Лінкі ўнівэрсальнага доступу

8 млн. за 35 дзён у СІЗА КДБ. Журналіст Антон Сурапін дамогся кампэнсацыі за «плюшавы дэсант»


Антон Сурапін

Антон Сурапін

Журналіст Антон Сурапін атрымае 8 мільёнаў рублёў у кошт маральнай шкоды за 35 дзён, якія ён правёў у СІЗА КДБ па справе аб «плюшавым дэсанце» ў 2012 годзе.

Кампэнсацыю яму выплаціць Міністэрства фінансаў паводле рашэньня суду Маскоўскага раёну Менску, якое пакінуў бязь зьмены Менскі гарадзкі суд. Пра гэта Антон Сурапін распавёў TUT.BY.

У сьнежня 2015 году журналіст падаў пазоў у суд Маскоўскага раёну Менску. У заяве ён зазначыў, што ў выніку незаконнага ўтрыманьня пад вартай і прымяненьня меры стрыманьня ў выглядзе падпіскі аб нявыезьдзе яму былі прычыненыя маральныя і фізычныя пакуты. Ён папрасіў суд спагнаць зь дзяржбюджэту пакрыцьцё маральнай шкоды, якую ацаніў на 190 мільёнаў рублёў. У якасьці галоўнага адказчыка выступала Міністэрства фінансаў, у сьпісе адказчыкаў быў таксама і Камітэт дзяржаўнай бясьпекі.

2 сакавіка 2016 году суд Маскоўскага раёна Менску прыняў рашэньне кампэнсаваць журналісту маральную шкоду памерам 8 мільёнаў рублёў. Сурапіна не задаволіла гэтая сума, і ён падаў касацыйную скаргу ў Менскі гарадзкі суд.

«Сума мізэрная... Але гэта прэцэдэнт! За апошнія гады не было ніводнага выпадку, калі палітвязьню дзяржава нешта кампэнсавала!»

«[Па псыхалягічную экспэртызу] давялося ехаць у Кіеў. Экспэртызу праводзіў прафэсіянал зь некалькімі вышэйшымі адукацыямі. Ён прыйшоў да высновы, што я „напакутаваўся“ на суму 16-32 тысяч даляраў. Дакладней, у столькі абыдзецца комплекс мерапрыемстваў па псыхалягічнай карэкцыі маёй асобы пасьля крымінальнага перасьледу», — распавядае Сурапін.

Нягледзячы на атрыманае заключэньне экспэрта, судовая калегія пакінула бязь зьменаў рашэньне суду першай інстанцыі.

Кампэнсацыю Антону пакуль ня выплацілі, але ён разьлічвае атрымаць грошы ўжо на гэтым тыдні:

«Сума мізэрная... Але гэта прэцэдэнт! За апошнія гады не было ніводнага выпадку, калі палітвязьню дзяржава нешта кампэнсавала!»

4 лiпеня 2012 году аднаматорны самалёт, якім кіравалі супрацоўнікі швэдзкай PR-кампаніі Studio Total, несанкцыянавана перасек паветраную мяжу Беларусі. Ён правёў у паветранай прасторы краіны каля паўтары гадзіны, скінуўшы над Івянцом і ўскраінай Менску больш за 800 плюшавых медзьведзянят з цыдулкамі ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі.

Антон Сурапін, на той момант 20-гадовы студэнт Інстытуту журналістыкі, першым выклаў на сваім сайце фатаграфіі цацак.

Першапачаткова вайскоўцы і памежнікі адмаўлялі парушэньне дзяржмяжы. Пазьней па гэтым факце была ўзбуджаная крымінальная справа. 13 ліпеня ў рамках расьсьледаваньня Сурапін быў затрыманы. Потым стала вядома пра затрыманьне яшчэ аднаго чалавека — рыэлтара Сяргея Башарымава, у якога швэды плянавалі здымаць жытло.

16 ліпеня Сурапіну і Башарымаву выставілі абвінавачаньне па частцы 6 артыкулу 16 (дапамога ва ўчыненьні злачынства) і частцы 3 артыкулу 371 (незаконнае перасячэньне Дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь) Крымінальнага кодэксу.

25 ліпеня міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала Сурапіна вязьнем сумленьня.

31 ліпеня за «неналежнае выкананьне службовых абавязкаў па забесьпячэньні нацыянальнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь» Аляксандар Лукашэнка зьняў з пасадаў кіраўніка Памежнага камітэту Ігара Рачкоўскага і камандуючага Вайскова-паветранымі сіламі і Войскамі супрацьпаветранай абароны генэрал-маёра Дзьмітрыя Пахмелкіна.

1 жніўня ўлады Беларусі адмовілі працягнуць акрэдытацыю амбасадару Швэцыі Стэфану Эрыксану.

17 жніўня Камітэт дзяржбясьпекі зьмяніў Сурапіну і Башарымаву меру стрыманьня з утрыманьня пад вартай на падпіску аб нявыезьдзе.

28 чэрвеня 2013 году намесьнік старшыні КДБ Ігар Сяргеенка паведаміў, што расьсьледаваньне па крымінальнай справе аб «плюшавым дэсанце» завершана. Казаць пра якія-небудзь падрабязнасьці ён адмовіўся. З галоўных фігурантаў гэтай справы зьнятыя абвінавачаньні і падпіска аб нявыезьдзе. Сьледчы спыніў крымінальны перасьлед у дачыненьні да Сурапіна за адсутнасьцю ў яго дзеяньнях складу злачынства.

XS
SM
MD
LG