Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Узьлёт і падзеньне сьвядомых змагароў (2)


Сяргей Дубавец
Сяргей Дубавец

Аднойчы абмяркоўвалі зь сябрам кнігарні. Кажу: вось бы параўнаць цяперашнюю беларускую кнігарню з чэскай, менскую з праскай. Пафоткаць, відэа зьняць, статыстыку намаляваць і побач паставіць. Больш нічога нікому тлумачыць ня трэба – дзе росквіт, а дзе заняпад.

На дзіва, сябра ўспрыняў ідэю скептычна – каго тут з кім параўноўваць? Чэхі – народ зь вялікай гісторыяй, дарма што славянскі, зь вялікай культурай, дарма што па колькасьці такі самы, як мы.

Сапраўды, куды нам, нашчадкам адной зь першых у сьвеце друкаваных кніг, а цяпер яшчэ і прадстаўнікам набэлітарнай у літаратуры нацыі, параўноўваць сябе з чэхамі…

Гэта я да таго, што ніколі ня прыйдзе ў галаву казаць пра чэхаў «сьвядомых» і «несьвядомых». Тое самае – пра літоўцаў ці грузін, пра ўсіх, каго мы бясспрэчна прызнаем паўнавартаснымі нацыямі. Толькі мы, беларусы, маем раскошу дзяліцца на сьвядомых і несьвядомых і сумнеўнае шчасьце не прызнаваць сябе нацыяй, вартай параўнаньня з чэхамі, літоўцамі ці грузінамі.

Падзел на сьвядомых і несьвядомых беларусаў аформіўся сярод тутэйшых адраджэнцаў у 1980-я гады. Мы й не заўважылі, што быў ён простай калькай савецкай «революционной сознательности» і за мінулыя 30 гадоў так уеўся ў дыскурс, што адмова ад яго выклікае сёньня кагнітыўны дысананс: сапраўды, як гэта можа быць нацыянальная годнасьць без нацыянальнай сьвядомасьці?

Можа. Бо патрабаваньне «сознательности» ёсьць знак да падпарадкаваньня пэўнай ідэалёгіі і ерархіі, тады як годнасьць – праява ўнутранае свабоды.

Рыгор Барадулін шмат пісаў пра сваю маці, ад якой ён беларус. Я прыгадваю сваю вясковую бабулю. І кожны, хто ў перапісах называе сябе беларусам, ад кагосьці гэтае веданьне пераняў. Ці былі маці Барадуліна, мая бабуля і ўсе тыя хтосьці – сьвядомымі беларусамі? Натуральна, не.

Але вось што было пасьля тых 1980-х.

Раскол на сьвядомых і несьвядомых патрабаваў пэўнага ранжыру і расстаноўкі на ерархічнай лесьвіцы. «Сознательности», як і дасканаласьці, мяжы няма. Спачатку быў «просты народ» і адраджэнцы, потым адраджэнцы былі падзеленыя на проста адраджэнцаў і эліту, потым эліта – на проста эліту і дэпутатаў Вярхоўнага Савету 12 скліканьня. Нарэшце, калі ўсё гэта непазьбежна прывяло да поўнага заняпаду (колькасьць удзельнікаў палітычнага працэсу з «нашага» боку пачала імкліва падаць), зьявіліся зусім ужо катакомбныя «верныя ленінцы» і – «няверныя» – куды былі запісаныя ўсе ранейшыя адраджэнцы, што не патрапілі ў ВС. «Просты народ» застаўся на сваім месцы, па-ранейшаму «несьвядомы».

Нацыянальны дыскурс пачало «каўбасіць і плюшчыць» ад самага пачатку падзелу на сьвядомых і несьвядомых. Узьніклі дыскусійныя тэмы пра канфлікт беларускамоўных і рускамоўных беларусаў, пра назву краіны і нацыі, якую тэрмінова трэба мяняць, цяпер вось – пра Алексіевіч – набэліянтку ад Беларусі, але «ня нашу»… Мэгатоны гэтых слоўных рысталішчаў сталі галоўнай зьместавай часткай камэнтароў нацыянальнага белнэту.

Але галоўны вынік расколаў – анэмія нацыянальнай інтэлігенцыі, якая страціла ўсё дазваньня, зацята ваюе сама з сабой і ніяк не ўплывае на ўладу – таксама намінальна беларускую ці акупацыйную ці каляніяльную – як ні назаві, сэнс ня зьменіцца. Паводле формы яна – бээсэсэраўская, што відавочна.

Падсумоўваючы, прывяду цытату, якая будзе аднолькава блізкая і сьвядомым і несьвядомым, бо адмаўляе гэты раскол:

«Як ад нараджэньня зьвяры, што ходзяць у пустыні, ведаюць ямы свае; птушкі, што лётаюць у паветры, ведаюць гнёзды свае; рыбы, што плаваюць па моры і ў рэках, чуюць віры свае; пчолы і тым падобныя бароняць вульлі свае, – так і людзі, дзе нарадзіліся і ўскормлены, да таго месца вялікую ласку маюць».

Тут – уся «нацыянальная сьвядомасьць», большай за якую папросту ня можа быць.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG