Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі ўвядуць маркіроўкі 6+, 12+, 16+ і 18+ на інфармацыйныя матэрыялы


Крытэры, па якіх тая ці іншая інфармацыя не рэкамэндаваная для пэўнага ўзросту, пакуль не распрацаваныя, але вядомы сьпіс шкоднай інфармацыі.

Ад 1 ліпеня 2017 году набудуць сілу папраўкі (PDF) у закон «Аб правах дзіцяці», сярод якіх новы разьдзел пра абарону дзяцей ад інфармацыі, якая наносіць шкоду іх здароўю і разьвіцьцю. Шкодная інфармацыя, у тым ліку мастацкі твор ці навіна на сайце, павінна маркіравацца адпаведна з узростам, ад якога яна дазволеная.

Глядзіце інфаграфіку вялікім памерам

Маркіроўкі па гадах будуць наступныя: «6+», «12+», «16+» і «18+», а таксама «0+» для інфармацыі без узроставых абмежаваньняў.

Крытэры, паводле якіх фільмам, песьням, канцэртам, відэагульням ці кнігам будзе надавацца абмежаваньне, пакуль невядомыя: іх даручана вызначыць ураду. Разам з тым урад павінен зацьвердзіць склад і статут Грамадзка-кансультатыўнай рады па абароне дзяцей ад шкоднай інфармацыі. Пастановы рады будуць мець толькі характар рэкамэндацыяў.

Ня вызначаныя пакуль і дэталі таго, як менавіта павінна пазначацца ўзроставае абмежаваньне: якім памерам на афішах, якой працягласьцю на відэа, у які момант у відэагульнях. Невядомае і пакараньне за невыкананьне закону. Вядома, што маркіроўка непатрэбная для тэле- і радыёперадач у жывым эфіры, аналітычных, інфармацыйных, культурна-асьветніцкіх і спартовых перадач, недзіцячых друкаваных СМІ і інфармацыйных паведамленьняў у інтэрнэце.

Тым ня меней у дакумэнце пералічаны віды шкоднай інфармацыі. У сьпісе — прапаганда алькаголю, наркотыкаў, курэньня, зьдзяйсьненьня злачынстваў і ўчыненьня гвалту, прастытуцыі, жабрацтва, азартных гульняў, распаўсюду парнаграфіі; інфармацыя са станоўчымі ацэнкамі злачынцаў і злачынстваў; дэманстрацыя сьмерці, катастрофы, хваробы; інфармацыя з адлюстраваньнем зьдзекаў з чалавека празь яго этнічнае і нацыянальнае паходжаньне, расавую, полавую, рэлігійную ці моўную прыналежнасьць, перакананьні ці сацыяльнае становішча; пабуджэньні да цялесных пашкоджаньняў ці самагубства, а таксама апісаньні сродкаў і спосабаў самагубства; апісаньне мэтодык вырабу небясьпечных для жыцьця прадметаў; дыскрэдытацыя інстытуту сям’і і шлюбна-сямейных стасункаў; ухваленьне звычак, якія супярэчаць здароваму ладу жыцьця; парнаграфічныя і эратычныя матэрыялы.

Уладальнікаў кампутарных клюбаў дакумэнт абавязвае ўжыць сродкі для недапушчэньня распаўсюду шкоднай інфармацыі сярод дзяцей, а правайдэраў — інфармаваць абанэнтаў пра сродкі абароны дзяцей ад шкоднай інфармацыі і паслугі пра абмежаваньне доступу да такой інфармацыі пры заключэньні кантракту.

XS
SM
MD
LG