Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску ўшанавалі Альгерда і выступілі супраць помніка Аляксандру Неўскаму


Экспазыцыя «Князь Альгерд у выяўленчым мастацтве»
Экспазыцыя «Князь Альгерд у выяўленчым мастацтве»

У «Ноч музэяў» у Віцебску адкрылі ўнікальную выставу — вынік рэспубліканскага арт-праекту «Князь Альгерд у выяўленчым мастацтве».

Працы 47 мастакоў выстаўленыя ў дзьвюх залях Мастацкага музэю. Гэтая экспазыцыя прыцягнула ўвечары 17 траўня найбольшую колькасьць наведнікаў.

Пачатак экспазыцыі
Пачатак экспазыцыі

У асноўным гэта выявы самога Альгерда, сына Гедыміна, князя Вялікага Княства Літоўскага, аднаго з найвыдатнейшых палкаводцаў і кіраўнікоў старабеларускай дзяржавы. У 1318-м ён ажаніўся зь віцебскай князёўнай Марыяй Яраслаўнай, а ў 1320-м пасьля сьмерці віцебскага князя атрымаў ягонае княства ў спадчыну.

Выстава і яе наведнікі
Выстава і яе наведнікі

Падчас ягонага кіраваньня сярэднявечны Віцебск дасягнуў найвышэйшага росквіту. Менавіта да часу княжаньня Альгерда гісторыкі адносяць будаўніцтва віцебскіх замкаў — комплексу магутных мураваных умацаваньняў, які складаўся з Горнага і Ніжняга замкаў. Горны замак меў пяць абарончых вежаў, каля 800 мэтраў мураваных сьцен. Сьцяна Ніжняга замка мела каля 1256 мэтраў у даўжыню, тут было трынаццаць вежаў.

Творы
Творы

Пра гэта нагадала падчас адкрыцьця экспазыцыі Вольга Акуневіч, загадчыца Мастацкага музэю. Сам музэй, дарэчы, месьціцца якраз там, дзе ў даўнейшыя часы быў цэнтар Віцебску.

Спадарыня Акуневіч і ўдзельнікі тэатру гістарычнага строю «Полацкі зьвяз»
Спадарыня Акуневіч і ўдзельнікі тэатру гістарычнага строю «Полацкі зьвяз»

Арт-праект «Князь Альгерд у выяўленчым мастацтве» ініцыяваны Беларускім саюзам мастакоў. Паводле кіраўніцы абласной арганізацыі БСМ Сьвятланы Баранкоўскай, выстава рэспубліканскага маштабу адкрылася ў Віцебску невыпадкова: менавіта віцяблянам належыць гонар і абавязак захоўваць гістарычную спадчыну, зьвязаную зь імем князя Альгерда. Адзін з аб’ектаў гэтай спадчыны — помнік вялікаму князю, адкрыты 27 чэрвеня 2014 году.

«Сярэднявечны» глядач
«Сярэднявечны» глядач
Разглядаючы князя
Разглядаючы князя

Тэма помнікаў гістарычным дзеячам балючая для Віцебску. З ініцыятывы гарадзкіх уладаў зьбіраюцца ўшанаваць і наўгародзкага князя Аляксандра Неўскага. Пра гэта нагадаў прысутным мастак Міхась Ляўковіч, адзін з удзельнікаў выставы.

Наведнікі на выставе
Наведнікі на выставе

«Мы маем усе падставы ганарыцца віцебскім князем Альгердам і тым, што памяць пра яго ўшанаваная ў нашым горадзе. Але якое дачыненьне да Віцебску мае Аляксандар Неўскі? Я сёньня „гугліў“, як кажа наша моладзь, зноў шукаючы хоць нейкія ўцямныя доказы датычнасьці гэтага расейскага палкаводца да Віцебску. І зноў натрапіў на заключэньне навукоўцаў з Акадэміі навук: няма гістарычных доказаў гэтай сувязі. Дык навошта ставіць помнік у гонар таго, чаго не было? Навошта Віцебску помнік чужому гістарычнаму дзеячу?» — сказаў спадар Ляўковіч.

У цэнтры — інтэрактыўная «экскурсія» па Віцебску часоў князя Альгерда
У цэнтры — інтэрактыўная «экскурсія» па Віцебску часоў князя Альгерда
Князь Альгерд — у творах беларускіх мастакоў
Князь Альгерд — у творах беларускіх мастакоў

Зрэшты, віцебскаму сярэднявеччу ў Мастацкім музэі былі прысьвечаны шмат якія імпрэзы. Па іх наведнікаў суправаджала Гаспадыня Замкавай гары — актрыса Коласаўскага тэатру Раіса Грыбовіч.

Запрашае Гаспадыня Замкавай гары
Запрашае Гаспадыня Замкавай гары

Гледачы ўбачылі пэрформанс «Знакі Замкавай гары», прадстаўлены Антанінай Фалей, дэфіле гістарычных строяў «Шляхта» і выступы ўдзельнікаў клюбу гістарычнай рэканструкцыі «Хальвіль» (Віцебск) і тэатру гістарычнага строю «Полацкі зьвяз» (Полацак) — яны выступалі якраз у часе адкрыцьця выставы, прысьвечанай князю Альгерду.

Мастацкае ткацтва Сьвятланы Баранкоўскай
Мастацкае ткацтва Сьвятланы Баранкоўскай

Мастачка Сьвятлана Баранкоўская, аўтарка габэлена «Альгерд і Юліянія», паказала майстар-кляс па мастацкім ткацтве. Што незвычайна — распавядаючы пры гэтым «віцебскія казкі»: гісторыі, якія яна сама складае на падставе гістарычных матэрыялаў. А юныя мастакі са студыі «Цюбікі» малявалі таксама амаль што казачных пэрсанажаў — жыхароў сярэднявечнага Віцебску часоў князя Альгерда.

Віцебская князёўна
Віцебская князёўна

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG