Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сурапін: «КДБ да сёньня не прызнала, што я маю права на кампэнсацыю»


Антон Сурапін

Антон Сурапін

Фатографу Антону Сурапіну выплацяць з казны 8 мільёнаў кампэнсацыі за месяц у СІЗА КДБ. Прасіў 190 мільёнаў.

Менскі гарадзкі суд пакінуў у сіле рашэньне суду Маскоўскага раёну аб выплаце Антону Сурапіну кампэнсацыі ў 8 мільёнаў рублёў за маральную шкоду за 35 дзён, якія ён правёў у СІЗА КДБ.

У 2012 годзе фатографа Антона Сурапіна больш за месяц пратрымалі ў СІЗА КДБ. Яго абвінавацілі ў тым, што нібыта дапамагаў «плюшаваму дэсанту» нелегальна трапіць у краіну.

Потым Антона Сурапіна вызвалілі і наогул спынілі крымінальны перасьлед. Фатограф пачаў дамагацца кампэнсацыі за месяц зьняволеньня ў памеры 190 мільёнаў рублёў.

Хаця прадстаўнікі дзяржавы хадайнічалі пра спыненьне працэсу, 2 сакавіка 2016 года суд Маскоўскага раёна пастанавіў выплаціць Сурапіну кампэнсацыю ў 8 мільёнаў рублёў.

Антон Сурапін і адказчыкі па справе — Міністэрства фінансаў і КДБ — падалі скаргі на гэтае рашэньне ў Менскі гарадзкі суд. Касацыйны суд пакінуў рашэньне ў сіле. Цяпер Міністэрства фінансаў павінна выплаціць гэтыя грошы. Паводле Сурапіна, усяго 8 мільёнаў за месяц арышту і амаль год знаходжаньня пад падпіскай аб нявыезьдзе — гэта замала. У інтэрвію карэспандэнту Свабоды ён сказаў, што суд патлумачыў гэта «прынцыпамі разумнасьці і справядлівасьці».

«Калі весьці гаворку менавіта пра грошы, то гэта несправядліва. Бо 8 мільёнаў — гэта каля 400 даляраў. Пасьля таго, як мяне выпусьцілі на волю, мне давялося набываць новую тэхніку — тэлефон, ноўтбук, фотаздымач з аб’ектывам. Гэта ўсё выйшла на шмат большую суму. Калі вярнулі маю старую тэхніку, яна была ўжо неактуальная і прадаць яе па кошце, па якім яна набывалася, было немагчыма. То бок, грошы з-за гэтай гісторыі былі страчаныя. Таму нават з гэтага гледзішча сума несправядлівая. Але зь іншага боку, найперш пытаньне стаяла ў тым, каб дамагчыся справядлівасьці, каб наогул што-небудзь кампэнсавалі, каб дзяржава афіцыйна прызнала, што я маю на гэта права. Бо калі б я насамрэч быў вінаваты, то я дагэтуль сядзеў бы і наогул не пабачыў ні капейчыны. А так суд вырашыў хоць штосьці даць, значыць я насамрэч быў не вінаваты. І гэта прынцыпова, што я быў не вінаваты. І суд гэта прызнаў. Хаця дагэтуль КДБ так і не прызнаў свае дзеяньні ў 2012 годзе адносна мяне незаконнымі. І дагэтуль ня вынес пастанову пра тое, што я маю права на кампэнсацыю маральнай шкоды».

Адказчыкам па справе выступала Міністэрства фінансаў. А як паводзіла сябе КДБ?

«Па закону па такіх справах сродкі вызначаюцца з дзяржказны, а гэтым загадвае Міністэрства фінансаў. Таму адказчыкам быў Мінфін, але КДБ выступаў трэцяй асобай на баку адказчыка, — распавёў Сурапін. — Ад КДБ быў толькі адзін прадстаўнік. Цягам усіх пасяджэньняў ён казаў адно і тое ж, што КДБ не прызнае, што я наогул маю права на кампэнсацыю, таму просіць суд не задавальняць мой пазоў. КДБ паводзіла сябе так, што яны, маўляў, зрабілі ўсё законна. КДБ па сёньня не прызнала, што я маю права на кампэнсацыю. І калі б яны прызналі, то гэта азначала б, што іх дзеяньні адносна мяне былі незаконнымі. Але афіцыйна яны гэтага не прызналі».

Антон Сурапін кажа, што ў яго яшчэ ёсьць магчымасьць дамагацца большай кампэнсацыі празь Вярхоўны суд: «Наогул я думаю, у мяне яшчэ ёсьць тры гады, каб гэтую суму, гэтыя 8 мільёнаў падвысіць».

XS
SM
MD
LG