Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Быў ліпень 1995 году, неўзабаве пасьля сумнавядомага травеньскага рэфэрэндуму мы ехалі цягніком у горад Нявіннамыск і спрачаліся пра палітыку.

– Ды галасаваў я за вашага Пазьняка, – распалена даводзіў біёляг Сяргей. Галасаваў з аднае прычыны, каб уроды да ўлады не прыйшлі. Але й ваш герой ніякі не герой. Нават герб са сьцягам адстаяць ня даў рады.

Пасьля рэфэрэндуму, як тое выпала не аднаму мне, проста неабходна было кудысьці вырвацца, зьмяніць атмасфэру, удыхнуць трошкі жыцьця. Мой плян асабістае рэляксацыі быў у тым, каб зьняць кіно пра альпіністаў. Калега па тэлекампаніі, дзе на той час я працаваў, дасьведчаны альпініст, паспрыяў мне й далучыў да групы сваіх прыяцеляў, што зьбіраліся на Каўказ.

Група складалася з кіраўніка – Андрэя Рамонка, біёляга Сяргея, двух супрацоўнікаў камэрцыйнай фірмы – Льва й Пётры, акадэмічнага хіміка Ільлі і студэнта БПІ Сашы. А таксама з двух авантурыстаў: Сцёпы-будаўніка, вясковага хлопца вагой з добры цэнтнэр, ды мяне. Мы зь ім ішлі ўпершыню.

На зборы дзеля такой авантуры я меў адзін дзень і таму выправіўся ў каўкаскія горы ў кедах, балёневым трэніровачным касьцюме, з узятымі напракат матацыклетным шлемам, ледарубам, пляцаком і «кошкамі» (прыладай, каб лепш трымацца на лёдзе).

Тое што, «кіна ня будзе», я зразумеў у першы ж дзень, калі мы лезьлі амаль вэртыкальна па шчыліне ў гары, каб закласьці запаску. Запаскай называліся прадукты, што пакідаліся ў азначаным месцы, каб не насіць з сабой лішні цяжар. Закладалася яна на перасячэньні двух колцаў нашага маршруту.

Непадагнаны пляцак езьдзіў па сьпіне як хацеў, кеды на горным сьнезе сьлізгалі ня горш за канькі, кпіны суседзяў, хоць і былі ня злоснымі, але настрой псавалі.

– Эй камэрмэн, а што пляцак, пяткі не адбівае? – жартаваў Пётра.

– Алег, ты б хоць камэру распакаваў, – пасьмейваўся Саша-студэнт.

– Фільм будзе мець назву «Беларускі горны арол», – з сур’ёзным выглядам твару заўважаў Сяргей-біёляг.

Я незадаволена зыркаў, нешта спрабаваў здымаць, але… Калі на трэці дзень, мы сканчалі малое колца маршруту й падняліся на 4000 мэтраў, у мяне пазабіралі ўсё, што можна, каб я проста дайшоў. Я дайшоў і абрынуўся на зямлю. Сэрца маё хацела выскачыць праз горла, на вочы напаўзаў туман. Я глядзеў у неба і думаў, што вось так, па-дурному, паміраю цяпер на невядомым каўкаскім перавале.

Безумоўна, я стаў праблемай для групы, але адступаць ужо было позна.

Другое, вялікае колца маршруту сустрэла нас карнізам – сантымэтраў сорак, па якім трэ было прайсьці сьцяну працягласьцю мэтраў пяцьдзясят. Ішлі без страхоўкі. Пад карнізам зеўрала бездань.

Карніз гэты дасюль памятаю ў дэталях, калі я запыняўся ад страху, мне на плячо клалася рука Льва, які йшоў за мной.

– Спакойна наперад, – ціха гаварыў Леў. І я рухаўся наперад. Перайшоўшы, кінуў колькі камянёў ў тую бездань і ня пачуў гуку, калі яны сягалі дна.

То тут, то там на маршруце трапляліся знакі пра альпіністаў, якім не пашанцавала. Знакаў было даволі, часам былі надпісы пра тое, як адбылася трагедыя: сарваўся са сьцяны, забіты маланкай, загінуў у лавіне…

Як лёгка тут страціць жыцьцё, думаў я, гледзячы на гэтыя пакрытыя пылам часу надпісы…

Пасьля чарговага перавалу трэ было спусьціцца па стромкім, але ня дужа складаным баку гары.

– Каб не марнаваць часу, будзем спускацца на ледарубах, – скамандаваў Рамонак.

– Як гэта? – запытаў Сьцёпа-будаўнік.

– Так, – паказаў Рамонак, уставіўшы ледаруб паміж ног, кайлом дагары. Калі пачне несьці, цягнеш кайло, як штурвал да сябе, ручка зарываецца ў сьнег і тармозіць, – працягваў ён інструктаж.

Сьвяціла сонца, наст на гары рабіўся рыхлым і зручным.

– Але, паехалі! – пасьміхнуўся Рамонак.

І мы паехалі. Адлегласьць, што іншыя праходзілі за некалькі гадзін, мы міналі за хвіліны. Калі хуткасьць расла, я тармазіў і ўжо пасьпеў быў падумаць, што майстар спуску на ледарубе. Але на трэці раз ручку ледаруба вырвала з рыхлага сьнегу, я сеў на азадак і са сьвістам паляцеў у балёневым трэніровачным касьцюме ў апраметную.

У гэткіх выпадках сьвядомасьць не пасьпявае за рэчаіснасьцю, таму час расьцягваецца і ўсё адбываецца, як у рапідзе. Пару разоў я спрабаваў зарубіцца ледарубам за схіл, і пару разоў гэта мне амаль удавалася. Але, як кажуць – амаль ня лічыцца, урэшце, не хапала нейкага імгненьня і мяне зрывала. Сілы расталі. Вакол, як у сьне, мільгацелі скалы, сьнежны пыл, сонца й шалёная хуткасьць. Шчыра, я не спадзяваўся ні на што, як раптам усё спынілася. Я сядзеў у нейкай цёмнай дзюры на чужым пляцаку, нехта стагнаў побач. Аднекуль зь іншага сьвету голас спалоханага Рамонка крычаў маё імя.

Дзюра аказалася рандклюфтам, такой кішэняй паміж ледавіком і скалой, што утвараецца ад талых вод. Рандклюфт унізе звужаўся і сыходзіўся конуснам. Там, куды я не даляцеў, тырчалі вострыя як лязо мэтровыя адросткі лёду і скалы. На самым дне самотна бліскала адна з маіх «кошак».

Шлях мой у рандклюфт быў простым, як палёт стралы, але раней па больш складанай траекторыі туды патрапіў Леў. Адчуўшы, што нехта шаргаціць сьледам, ня гледзячы на зламаныя рэбры, ён машынальна скінуў свой пляцак і скочыў убок. Ягоны пляцак закрыў дзюру і не дазволіў мне даляцець да тых лёзаў.

Я глядзеў туды, дзе сыходзіўся конус рандклюфта і разумеў: штосьці важнае я не дарабіў яшчэ ў сваім жыцьці, дзеля чагосьці мне яшчэ дадзены час...

Фініш вандроўкі меў выгляд невялікай сьценкі з зусім вузкім карнізам. На гэты раз ішлі са страхоўкай у дзьвюх зьвязках, бо на дне пад карнізам на глыбіні мэтраў пятнаццаці былі адно расколатыя скалы, што тырчалі ўгару, як іклы цмока. Зьвязка Рамонка прайшла даволі хутка, сьледам на карніз ступіла наша – Сцёпа-будаўнік, я ды Ільля зь Сяргеем-біёлягам. Загадана было ісьці па адным.

Лыткі зводзіла сутаргай ад шалёнае напругі, па карнізе можна было ісьці адно на дыбках. Нават не ўяўляў, што пальцы могуць так чапляцца за найменшы выступ скалы. Перайшоўшы нарэшце сьценку, я, зьнясілены, паваліўся пад скалу з заплюшчанымі вачыма і з грымасай болю на твары. Апошнія – Ільля і біёляг Сяргей чамусьці апынуліся на сьценцы разам, плюнуўшы на страхоўку.

Падсьвядомасьць дзіўная рэч, у нейкі момант нешта мяне міжволі падкінула і прымусіла як наймацней абхапіць абедзьвюма рукамі выступ скалы. Праз імгненьне страховачная вяроўка здушыла грудзі так, што дух вон, і я пачуў шалёны крык Андрэя Рамонка:

– Алег трымай! Трымай, прашу! Алег, паважаю! Паважаю! Трымай!

Першы з нашай зьвязкі Сьцёпа-будаўнік пайшоў ня так і не туды, пасьлізнуўся і паехаў са схілу.

Здушаны вяроўкай, я раптам убачыў твары Ільлі і Сяргея-біёляга, што стаялі на карнізе без усялякай страхоўкі. Яны адчайна глядзелі на мяне. Я глядзеў на іх. Падаць на вузкія вострыя камяні-дзіды з вышыні пятнаццаці мэтраў, бяз шанцаў... Мяне да белых мух у вачох душыў павіслы на мне цэнтнэр жывое вагі Сьцёпы-будаўніка, але я быў абсалютна шчасьлівы, бо разумеў, што вось тут і цяпер, абхапіўшы скалу й сьціснуты страховачным шпагатам, я утрымаў на гэтым сьвеце два чалавечыя жыцьці. Цэлых два чалавечыя жыцьці…

Кіно пра альпіністаў я так і ня зьняў. Але вынік маёй вандроўкі ў Каўкаскія горы мяне натхняе дагэтуль. Я дакладна зразумеў, што мы ўтрымаем цяжар таго ганебнага рэфэрэндуму і не абрынемся ў бездань.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG