Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Вене прэзыдэнты Аліеў і Саргсян абмеркавалі Нагорны Карабах


Перамовы прэзыдэнтаў Армэніі і Азэрбайджану пры пасярэдніцтве ЗША, Расеі і Францыі. Вена, 16 траўня 2016 году

Перамовы прэзыдэнтаў Армэніі і Азэрбайджану пры пасярэдніцтве ЗША, Расеі і Францыі. Вена, 16 траўня 2016 году

Кіраўнікі Армэніі і Азэрбайджану правялі перамовы пры пасярэдніцтве Расеі, ЗША і Францыі.

У Вене прайшла першая пасьля абвастрэньня сытуацыі ў Нагорным Карабаху сустрэча прэзыдэнтаў Азэрбайджану і Армэніі Ільхама Аліева і Сержа Саргсяна.

Пасярэднікамі выступаюць краіны-сустаршыні Менскай групы АБСЭ — Расея, ЗША і Францыя. У прыватнасьці, у перамовах удзельнічаюць кіраўнікі МЗС Расеі і Францыі Сяргей Лаўроў і Жан-Марк Эро, а таксама дзяржсакратар ЗША Джон Керы.

Па выніках сустрэчы была прынятая сумесная заява, у якой сказана пра неабходнасьць захаваньня замірэньня ў тым выглядзе, у якім яно было ўзгодненае ў 1994-1995 гадах.

Прэзыдэнты Армэніі Серж Саргсян і Азербайджану Ільхам Аліеў пацьвердзілі прыхільнасьць спыненьню агню ў Нагорным Карабаху і мірнаму рашэньню канфлікту.

У сумеснай заяве ЗША, Францыі і Расеі, якія зьяўляюцца мадэратарамі так званай «Менскай групы», гаворыцца, што прэзыдэнты Армэніі і Азэрбайджану таксама дамовіліся аб наступным раўндзе дыялёгу для аднаўленьня перамоў пра ўсёабдымнае ўрэгуляваньне. Месца і дату новых перамоваў яшчэ трэба ўзгадніць.

Бакі таксама ўзгаднілі ўзмацненьне назіральнай місіі АБСЭ ў рэгіёне, якая цяпер мае на лініі фронту толькі шэсьць назіральнікаў.

У пачатку красавіка 2016 году ў Нагорным Карабаху абвастрыўся узброены канфлікт паміж Армэніяй і Азэрбайджанам. У выніку баёў, якія працягваліся каля двух сутак, загінулі дзясяткі людзей з абодвух бакоў, у тым ліку мірныя жыхары. Бакі канфлікту ўсклалі адказнасьць за абстрэлы адзін на аднаго. У пачатку траўня ўрад Армэніі ўхваліў законапраект аб прызнаньні незалежнасьці Нагорнага Карабаху.

XS
SM
MD
LG