэрыялаў аб «панамскім архіве». Пра гэта паведамляе Бі-Бі-Сі.

У інтэрвію Financial Times Асяцінская заявіла, што яна прасіла журналістаў РБК працягнуць вывучаць пытаньне аб афшорных кампаніях, якія належаць людзям з акружэньня прэзыдэнта Расеі Уладзіміра Пуціна.

«Калі вы паглядзіце на асноўныя расьсьледаваньня, якія мы зрабілі, яны ўсё заснаваныя на адным і тым жа прынцыпе: ідзіце за грашыма», — заявіла Асяцінская. Журналісты РБК, на яе думку, дзейнічалі правільна, паколькі вынікі расьсьледаваньня былі цікавыя чытачам.

13 траўня кіраўніцтва РБК звольніла галоўнага рэдактара газэты Максіма Солюса, шэф-рэдактара холдынгу Лізавету Асяцінскую і галоўнага рэдактара інфармацыйнага агенцтва РБК Рамана Баданіна. «Апошнім часам мы шмат размаўлялі пра тое, як далей разьвіваць РБК, і ў гэтых размовах не змаглі прыйсьці да адзінага меркаваньня, таму прынялі рашэньне расстацца», — паведамляў гендырэктар РБК Мікалай Малібог.

Міжнародная арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» назвала звальненьне «актам ўціхамірваньня» незалежнай журналістыкі ў Расіі.

У Крамлі датычнасьць уладаў да звальненьняў у РБК адмаўляюць.

PБК — вядучы мультымэдыйны холдынг Расеі (ад Росбізнэсканстатынг), арыентаваны на навіны і бізнэс-інфармацыю. Уключае аднайменны тэлеканал, інтэрнэт- і друкаваныя смі.

XS
SM
MD
LG