Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уральскія журналісты вялі эфір зь петлямі на шыях. ВІДЭА


Амаль тыдзень канал «Урал-Информ ТВ» адключаны ад тэлевяшчаньня і працуе толькі ў інтэрнэце. Адключаны ня ўладамі, а невядомым чалавекам.

Расейскі тэлеканал «Урал-Информ ТВ» быў адключаны ад тэлевяшчаньня ўвечары 12 траўня. Як сьцьвярджае канал, невядомы чалавек пранік на тэрыторыю кампаніі «Ростелеком» з дакумэнтамі нібыта дырэктара «Урал-Информ» і адключыў перадатчыкі. Цяпер «Ростелеком» не дае камэнтароў і не пускае супрацоўнікаў канала ў памяшканьне зь перадатчыкамі.

Кіраўніцтва «Урал-Информ» у той жа дзень зьвярнулася ў паліцыю, пракуратуру, Сьледчы камітэт, ФСБ і Мінсувязі, але канал дагэтуль вядзе вяшчаньне толькі праз інтэрнэт. «Ростелеком» адмаўляе сам факт адключэньня, гаворачы пра магчымасьць «перапынкаў сыгналаў праз тэхнічныя праблемы ці дзеяньні тых ці іншых асобаў».

Журналісты тэлеканала ў знак пратэсту сталі выходзіць у інтэрнэт-эфір зь петлямі на шыях. На 18 траўня тэлеканал прызначыў «Разьвітаньне з вольнай прэсай» у пермскім Садзе камянёў. У горадзе тэлеканал разьмясьціў рэклямныя шыльды з надпісам «Губэрнатар не адключаў наш канал. Паверце».

Недзяржаўная тэлекампанія «Урал-Информ» была створаная ў 1995 годзе, дзейнічае як адкрытае акцыянэрнае таварыства. Вяшчае на ўвесь Пермскі край. Аўдыторыя ацэньваецца ў 2 млн чалавек. У мэдыяхолдынг таксама ўваходзяць газэта, радыёстанцыя і інтэрнэт-партал «РБК Пермь». У 2015 годзе тэлеканал актыўна асьвятляў дзейнасьць руху «Антимайдан Пермь» і праводзіў зь ім прэс-канфэрэнцыю на тэму выпуску лялек «Вуду-Антымайдан».

XS
SM
MD
LG