Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Баранавіцкі актывіст у «турэмнай робе» просіць дапамогі. Ён 7 месяцаў бяз працы


Рыгор Грык

Рыгор Грык

Сябра незалежнага прафсаюзу РЭП з Баранавічаў Рыгор Грык пасьля звальненьня абышоў дзясяткі прадпрыемстваў і ня можа знайсьці працу.

Даведзены да адчаю актывіст просіць дапамогі ў грамадзкасьці.

Як распавёў Свабодзе Рыгор Грык, ужо больш як 7 месяцаў ён абівае парогі прадпрыемстваў у пошуках працы, абышоў дзясяткі арганізацыяў, але ўсюды атрымлівае адмовы.

«Усюды кажуць, што няма вакансіяў. Нават там, дзе яны быццам і ёсьць, быццам бы спачатку пагаджаюцца даць працу, але „прабіваюць“, хто я такі, і ў выніку адмаўляюць. Атрымліваю 400 тысяч дапамогі па беспрацоўі, але пражыць на іх, самі разумееце, немагчыма», — кажа Рыгор Грык.

Рыгор Грык — грамадзкі актывіст, які бярэ ўдзел у многіх акцыях апазыцыі ў Баранавічах і ў Менску. Ён вядомы тым, што на акцыі прыходзіць у паласатай робе, стылізаванай пад канцлягернае адзеньне.

«Вось і зараз у межах акцыі прафсаюзу РЭП падаваў у Баранавічах заяўку на пікет супраць зьбядненьня народу. Праўда, гарвыканкам чарговы раз акцыю забараніў», — кажа Рыгор Грык.

За ўдзел у акцыях апазыцыянэр атрымаў шматмільённыя штрафы і кажа, што самастойна іх сплаціць ня можа:

«Хачу зьвярнуцца да ўсяго беларускага народу ды папрасіць дапамогі. Бо за актыўнае грамадзкае жыцьцё, удзел у выбарах, будучы кандыдатам у парлямэнт, у мясцовыя саветы, 5 разоў мяне звальнялі з працы, і цяпер я больш за 7 месяцаў бяз працы. За адны з апошніх акцыяў мяне аштрафавалі больш як на 13 мільёнаў. Улада хоча паставіць мяне на калені. І калі ў нас у краіне ёсьць людзі, якія могуць мне дапамагчы, то я буду вельмі ўдзячны. Я гатовы нават ахвяраваць сваю паласатую робу, у якой прайшоў шмат акцыяў, ланцугі, у якія закоўваю рукі, ды плякат тым, хто можа мяне падтрымаць неяк або дапамагчы з працаўладкаваньнем», — просіць дапамогі Рыгор Грык.

Рыгор Грык — баранавіцкі ўкраінец. На сваіх акцыях «у паласатай робе» ён уздымае ня толькі бел-чырвона-белы, але і жоўта-блакітны сьцяг у знак салідарнасьці з Украінай.

Рыгор Грык з партрэтам Тараса Шаўчэнкі

Рыгор Грык з партрэтам Тараса Шаўчэнкі

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG