Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Колішні магутны масавы рух БНФ адыграў важную ролю ў здабыцьці незалежнасьці Беларусі, дзяржаўнасьці беларускай мовы і прызнаньні нацыянальнай сымболікі.

Пасьля БНФ «пасыпаўся». Адны кажуць, прычынай былі ворагі і здрада, іншыя – унутраныя разборкі. У кожным разе, магутны масавы рух перастаў існаваць. Перасталі існаваць і яго гістарычныя здабыткі, бо ўсё ў краіне вярнулася на кругі свая – у фармат БССР.

Некалькі малалікіх груп людзей дагэтуль нясуць сьцяг колішніх слаўных перамог, якія абярнуліся паразай, і пры тым крэпка недалюбліваюць адны адных. Пры гэтым называюцца БНФ. Ці ёсьць у іх шанец вярнуць колішнія здабыткі ва ўмовах такое малалікасьці і міжусобіцы, калі самое слова «бээнэфавец» стала ў народзе прыніжальным знакам палітычнага лузэра, а статыстычная вага носьбітаў перайшла ў мінус? Адзінае, што тут можна было б зрабіць на карысьць справе – самараспусьціцца, пакінуць назву гісторыі і, калі ёсьць на тое час і натхненьне, стварыць новы мадэрны магутны і масавы рух, хай сабе і нефармальны.

Зьбіраюць нацыянальны кангрэс на вуліцы, бо «ўлады не далі памяшканьне». Нарываюцца на пратаколы і штрафы, а галоўнае, дыскрэдытуюць самі гэтыя словы – нацыянальны кангрэс. Быццам галоўная задача – ня зьмена сытуацыі ў краіне, а – падражніць гусей і пэрсанальна засьвяціцца ў прэсе. Падражнілі, засьвяціліся і што?

Партыя шосты ці сёмы раз паведамляе пра адмову ў рэгістрацыі. Шуміць прэса, дзе справядлівасьць? Калі ж разабрацца, партыя ніяк не данясе на рэгістрацыю нейкую паперку, чаго патрабуюць рэгістратары. Любы бізнэсовец ужо тры разы крутануўся б і нанёс тых паперак. А тут – ня вельмі трэба? Ці нерэгістрацыя партыі – найлепшае сьведчаньне яе жыцьцядзейнасьці і актыўнага апазыцыянізму, на чым тая жыцьцядзейнасьць і палягае, чым і абмяжоўваецца?

Адкуль уся гэтая анэмія, – думаецца мне ўжо ня першы год. Людзі з такой пазытыўнай ідэяй у арсэнале, са слаўнай гісторыяй колішняга БНФ, які дасягнуў свайго піку ў 1991-м (далей былі толькі страты папярэдніх здабыткаў), пры тым усе людзі, безумоўна, свае, сьвядомыя…

Калісьці з вуснаў Лукашэнкі «сьвядомыя» прагучала як насьмешка і было ўспрынята «сваімі людзьмі» як найвялікшая абраза. Мяне таксама карабаціла – як гэта так, нападаць на грамадзян за іх «сознательность»?

Калі ж удумацца, нічога дзіўнага – так дырэктар саўгаса глядзіць на адзінага ў вёсцы кніжніка. Ладна б школьнік захапляўся чытаньнем, а то дарослы чалавек. «Ачкарык».

Адкуль увогуле ўзяўся гэты тэрмін? Нацыянальная сьвядомасьць неяк сама сабой прысуседзілася побач з пашыранай у савецкія часы сьвядомасьцю пралетарскай, камуністычнай, партыйнай і проста – ідэйнай. Асаблівасьцю ўсіх гэтых «сознательностей» была дэкляраваная вернасьць ідэі, пры тым пэрсанальная адказнасьць, а разам зь ёй і асабістая свабода як бы перадаваліся вышэйшым паводле чыну носьбітам ідэі. Але ў канцы 1970-х мы пра гэта яшчэ ня ведалі і ня думалі.

Мы думалі, што «нацыянальна сьвядомы» – гэта дастатковая атэстацыя чалавека, каб назваць яго «сваім». Значна пазьней аказалася, што насамрэч гэты статус нічым не глыбейшы і не вышэйшы, чым «ачкарык». Гэта стала зразумела, калі сьвядомых стала шмат, калі паўстаў той магутны масавы рух. І разам зь яго заняпадам рабілася ўсё ясьней і больш зразумела, што сьвядомы – усяго толькі «ачкарык». Лукашэнка, які ў сваіх насьмешках умее патрапіць у актуальны грамадзкі настрой, тут жа і скарыстаў гэтае падзеньне сьвядомых.

Але чаму яны ўпалі і ці маглі ўстаяць на гэтым апірышчы, і ці маглі захаваць адзінства на глебе таго, што яны ўсе – сьвядомыя, ці маглі чагосьці дасягнуць у працы зь людзьмі і ў пратэстах на Плошчах?

За мінулыя 25 гадоў сам час нязьменна даваў адказ на ўсе гэтыя пытаньні – не. «Ачкарыкі» не яднаюцца на падставе сваіх акуляраў і пагатоў не перамагаюць. Дый мэты такой у іх проста ня можа быць. Таму ніхто і ня верыць у іхную перамогу, колькі б яны самі пра гэта ні гаварылі.

Ёсьць прынцыповая розьніца паміж нацыянальнай сьвядомасьцю і нацыянальнай годнасьцю. Прынцыповая, бо першае і другое зусім не абавязкова супадаюць. Варта прыгадаць, што сярод палеглых у часе ўкраінскай Рэвалюцыі Годнасьці далёка ня ўсе былі сьвядомымі ўкраінцамі. Але яны перамагалі, перамаглі і некалі перамогуць канчаткова. Гэта разумеюць і ўкраінскія лукашэнкі, і крамлёўскія летуценьнікі.

Прыведзеныя мною напачатку тры прыклады «палітычных» паводзінаў яднае якраз адсутнасьць нацыянальнай годнасьці. Няма волі да перамогі, няма супольнае мэты, няма прагі народнага прызнаньня тваёй праваты. А насамперш – няма сілы слова. Разумею, што гучыць банальна, але са слова і пачынаецца годнасьць. Зноў згадваю нядаўні фільм «Мандарыны», пра які пісаў на Свабодзе, і дыялёг эстонца з чачэнцам падчас грузіна-абхаскай вайны. Гаворка адбываецца на мяжы жыцьця і сьмерці.

«Я даў слова, – кажа эстонец. – Гэта слова эстонца». «І гэта ты кажаш мне, – пасьміхаецца чачэнец. – За сваё слова чачэнец аддасьць жыцьцё». Стары эстонец, счакаўшы, кажа: «Эстонец, чачэнец, якая розьніца».

Як па мне, гэта квінтэсэнцыя нацыянальнай годнасьці, безь якой у Беларусі ніколі ня будзе беларускай палітыкі – як афіцыйнай, так і апазыцыйнай, ня будзе перамен да лепшага, а будзе толькі правінцыйны аўтарытарызм ад улады і імітацыя дзейнасьці ад «сьвядомых ачкарыкаў».

Як па мне, дык нацыянальная годнасьць – галоўнае, што трэба выхоўваць і культываваць сёньня ў грамадзкай думцы напярэдадні непрадказальных плянаў вялікай суседняй краіны, «краху Лукашэнкі» і любых магчымых закалотаў у рэгіёне. Нішто іншае не аб’яднае народ.

Адсюль, дарэчы, і рознае разуменьне асьветы ўсімі, хто нібыта ўцягнуты ў нацыянальны працэс. Культывацыя сьвядомасьці сёньня – гэта выхаваньне блізарукасьці і больш нічога.

Як па мне, дык слова «сьвядомы» трэба аддаць гісторыі разам са словамі «БНФ» і іншымі, за якімі некалі быў посьпех, а засталася адна толькі зусім не бяскрыўдная пустата. Нешта моцна падобнае да сабакі на сене нацыянальнай ідэі. І мала хто ведае, што сабака даўно здох.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Яшчэ на гэтую тэму

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG