Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Колькі беларусаў жывуць у беднасьці? Ці сталі грамадзяне Беларусі больш ашчаднымі ва ўмовах крызісу?

Дракахруст: Інстытут сацыялёгіі НАН Беларусі і Нацыянальны банк правялі дасьледаваньне, падчас якога высьвятлялася, як беларусы ацэньваюць сваё матэрыяльнае становішча.

Амаль палова апытаных адзначыла, што іх сем’ям хапае сродкаў на харчаваньне і вопратку, аднак узьнікаюць цяжкасьці з купляй тавараў працяглага карыстаньня, напрыклад, бытавой тэхнікі.

Прыкладна кожны чацьвёрты рэспандэнт лічыць сваё матэрыяльнае становішча дрэнным або вельмі дрэнным. Праўда, 60% ацэньваюць яго як здавальняючае, каля 10% — як добрае і вельмі добрае. І толькі паўпрацэнта беларусаў могуць дазволіць сабе купіць усё, што захочуць.

Толькі 0,5% беларусаў могуць дазволіць сабе ўсё

Юры Дракахруст

Юры Дракахруст

Крыху больш за 8% апытаных сутыкаюцца з праблемай недахопу сродкаў нават на харчаваньне. Варта адзначыць, што падчас папярэдняга апытаньня ў 2013 годзе доля тых, хто адказаў, што ледзь зводзіць канцы з канцамі ці што грошай не хапае нават на ежу, узрасла амаль удвая — з 5% да 8%.

Таксама істотна — з 17% да 10% — скарацілася доля заможных (умоўна заможных) — тых, хто мае магчымасьць купляць і рэчы доўгатэрміновага карыстаньня, але ня можа з ходу купіць, скажам, аўтамабіль.

Так што крызіс ударыў і па версе, і па нізе даходнай піраміды — доля бедных павялічылася, доля заможных скарацілася.

Тое самае пацьвярджаюць і дадзеныя апытаньняў НІСЭПД, хоць у іхным дасьледаваньні іншы парадак лічбаў.

Паводле НІСЭПД, доля самых бедных — тых, каму грошай не хапае нават на ежу — з 2013 году павялічылася з 9% да 19%.

Лічбы, атрыманыя афіцыйнымі і незалежнымі сацыёлягамі, крыху розьняцца, але і адны і другія фіксуюць тую самую тэндэнцыю — рост колькасьці людзей, якія жывуць у поўнай галечы.

Цікавы яшчэ адзін вынік дасьледаваньня сацыёлягаў з Акадэміі навук і Нацбанку. Паводле іх, пры недахопе грошай большасьць апытаных скарачае спажываньне (амаль 2/3 з тых, хто сутыкаўся з праблемай недахопу сродкаў). Даволі часта беларусы зьвяртаюцца да сваякоў, сяброў і знаёмых па дапамогу (прыкладна 44%). Прыкладна кожны пяты траціць свае ашчаджэньні, і толькі прыкладна 8% пры недахопе сродкаў шукаюць дадатковай працы.

Варта адзначыць, што, з аднаго боку, амаль палова апытаных характарызуе свой узровень жыцьця формулай — можна цярпець. Выглядае, што гэта — аснова беларускай стабільнасьці. З другога боку, выклікам ёй — два працэсы: рэзкі рост зоны абсалютнай беднасьці і зьбядненьне заможных. І цяжка сказаць, які працэс больш небясьпечны для стабільнасьці. Як той казаў — паўстаюць не галодныя, а сытыя, якіх не пакармілі адзін дзень.

Таксама цікавыя дадзеныя па тыповых рэакцыях на шок зьбядненьня: скарачэньне выдаткаў і зварот па дапамогу да сяброў і родных. Дык і беларуская дзяржава рэагуе прыкладна гэтак сама — рэжа бюджэтныя выдаткі, выдумляе новыя падаткі, пазычае грошы ў каго можна. І чакае — а раптам гэтая навала скончыцца.

Карбалевіч: Сацыялягічныя апытаньні трохі скажаюць рэальную карціну. Таму што беларусы вельмі добра адаптуюцца да пагаршэньня эканамічнай сытуацыі. І тое, што спачатку ацэньваецца як дрэнная сытуацыя, праз пэўны час ужо ацэньваецца як нармальная. Як у тым вядомым анэкдоце пра беларуса: «Можа, так і трэба».

Валер Карбалевіч

Валер Карбалевіч

Я зьвярнуў увагу на такі паказьнік: часта беларусы зьвяртаюцца да сваякоў, сяброў і знаёмых па дапамогу (прыкладна 44%). Найперш, паводле беларускай традыцыі, бацькі дапамагаюць дзецям, гэта распаўсюджаная практыка.

Амаль чвэрць апытаных у сытуацыі недахопу сродкаў выкарыстоўвае свае зьберажэньні. Падаецца, гэта і ёсьць сярэдняя кляса ў беларускім варыянце. Гэтым тлумачыцца факт, што ў першыя месяцы году прадаўцоў валюты больш, чым пакупнікоў. За студзень-красавік фізычныя асобы прадалі замежнай валюты на 347 мільёнаў даляраў больш, чым купілі.

Усё гэта сьведчыць: значная частка насельніцтва спадзяецца, што сёньняшнія цяжкасьці — часовыя, таму працягвае спажываць больш, чым зарабляе. Людзі ня могуць паверыць, што крызіс — гэта надоўга. А ўлады ўсяляк падтрымліваюць такую ілюзію.

Бо з пачатку 2000-х гадоў Беларусь уступіла ў эпоху спажывецкага грамадзтва. Людзі масава будавалі ці куплялі жытло, новыя машыны, езьдзілі адпачываць на мора. Прычым часта бралі крэдыты на вялікія пакупкі. Спажывецкая рэвалюцыя адбывалася найперш у сьвядомасьці. І паверыць у тое, што ўсё гэта скончылася, цяжка.

Тэарэтычна жыць за кошт назапашаных раней зьберажэньняў беларусы могуць яшчэ доўга. У банках сёньня больш за мільярд даляраў рублёвых укладаў насельніцтва, і яшчэ каля 7,5 мільярда — у замежнай валюце.

Цыганкоў: Па-першае, трэба разумець, што такое беларуская беднасьць і беларуская сярэдняя кляса. У параўнаньні з Эўропай тое, што мы тут называем сярэдняй клясай, тое там было б у лепшым выпадку беднасьцю. А нашы бедныя — ніжэй за ўзровень беднасьці ў Эўропе, такога ўзроўню паводле даходу ці стану спажывецкага кошыка проста не існуе. Нават дапамога па беспрацоўі дазваляе ў Эўропе жыць нашмат лепш.

Віталь Цыганкоў

Віталь Цыганкоў

Тое, што беларусы скарачаюць спажываньне — цікавае меркаваньне, якое пацьвярджаюць сацыёлягі, але лічбы кажуць, што гэта не заўсёды так. Літаральна ўчора была такая навіна, што рэальныя даходы насельніцтва зьнізіліся больш, чым выдаткі. Прынамсі, да такой высновы прыйшоў Нацыянальны банк.

Па сутнасьці, гэта кажа пра тое, што беларускае насельніцтва жыве не па сродках. Іншымі словамі, імкнецца падтрымаць ранейшы ўзровень свайго жыцьця, да якога людзі прывыклі, за кошт назапашаных у мінулым грошай.

За 4 месяцы гэтага году фізычныя асобы прадалі замежнай валюты на 347 мільёнаў даляраў больш, чым купілі. То бок людзі нясуць свае адкладзеныя раней даляры ў банкі, мяняюць на беларускія рублі і іх трацяць.

Адны, як кажуць сацыёлягі, скарачаюць спажываньне, іншыя спрабуюць падтрымаць свой узровень жыцьця назапашаным.

Беларуская статыстыка, паводле майго перакананьня, далёка ня ўсе даходы ахоплівае. За апошнія гады ўсё зьмянілася ў бок большай зарэгістраванасьці і легалізацыі многіх даходаў, але па-ранейшаму застаюцца людзі, якія, напрыклад, рамантуюць у гаражах аўтамабілі і не рэгіструюць свайго даходу, хтосьці працуе за мяжой і сам прывозіць грошы з сабой — гэта не фіксуецца нідзе, толькі ацэначна.

Калі мы кажам пра нізкі афіцыйны ўзровень даходаў, іншыя людзі кажуць — ну паглядзіце, колькі на вуліцах аўтамабіляў, колькі людзей у клюбах, рэстаранах, і як гэта ўсё спалучаецца. Так, павялічваецца расслаеньне, усё меншая колькасьць людзей можа сабе дазволіць больш, і ўсё большая пераходзіць у стан ня проста беднасьці, а жабрацтва.

Існуюць незарэгістраваныя даходы, якія дазваляюць падтрымліваць той узровень спажываньня, які мы назіраем і які адлюстроўваецца ў статыстыцы, але не заўсёды адлюстроўваецца ў афіцыйных даходах.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

XS
SM
MD
LG