Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін: Раней яны жылі спакойна, нябедна і ў бясьпецы


Якія наступствы для Беларусі будзе мець Эўрапейская сыстэма супрацьракетнай абароны ЗША і адказ на яе Расеі?

Дракахруст: 12 траўня ЗША ўвялі ў дзеяньне ў Румыніі першы аб’ект гэтак званага глябальнага супрацьракетнага шчыта. Гэты аб’ект, які разьмешчаны на авіябазе Дэвэсэлу, зьяўляецца часткай ахоўнага парасону ад Грэнляндыі да Азорскіх астравоў і накіраваны, паводле афіцыйнай вэрсіі, супраць іранскіх ракетаў. Аб’ект у Румыніі здольны зьбіваць ракеты так званых дзяржаваў-ізгояў, якія, на думку Вашынгтону, аднойчы змогуць дасягнуць буйных эўрапейскіх гарадоў. Праз пэўны час элемэнты гэтай сыстэмы зьявяцца і ў Польшчы.

Расея заўсёды выступала супраць разьмяшчэньня гэтых сыстэмаў у Цэнтральнай Эўропе.

У гэтым сэнсе адмоўная рэакцыя, якую выказаў прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін на нарадзе з кіраўнічым складам міністэрства абароны і прадстаўнікамі ВПК, не была нечаканай. Тое, што, на думку Масквы, сыстэма амэрыканскай СПА ў Эўропе скіраваная ня супраць ракет краінаў-ізгояў, а супраць расейскіх ракетаў, гаварылася і раней, і было паўторана цяпер.

Але прагучалі і новыя акцэнты.

Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

Пуцін заявіў, што комплексы СПА ў Румыніі і Польшчы — не абарончыя, а наступальныя сыстэмы, бо, паводле яго, пускавыя ўстаноўкі супрацьракетаў амэрыканскай СПА могуць быць выкарыстаныя для ракет сярэдняй і малой дальнасьці. Прэзыдэнт Расеі інтэрпрэтаваў такую магчымасьць як стварэньне ўмоваў для парушэньня Злучанымі Штатамі міжнароднай дамовы аб ракетах гэтай клясы.

Ён паабяцаў «купіраваць пагрозы», якія ўзьнікаюць для Расеі з гэтага парушэньня стратэгічнага балянсу. Ён падкрэсьліў, што гэты балянс зьяўляецца гарантыяй бясьпекі ад узьнікненьня канфліктаў куды больш разбуральных, чым усе вядомыя канфлікты ў «гарачых кропках». Іншымі словамі, Масква дае аднаўленьню таго, што яна лічыць балянсам, вышэйшы прыярытэт у параўнаньні зь любымі іншымі аспэктамі сваёй ваеннай стратэгіі.

Прагучала на нарадзе і фраза, вытрыманая ў пуцінскім сарданічным стылі: «Людзі, якія прымаюць адпаведныя рашэньні, павінны ведаць, што яны жылі да гэтага часу спакойна, нябедна і ў бясьпецы». Гэта абяцаньне, што запер прынамсі ЗША і Захад у цэлым, дзякуючы дзеяньням Расеі, ня будуць мець ні спакою, ні бясьпекі.

Цяжка сказаць, у якой ступені гэтыя заявы — блеф, запалохваньне, спроба захаваць твар «крутога мача», а ў якой — рэальныя пляны. Але можна дапусьціць, што гэта ўсё ж ня чысты блеф.

Расейскі адказ, якім бы ён ні быў, яшчэ больш павялічыць ваенна-палітычную напружанасьць у рэгіёне. Але некаторыя магчымыя варыянты гэтага адказу могуць тычыцца Беларусі наўпрост.

Калі цяпер Крэмль лічыць, што дамова аб ракетах сярэдняй і малой дальнасьці парушаная або можа быць парушаная, то адным з магчымых варыянтаў адказу можа стаць выхад з гэтай дамовы (пра такую магчымасьць і пра здольнасьць Расеі хутка аднавіць вытворчасьць такіх ракетаў высокапастаўленыя расейскія вайскоўцы гавораць з 2007 году) і разьмяшчэньне такіх ракетаў бліжэй да межаў краінаў НАТО. А гэта або Калінінградзкая вобласьць, або Беларусь.

І тады пляны разьмяшчэньня авіябазы пададуцца суцэльнай драбязой у параўнаньні з ператварэньнем Беларусі ў ракетны фарпост РФ. Прычым, аргумэнт, які выкарыстоўваўся Менскам у пярэчаньнях наконт авіябазы, тут не падзейнічае. Тады Лукашэнка казаў — дык дайце гэтыя самалёты нам, мы пасадзім на іх сваіх лётчыкаў і будзем абараняць супольнае неба. Права кіраваць сваёй ядзернай зброяй ні ЗША, ні СССР, ні сучасная Расея не перадавалі і не перадаюць нікому, нават самым верным саюзьнікам. Беларусь можа або прыняць расейскую ядзерную зброю, або адмовіць Маскве ў гэтым.

Ня выключана, і нават хутчэй за ўсё, адказ Расеі гэтага прадугледжваць ня будзе, апошнім часам Масква мае звычку разьлічваць толькі на сябе. Тая самая эпапэя з авіябазай у Беларусі хутчэй пераканала Крэмль, што з саюзьнікамі ў вострых ваенных пытаньнях лепш ня зьвязвацца. Але калі адпаведнае рашэньне ўсё ж будзе прынятае, скажам, з ваенных меркаваньняў, то з улікам вызначанага Пуціным прыярытэту ядзернай бясьпекі і стратэгічнага балянсу на Менск можа быць аказаны ціск неверагоднай моцы.

Цыганкоў: Няма ніякай стратэгічнай патрэбы разьмяшчаць усё гэта ў Беларусі, паколькі супраць тых амэрыканскіх сыстэмаў, якія будуць разьмешчаныя ў Польшчы, выступаюць расейскія сыстэмы, разьмешчаныя ў Калінінградзкай вобласьці. Іх можна ўзмацніць. Ну а калі казаць пра Румынію, то тут і ў акваторыі Чорнага мора можна трымаць ракеты на караблях, і ёсьць цяпер у Расеі дэ-факта Крым. Калі пойдзе справа аб разьвязваньні халоднай вайны, гонцы ўзбраеньняў і парушэньні існуючых дамоваў, то Расея і там можа пачаць разьмяшчаць зброю.

Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў

Кожны новы віток гэтакй эскаляцыі здаецца нам чымсьці незвычайным, але на самой справе ў гісторыі апошніх дзесяцігодзьдзяў гэта ўжо ня першы раз. ЗША разьмяшчалі свае ракеты ў Эўропе, і Савецкі Саюз на гэта думаў, як адказваць, і рабіў грозныя заявы. Была і вельмі нэрвовая рэакцыя Масквы на пашырэньне НАТО, перш за ўсё на краіны Ўсходняй Эўропы, а потым і на балтыйскія краіны — Эстонію, Латвію і Літву. Калі паглядзець загалоўкі, вельмі рэзкія былі заявы з боку Расеі на гэтыя крокі. Хоць адносіны былі нашмат лепшыя з Захадам, Масква сябе ня стрымлівала ў заявах, але ніякіх радыкальных крокаў і не рабіла. Паўночнаатлянтычны альянс пашырыўся на краіны Балтыі, там разьмешчаныя войскі НАТО, але ніякага рэзкага адказу на гэта Расея так і не дала.

Можна казаць, што тут будзе нейкая сутычка інтэрпрэтацыяў. ЗША, я мяркую, ня будуць прызнаваць, нават пры сёньняшніх напружаных адносінах з Расеяй, што гэтыя новыя сыстэмы накіраваныя супраць яе. Безумоўна, афіцыйная вэрсія — абарона ад патэнцыйных блізкаўсходніх пагрозаў, іранскіх, напрыклад, ракетаў. З гэтага пункту гледжаньня любы расейскі адказ будзе прадстаўляцца НАТО і ЗША як непрапарцыйны.

Карбалевіч: Для таго, каб паўстала пытаньне аб разьмяшчэньні ў Беларусі расейскіх ракетаў, трэба каб канфрантацыя паміж Расеяй і Захадам пайшла па найгоршым сцэнару, па шляху эскаляцыі напружанасьці.

Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Увогуле, асноўны акцэнт Расея будзе рабіць на свае ўласныя тэрытарыяльныя рэсурсы. Калі гаворка пойдзе пра нэўтралізацыю пагрозы з Польшчы, то Масква будзе рабіць стаўку на Калінінградзкую вобласьць. Супраць магчымых ракетаў у Румыніі Расея будзе спрабаваць выкарыстаць Чарнаморскі флёт. Магчымасьці запускаць ракеты з мора былі прадэманстраваны Расеяй падчас апэрацыі у Сірыі, калі ракеты былі запушчаны з Касьпійскага мора.

Што тычыцца разьмяшчэньня расейскіх ракетаў зь ядзернай зброяй на тэрыторыі Беларусі, то тут узьнікае шэраг перашкодаў. Трэба, каб ня толькі Расея, але і Беларусь выйшла з шэрагу міжнародных пагадненьняў.

А самае галоўнае — патрэбны зусім іншы ўзровень даверу паміж саюзьнікамі. Бо нават калі Маскве і ўдасца ўламаць Лукашэнку на гэта, то беларускі лідэр запатрабуе права на «другую кнопку». То бок, каб запуск такой ракеты мог адбыцца толькі пры згодзе афіцыйнага Менску. На гэта Масква пайсьці ня можа, бо траціцца сэнс такой апэрацыі.

Другі момант. Памятаеце, як у 1995-96 гадах узьнікла праблема вываду расейскай ядзернай зброі зь Беларусі? У Менск давялося прыяжджаць высокім крамлёўскім чыноўнікам, каб угаварыць Лукашэнку не чыніць перашкодаў у гэтым. Дык цяпер сытуацыя можа паўтарыцца. Увёўшы сюды свае ракеты, Расея, па-першае, магчыма, ня цалкам зможа імі скарыстацца па сваім жаданьні. А па-другое, узьнікнуць праблемы, як іх забраць назад. Яшчэ у 1998 годзе Лукашэнка прапаноўваў вярнуць ядзерную зброю ў Беларусь. То бок, гэтая апэрацыя можа стаць дадатковым канфліктным пытаньнем між саюзьнікамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG