Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Паліцыя Ўкраіны не знайшла доказаў існаваньня «залатога батону» Януковіча


Паліцыя Ўкраіны закрыла справу аб зьнікненьні так званага «залатога батону» экс-прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча, хіба не галоўнага сымбаля яго маёнтку «Межыгор’е». Праваахоўнікі Кіеўскай вобласьці наогул сумняваюцца ў яго існаваньні. Журналісты, якія працавалі са знойдзенымі пасьля Рэвалюцыі годнасьці дакумэнтамі, кажуць, што «батон» згадваецца ў сьпісе падарункаў, але самі яго ня бачылі. Акрамя гэтага сувэніра, крымінальная справа тычылася і іншых матэрыяльных каштоўнасьцяў, паходжаньне і далейшы лёс якіх таксама не ўстанавілі.

Аб закрыцьці крымінальнай вытворчасьці стала вядома дзякуючы запыту дэпутата Вярхоўнай Рады Дзьмітрыя Дабрадомава. У лютым 2015 году ён накіраваў у Генэральную пракуратуру зварот аб неабходнасьці адкрыць крымінальную справу, каб высьветліць лёс цэлага шэрагу матэрыяльных каштоўнасьцяў зь «Межыгор’я».

У сьпісе былі залатыя манэты, іконы, пазалочаныя банкноты, баявая зброя і прэс-пап’е ў выглядзе батона вагой 2 кіляграмы, вырабленае з золата. Справу адкрылі ў канцы сакавіка 2015 году.

Зьдзівіла пазыцыя сьледчага, які адразу ў лоб заявіў, што ў іх няма доказаў існаваньня ні батона, ні іншых каштоўнасьцяў. Маўляў, відэа і фота не зьяўляюцца доказамі.

— Сьведчаньні я даваў дзесьці ў верасьні-кастрычніку. Мяне яшчэ тады зьдзівіла пазыцыя сьледчага, які адразу ў лоб заявіў, што ў іх няма доказаў існаваньня ні батона, ні іншых каштоўнасьцяў. Маўляў, відэа і фота не зьяўляюцца доказамі, — распавёў Дабрадомаў Радыё Свабода пра сваю сустрэчу з прадстаўніком пракуратуры.

Тады ж ён нагадаў, што ў дакумэнтах нават згадваецца імя чалавека, які яго падараваў.

Але, як стала вядома 16 траўня, пасьля чарговага звароту Дзьмітрыя Дабрадомава, крымінальную справу закрылі. Канчатковае рашэньне прыняла паліцыя Кіеўскай вобласьці з-за адсутнасьці заявы ад пацярпелага боку і сумніўнасьці факту існаваньня так званага «залатога батона».

Батон згадваецца ў сьпісе падарункаў Януковічу, кажа журналістка Ганна Бабінец, актывістка праекту «Yanukovychleaks», прысьвечанага працы над знойдзенымі ў маёнтку «Межыгор’е» дакумэнтамі, частку зь якіх спрабавалі зьнішчыць.

«У сьпісе падарункаў была згадка пра залаты батон, але фізычна я яго ня бачыла. Наколькі мне вядома, нікога з журналістаў па тых дакумэнтах у якасьці сьведак не выклікалі, я ня чула, каб было штосьці распачата на аснове нашых дакумэнтаў», — распавяла Бабінец Радыё Свабода.

Фотаздымак «залатога батона» стаў вядомы дзякуючы расейскаму блогеру Ільлі Варламаву. Ён зьявіўся ў рэпартажы з «Межыгор’я» 22 лютага, адразу пасьля ўцёкаў Віктара Януковіча.

Аўтар рэпартажу, як выглядае — фатограф Яўген Фельдман («Новая Газета», Mashable), але ў размове з Радыё Свабода Яўген паведаміў, што яму належаць толькі першыя некалькі фатаграфій. «Залатога батона» ён не фатаграфаваў і ня ведае людзей, якія яго бачылі.

Адну зь вэрсій, хто падарыў прэс-пап’е Януковічу, агучыў раней сьледчы Генэральнай пракуратуры Ігар Слабадзянік. Паводле яго, гэта быў Уладзімер Лук’яненка, акадэмік і прэзыдэнт навукова-тэхнічнага аб’яднаньня імя Фрунзэ ў Сумах. Сам Лук’яненка гэтую інфармацыю не пацьвярджаў.

Частка матэрыяльных каштоўнасьцяў закрытая ад наведвальнікаў, да іх маюць доступ толькі сьледчыя


Паводле камэнданта «Межыгор’я» Дзяніса Тарахкацеліка, на тэрыторыі маёнтка ёсьць іншыя рэчы, падобныя на прэс-пап’е, але яны не залатыя.

«Мы да гэтага часу іх захоўваем. Яны ня з золата, а толькі пакрытыя сусальным золатам. Гэта грушы, вінаград, іншая садавіна. Але частка матэрыяльных каштоўнасьцяў закрытая ад наведвальнікаў, да іх маюць доступ толькі сьледчыя», — распавёў актывіст.

Ён адзначыў, што Генэральная пракуратура да гэтага часу праводзіць сьледчыя дзеяньні — сьледчыя апісваюць і дакумэнтуюць маёмасьць. У прэс-службе Генэральнай пракуратуры таксама пацьвердзілі, што іх сьледчыя яшчэ працуюць над некалькімі справамі па «Межыгор’і».

XS
SM
MD
LG