Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як перамога Ўкраіны на Эўравізіі паўплывае на крымскае пытаньне, на расейска-ўкраінскія адносіны і на настроі расейцаў адносна Ўкраіны і Эўропы?

Цыганкоў: Украінская сьпявачка Джамала перамагла ў песенным конкурсе «Эўрабачаньне», фінал якога адбыўся ў сталіцы Швэцыі Стакгольме 14 траўня. Сьпявачка крымскататарскага паходжаньня Джамала выканала песьню «1944» пра трагічны лёс крымскататарскага народу і яго дэпартацыю ў 40-я гады.

Натуральна, так ці іначай, але гэты самы папулярны сьпеўны конкурс у Эўропе даўно атрымаў палітычнае гучаньне. Асабліва на прасторах былога СССР гэты конкурс набывае гучаньне палітыкі і канкурэнцыі нацыяў і дзяржаваў.

Забаўна, як усё гэта неяк адначасова спалучаецца ў беларускай публікі — а часам нават у допісах тых самых людзей. З аднаго боку, Эўрабачаньне — «гаўно, прымітыў», і культурны чалавек за ім сачыць не павінен. Але калі выйграла Ўкраіна — то гэта раптам крута, важна, і «Героям слава». Ясна, што калі б выйграла Расея — гэты было б зноў «гаўно, прымітыў», далей па тэксьце.

Віталь Цыганкоў

Віталь Цыганкоў

З Джамалай выйшла яшчэ цікавей: песьню аб дэпартацыі крымскіх татараў расейскі тэлевядучы Дзьмітры Губерніеў зьвязаў зь міграцыйным крызісам у Эўропе. Пра тое, што ў песьні ёсьць і больш відавочны падтэкст, зьвязаны з далучэньнем Крыму да Расеі і крымінальнымі справамі ў дачыненьні да лідэраў крымскіх татараў, у расейскім тэлеэфіры не было сказана ні слова, хоць гэта актыўна абмяркоўвалася як ва ўкраінскіх, так і ў расейскіх сацсетках. У паўфінале «Эўрабачаньня» на «Расея-1» заявілі нават, што песьня Джамалы — пра тых, хто пакідае радзіму ў пошуках лепшай долі.

Натуральна, што ў Расеі трэцяе месца яе прадстаўніка Лазарава адразу патлумачылі палітычнай кан’юнктурай. Аб прадузятасьці галасаваньня журы вядучыя шоў на «Расеі-1» пачалі разважаць адразу пасьля перамогі Джамалы. Расейскія вядучыя адзначалі, што нацыянальныя журы, у якіх павінны сядзець прафэсіяналы, часта давалі Лазараву альбо нізкі бал, альбо зусім нічога, а звычайныя жыхары эўрапейскіх краінаў расейскага сьпевака паставілі на першае месца.

Калі ж усе гэтыя ўражаньні падсумаваць, то безумоўна перамога Ўкраіны ў масавай сьвядомасьці адбылася для таго, каб абвастрыць адносіны паміж расейскім і ўкраінскім грамадзтвамі.

Для значнай часткі расейскага грамадзтва вынікі сёлетняга «Эўрабачаньня» — чарговыя доказы ў пацьверджаньне папулярнай там думкі, што ўсе ў Эўропе супраць Расеі і за Ўкраіну. Грамадзяне галасавалі за расейскага выканаўца, але ўсё гэта забудзецца, застанецца тое, што Эўропа прагаласавала за Ўкраіну, гэта ўсё палітыка, і нас, расейцаў, ніхто ня любіць. Сумная выснова ў тым, што нават такая зьява, як песенны конкурс «Эўрабачаньне», робіцца яшчэ адным паленам у вогнішча жарсьцяў, канкурэнцыі і нелюбові адзін да аднаго паміж украінскім і расейскім грамадзтвам.

Дракахруст: Я б дадаў два моманты. Украіна атрымала вельмі моцны станоўчы зарад, вельмі добрую навіну. На жаль, добрых навінаў там апошнім часам няшмат, і перамога ў міжнародным конкурсе, перамога ў Эўропе — гэта падстава для радасьці і натхненьня.

Юры Дракахруст

Юры Дракахруст

Вельмі паказальныя лічбы менавіта народнага, глядацкага галасаваньня ў Беларусі. Яны вельмі добра кладуцца на дадзеныя сацыялягічных апытаньняў, калі лічыць, што галасаваньне ў гэтым конкурсе ў значнай ступені палітычна матываванае. На першым месцы Расеі — 12 балаў, а на другім Украіна — 10! То бок гэта ня тое, што да Ўкраіны нейкая нянавісьць, адкіданьне яе. Яна на даволі высокім месцы, але другая пасьля Расеі.

Зразумела, гэта ня ўся Беларусь галасавала, але гэта адлюстраваньне масавага стаўленьня, што Расея першая, але Ўкраіна таксама вельмі блізкая. Думаю, масаваму беларусу, па шчырасьці, не хацелася рабіць гэты выбар паміж украінкай і расейцам, як ім ня хочацца рабіць выбар паміж Расеяй і Ўкраінай у тым канфлікце, які віруе на ўсходзе Ўкраіны.

Карбалевіч: Вынік гэтага конкурсу атрымаўся ці ня самы палітызаваны за ўсю яго гісторыю. Думаю, на перамогу ўкраінскай сьпявачкі паўплываў палітычны чыньнік, фактар спачуваньня Ўкраіне, якая стала ахвярай расейскай агрэсіі, а таксама, фактар спачуваньня крымскім татарам, якія сталі ахвярай савецкага таталітарызму. Ну, а тое, што вакол гэтай падзеі адбываюцца палітычныя жарсьці...

Валер Карбалевіч

Валер Карбалевіч

Калі глядзець расейскія тэлеканалы, дык там палітыку робяць з усяго. І з Дня Перамогі, і з «Эўрабачаньня». Я думаю, яшчэ нас чакаюць вялікія жарсьці ад чэмпіянату сьвету па хакеі, які адбываецца ў Санкт-Пецярбургу і ў якім удзельнічае Расея. Палітыка будзе і ў чэмпіянаце па футболе, дзе ўдзельнічаюць зборныя абедзьвюх краін.

Што тычыцца палітычнага ўплыву гэтай перамогі ўкраінскай сьпявачкі на стасункі, то ня думаю, што ён будзе мець месца. Тут дзейнічаюць іншыя чыньнікі — ваенная эскаляцыя, пра якую мы гаварылі, і эканамічныя праблемы, якія цяпер перажывае Расея.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG