Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дабравольскі: «Тых, хто не захоча далучыцца да адзінай выбарчай альтэрнатывы ўладам, проста не пачуюць»


Аляксандар Дабравольскі

Аляксандар Дабравольскі

Сёньня дэлегацыя Эўрапейскага парлямэнту, якая знаходзіцца ў Менску з працоўным візытам, сустракалася з прадстаўнікамі апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці.

Адметнасьцю гэтага мерапрыемства стала тое, што яно праводзілася ў фармаце круглага стала. Прычым задаць сваё пытаньне альбо выступіць маглі ня толькі эўрадэпутаты і лідэры апазыцыі — тыя і другія разам сядзелі за асобным сталом, — але і актывісты апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці, а таксама журналісты, якія сабраліся ў гэтай жа залі. Такая форма кантактаў і прывяла да таго, што міні-выступы і пытаньні былі вострыя, а адказы шчырыя, «непрычасаныя».

Гэта добры крок у правільным кірунку, і гэты працэс трэба працягваць. Бо пакуль прарыву ў нашых дэмакратаў няма.

«Мне спадабалася такая форма дыскусіі, — сказаў у размове са Свабодай сябра палітрады Аб’яднанай грамадзянскай партыі, дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі 13 скліканьня Аляксандар Дабравольскі. — Плюс да гэтага тэма круглага стала — падрыхтоўка да выбараў — надзвычай актуальная якраз для сёньняшняга дня. Яшчэ адзін плюс — людзі, якія займаюцца ў Эўразьвязе дачыненьнямі зь Беларусьсю (я маю на ўвазе і што дэпутаты Эўрапейскага парлямэнту да гэтага працэсу спрычыняюцца), маглі пачуць рэакцыю шараговых актывістаў на пацяпленьне стасункаў Брусэля і афіцыйнага Менску. Урэшце, актывісты маглі на ўласныя вушы пачуць і матывацыю сваіх кіраўнікоў, і пазыцыю эўрапейцаў.

Гэта добры крок у правільным кірунку, і гэты працэс трэба працягваць. Бо пакуль прарыву ў нашых дэмакратаў няма».

Карэспандэнт: «Лаўлю вас, спадар Аляксандар, на слове: а ці будзе прарыў наагул, а калі будзе, то калі?»

«Прарыў будзе абавязкова. Беларусь — краіна, у якой, на жаль, замацаванае права аднаго чалавека кіраваць увесь час. Але гэта беспэрспэктыўны праект. Раней ці пазьней ён абваліцца.

Я хачу, каб людзі, якія хочуць у нашай краіне пераменаў (а іх усё болей і болей), самі спрычыніліся да гэтай вялікай справы, узялі частку адказнасьці і на сябе.

Сёньня з вуснаў Мікалая Аўтуховіча, яшчэ некалькіх чалавек прагучала думка: людзі стаміліся чакаць, калі апазыцыя нарэшце зробіць нешта істотнае. Сама апазыцыя гэтага ня зробіць. Я хачу, каб людзі, якія хочуць у нашай краіне пераменаў (а іх усё болей і болей), самі спрычыніліся да гэтай вялікай справы, узялі частку адказнасьці і на сябе».

Карэспандэнт: «Да афіцыйнага старту выбарчай кампаніі застаецца меней за месяц. Якая ваша думка: ці будзе адзінства ў шэрагах апазыцыі? Сёньня Мікола Статкевіч казаў, што ўжо нібыта існуюць аж 7 асобных сьпісаў дэмакратычных кандыдатаў?»

«Нейкае адзінства будзе. Такое жаданьне і нават такая тэндэнцыя ўжо бачныя. Цяжэй сказаць, у якой ступені лідэры змогуць дамовіцца пра супольныя дзеяньні.

Але існуюць і праблемы, якія гэтаму перашкаджаюць. Напрыклад, той недавер у дэмакратычных арганізацыях. Ён зьявіўся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у сьнежні 2010 году, калі высьветлілася, што шмат хто працаваў не на тое, на што публічна дэкляраваў. Гэты недавер па-ранейшаму застаецца. Яго можна пераадолець, аднак гэта нялёгкая справа.

І яшчэ ёсьць пэўныя разыходжаньні паміж лідэрамі дэмакратычных сілаў. Іх, я лічу, трэба перанесьці на будучыню і пакуль ня ставіцца да іх як да галоўных.

Для грамадзтва важна, каб была адна альтэрнатыва. Таму бальшыня дэмакратычных арганізацыяў яе павінна прад’явіць.

Таму поўнага адзінства перад выбарамі ня будзе. Але для грамадзтва важна, каб была адна альтэрнатыва. Таму бальшыня дэмакратычных арганізацыяў яе павінна прад’явіць. Ну, а тых, хто не захоча так зрабіць, проста не пачуюць».

Карэспандэнт: «А вы асабіста не зьбіраецеся вылучацца? Ёсьць жа вялікі досьвед народнага дэпутата СССР, дэпутата Вярхоўнага Савету».

«У гэтай кампаніі я буду абавязкова ўдзельнічаць. Буду падтрымліваць кандыдатаў ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Сам вылучацца ў дэпутаты не зьбіраюся. Але ўсё можа мяняцца. І таму я не выключаю такіх магчымасьцяў на будучыню».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG