Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 17 траўня: форум па кіраваньні інтэрнэтам, раздвоены Акудовіч, суд над судзьдзямі


Валянцін Акудовіч
Валянцін Акудовіч

Падзеі і даты гэтага дня ў Беларусі, сьвеце, гісторыі

АФІША

У Менску пройдзе першы Нацыянальны форум па кіраваньні інтэрнэтам. Форум стане пляцоўкай для абмеркаваньня ключавых пытаньняў разьвіцьця інтэрнэту ў краіне паміж прадстаўнікамі дзяржавы, бізнэсу і грамадзтва. Менск, гатэль «Пэкін», пачатак а 10-й.

Выдавецтва «Логвінаў» і «Беларускі калегіюм» прэзэнтуюць новую кнігу Валянціна Акудовіча «Прачнуцца ранкам у сваёй краіне». Прэзэнтацыя адбудзецца ў двух месцах: заля «Я ёсьць» (галерэя «Ў». Дыскусія з удзелам аўтара і рэдактара кнігі Ігара Логвінава. Мадэратарка — Ірына Дубянецкая) і заля «Мяне няма» — (кнігарня «ЛогвінаЎ». Здымкі дакумэнтальнага фільму пра Валянціна Акудовіча з удзелам сяброў і калег, адкрытая камэра.)

У Вярхоўным судзе Беларусі пачнецца разьбіральніцтва па крымінальнай справе судзьдзяў Эканамічнага суду Менска Юрыя Грушэцкага і Алены Мельнікавай. Ім пагражае да 15 год зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці. Першага абвінавачваюць у дачы і атрыманьні хабару, а таксама ў махлярстве, другую — у атрыманьні хабару.

Сусьветны дзень барацьбы з гамафобияй.

ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ

1788 — у Стакгольме адкрыўся Каралеўскі драматычны тэатар.

1792 — заснавана Нью-Ёркская фондавая біржа.

1814 — у Нарвэгіі прынятая першая Канстытуцыя.

1954 — Вярхоўны суд ЗША абвясьціў незаконнай расавую сэгрэгацыю ў школах.

1985 — у СССР прынята пастанова «Аб мерах па пераадоленьні п’янства і алькагалізму і выкараненьні самагонаварэньня».

У гэты дзень нарадзіліся:

1904 — францускі актор Жан Габэн.

1950 — Валерыя Навадворская, расейская палітычная дзяячка, дысыдэнтка, журналістка, заснавальніца лібэральнай партыі «Дэмакратычны саюз». Нарадзілася яна ў Беларусі, у Баранавічах.

1952 — Анатоль Красоўскі, беларускі бізнэсовец. 16 верасьня 1999 году разам з палітыкам Віктарам Ганчаром быў выкрадзены ў Менску пры нявысьветленых абставінах.

У гэты дзень памерлі:

1510 — Сандра Батычэлі, італьянскі мастак.

1931 — мітрапаліт Менскі і Беларускі Мэльхісэдэк. У 1922 годзе, калі беларуская праваслаўная царква ў БССР абвясьціла сваю аўтаномію ад Масквы, мітрапаліт Мэльхісэдэк узначаліў гэты працэс аддзяленьня. Як прапаведнік, ён быў вядомы сваёй прыхільнасьцю да беларускага нацыянальнага адраджэньня і падпаў за гэта пад перасьлед бальшавіцкіх спэцслужбаў.

1934 — Алесь Салагуб, беларускі паэт, публіцыст. У міжваеннай Заходняй Беларусі браў удзел у дзейнасьці Беларускай сялянска-работніцкай грамады і Таварыства беларускай школы. Сядзеў у польскіх турмах. У 1928-м перайшоў у БССР, дзе празь пяць гадоў падпаў пад рэпрэсіі і быў расстраляны.

1934 — Міхаіл Кахановіч, палітычны дзяяч, пэдагог, рэдактар, публіцыст. У 1919-1922 гадах першы дырэктар Віленскай беларускай гімназіі. Выступаў з публіцыстычнымі артыкуламі ў «Беларускай крыніцы», «Беларускім жыцьці», «Беларускіх ведамасьцях» і іншых. У лістападзе 1922 году абраны дэпутатам ў Сойм Польшчы, сябра Беларускага пасольскага клюбу. У 1925 годзе пераехаў у БССР. Арыштаваны 11 жніўня 1933 году па справе «Беларускага нацыянальнага цэнтру». 9 студзеня 1934 году прысуджаны да расстрэлу. Расстраляны ў НКВД Менску. Рэабілітаваны 16 жніўня 1956. Тое, што ёсьць, таго ўжо ня будзе.

ЦЫТАТА

Я ёсьць — значыць мяне ўжо ня будзе. Ніколі. Нідзе.

Мяне ніколі болей ня будзе!

Вусьцішнасьць быцьця ў тым, што быць больш трагічна, чым ня быць. Бо быць — гэта ўжо быць, а ня быць — гэта толькі яшчэ ня быць.

У быць адзін сэнс — болей ня быць. Нідзе. Ніколі.

Валянцін Акудовіч. Мяне няма: роздумы на руінах чалавека.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG