Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Джамала адмаўляецца ад прапанаванага ёй расейскага грамадзянства


Украінская сьпявачка крымска-татарскага паходжаньня Джамала адкінула крытыку наконт таго, што яе песьня «1944» атрымала галоўны прыз конкурсу «Эўрабачаньне» па палітычных, а не па мастацкіх прычынах.

Выступаючы сёньня перад журналістамі ў Кіеве, Сусана Джамаладзінава, якая выступае пад сцэнічным імем Джамала, назвала сваю перамогу «абсалютнай, 100-працэнтнай перамогай музыкі.» Разам з тым, яна ня выключыла, што палітычны фактар на конкурсе прымаецца пад увагу.

Расейскія афіцыйныя асобы выказалі незадаволенасць у сацыяльных сетках, што песьня Джамалы была відавочна палітычнай і павінна была быць забароненая ў адпаведнасьці з правіламі «Эўрабачаньня», якія не дапускаюць палітычнага зьместу ў выступах.

Джамала, 32-гадовая крымская татарка, выйграла конкурс «Эўрабачаньня» 15 траўня зь песьняй аб масавай дэпартацыі крымскіх татар у Савецкім Саюзе падчас Другой сусьветнай вайны. Джамала раней заявіла, што яе песьня таксама зьяўляецца асуджэньнем захопу Крыму Расеяй і рэпрэсій у дачыненьні да крымскіх татараў.

Яна паведаміла, што ня прыме прапанову аб прадастаўленьні ёй расейскага грамадзянства і заявіла, што яе бацькі не даюць інтэрвію расейскім СМІ, хоць прадстаўнікі расейскага тэлебачаньня літаральна сьпяць у іх перад домам.

Крымскія татары складаюць каля 15 адсоткаў двухмільённага насельніцтва Крыму і ў большасьці сваёй асуджаюць захоп Крыму Расеяй.

XS
SM
MD
LG