Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскія патрыёты заклікаюць зрабіць Крым сапраўдным востравам. Такая прапанова паступіла прэзыдэнту Ўкраіны Пятру Парашэнку.

На прэзыдэнцкім сайце для пэтыцый ад грамадзянаў прапануецца «аддзяліць Крым ад мацерыка каналам, ператварыўшы яго ў востраў». Тлумачэньне:

«Зараз неабходна прыкласьці ўсе намаганьні для ўзмацненьня аблогі акупаванай тэрыторыі». Таму трэба пракапаць канал упоперак перашыйка: «Паўвостраў, такім чынам, стане востравам, што даставіць нямала праблемаў акупацыйным уладам».

Але каб Парашэнка разгледзеў такую прапанову, неабходна сабраць за тры месяцы дваццаць пяць тысяч подпісаў. Пакуль сабрана толькі 87. Напэўна задача была б лягчэйшай, калі б з ініцыятывай выступіла нейкая грамадзкая ці палітычная сіла, а не прыватная асоба. Так што на сёньня ініцыятыва з каналам — чыста «народная», але народнымі масамі яшчэ не завалодала. Зрэшты, мала было часу. А вось што датычыць сьцяны на мяжы з Расеяй, то гэта — праект дзяржаўны. Яна будзе мець даўжыню 2300 кілямэтраў.

Над паўвостравам, захопленым Расеяй, цяжэе літаратурная ўтопія, прыдуманая пісьменьнікам Аксёнавым пад назвай «Востраў Крым». Па сутнасьці Крым ужо стаў востравам, яго зрабіў такім прэзыдэнт Пуцін, аўтар апэрацыі па захопу чужой тэрыторыі. Да яго Крымам любіў займацца Сталін. Ён ствараў санаторны рай СССР: Абхазія, Сочы, Крым. Ён жа сваёй рукой і разбурыў гэты рай у Крыме, дэпартаваўшы карэннае насельніцтва за тысячы кілямэтраў. За калябаранцтва часткі татараў быў пакараны цэлы народ. У лістападзе 1989 Вярхоўны Савет СССР прызнаў дэпартацыю незаконнай і злачыннай акцыяй. Да таго часу «раны» загаіліся, Крым палюбіла большая частка насельніцтва. Апроч прыбалтаў, яны мелі сваю Балтыку.

Сталін спачатку пабудаваў, затым разбурыў. Пуцін пачаў з разбурэньня.

Чым быў Крым да анэксіі? Адпачынковым раем для ўкраінцаў, расейцаў і беларусаў. Пуцін адцяў украінцаў і большасьць беларусаў ад Крыму. Каб запоўніць пустыя гатэлі, санаторыі, кватэры і пакоі, вырашыў ледзь не пад прымусам пасылаць на крымскія пляжы жыхароў РФ. Аднак пасьля двух правальных сэзонаў сёлета наперадзе зусім ня лепшы. У стужцы навін сёньня можна прачытаць: Крым стаў губляць прывабнасьць для расейцаў, якія пабывалі там раней на хвалі «патрыятычнага ўздыму». Попыт на авіяквіткі ў Сімфэропаль зьменшыўся на 25 адсоткаў.

Крым зрабіўся тэрыторыяй не міжнароднага турызму, а — правінцыйнага, шэрай адпачынкавай зонай. Што ж, у крамлёўскага начальства гэта звычайна нядрэнна атрымліваецца. Так што глядзіш: украінцы пацерпяць-пацерпяць ды пракапаюць канал.

Крымскі начальнік Канстанцінаў назваў прапанову пракапаць канал паміж Украінай і Крымам вар’яцкай. А хіба не была вар’яцкай акцыя анэксіі паўвострава, у якой сам Канстанцінаў прыняў чынны ўдзел?

Сьцяна, канал — усё гэта захады дзеля абароны ўкраінскай тэрыторыі ад расейскай агрэсіі. І любому чалавеку вядома: абарона не вар’яцтва, вар’яцтва — агрэсія.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG