Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы, якія баранілі Ўкраіну, самі патрабуюць абароны


Беларускія добраахвотнікі, якія ваююць на баку Ўкраіны, архіўнае фота з Фэйсбуку

Беларускія добраахвотнікі, якія ваююць на баку Ўкраіны, архіўнае фота з Фэйсбуку

Беларускія добраахвотнікі, якія на пачатку ваенных дзеяньняў на Данбасе змагаліся ў складзе батальёнаў на баку Ўкраіны, працягваюць змагацца цяпер ўжо з украінскай бюракратыяй за сваю легалізацыю ў краіне.

Сёньня Дзяржаўная міграцыйная служба Ўкраіны падоўжыла толькі на адзін месяц тэрмін рэгістрацыі беларусу Рустаму Доку, які ваяваў спачатку ў складзе батальёна «Данбас», а потым у батальёне «Правы сэктар».

«Раней міграцыйныя службы працягвалі яму рэгістрацыю на тры месяцы, потым на паўгода, а цяпер толькі на адзін месяц. Калі наступным разам наагул адмовяць, то давядзецца зьвяртацца ў суд. Але і судовы працэс тут выглядае беспэрспэктыўным», — сказаў беларускі добраахвотнік.

Рустам Док

Рустам Док

Летась Рустам Док, не дачакаўшыся ўкраінскага грамадзянства, якое кіраўніцтва краіны абяцала надаць усім замежным добраахвотнікам, зьвярнуўся да міграцыйных уладаў з заяваю аб атрыманьні статусу ўцекача, але яму адмовілі ў сувязі з «адсутнасьцю асцярог наконт перасьледу».

Цяпер ён, як і іншыя замежныя добраахвотнікі, асьцерагаецца, што пры наступным звароце да міграцыйных службаў можа атрымаць прадпісаньне пакінуць тэрыторыю Ўкраіны.

Ігар Гузь

Ігар Гузь

«Пакуль што ніводзін замежны добраахвотнік ня быў дэпартаваны з Украіны. Хоць, зразумела, такія асцярогі ёсьць. Але, я спадзяюся, што мы даможамся разьвязаньня праблемы. На гэтым тыдні я разам з замежнымі добраахвотнікамі, і ня толькі беларускімі, пляную правесьці сустрэчу з кіраўніцтвам Міністэрства ўнутраных спраў, пляную таксама зьвярнуцца да новага генэральнага пракурора Юрыя Луцэнкі, каб пазьбегнуць магчымых інцыдэнтаў з замежнымі добраахвотнікамі», — падкрэсьліў у размове са «Свабодай» народны дэпутат Украіны, намесьнік старшыні парлямэнцкага камітэту замежных спраў Ігар Гузь.

На сёньня ва Ўкраіне ўхвалены закон, які дазваляе ў спрошчаным парадку атрымліваць украінскае грамадзянства тым замежнікам, якія толькі зьбіраюцца ехаць ва Ўкраіну для службы ў войску. Але тыя, хто ўжо ваяваў у складзе добраахвотніцкіх батальёнаў, па-ранейшаму застаюцца па-за законам. Днямі парлямэнцкі камітэт па пытаньнях правоў чалавека, нацыянальных меншасьцяў і міжнацыянальных адносін зноў разглядаў два законапраекты, якія маюць унармаваць правы замежнікаў-добраахвотнікаў. Гэтыя дакумэнты былі зарэгістраваныя яшчэ летась, але так і не дайшлі да разгляду на пасяджэньнях парлямэнту. Дыскусія працягваецца.

Валерыя Луткоўская

Валерыя Луткоўская

На думку ўпаўнаважанага пра правах чалавека Ўкраіны Валерыі Луткоўскай, абодва гэтыя законапраекты патрабуюць дбайнай дапрацоўкі, каб забясьпечыць законнасьць знаходжаньня ва Ўкраіне замежнікаў, якія ваявалі на баку ўкраінскай улады.

«Тыя замежнікі, якія прымалі ўдзел у баявых дзеяньнях, ніякай абароны не атрымліваюць, і ніякім чынам гэты законапраект іх праблемы ня вырашыць», — сказала яна.

Народны дэпутат Георгі Лагвінскі таксама настойвае на тэрміновым урэгуляваньні статусу замежнікаў-добраахвотнікаў:

Георгі Лагвінскі

Георгі Лагвінскі

«Да мяне зьвярнуліся праваабаронцы Харкаўскай праваабарончай групы. Дагэтуль людзі, якія ўдзельнічалі ў АТА, адшукваюцца паводле запытаў Расейскай Фэдэрацыяй. Іх затрымала СБУ, і цяпер яны знаходзяцца ў СІЗА. Адзін зь іх — крымскі татарын... У Адэсе да мяне зьвярталіся расейцы, якія былі на Майдане, і яны ня могуць атрымаць ніякай падтрымкі ад дзяржавы: ні пасьведчаньня на пражываньне, ні статусу ўцекачоў — нічога. Больш за тое, дзяржава яшчэ і судзіцца, каб выправадзіць з Украіны тых людзей, якія стаялі разам на Майдане або ваявалі на Данбасе», — паведаміў Георгі Лагвінскі.

Урэшце парлямэнцкі камітэт вырашыў стварыць працоўную групу, каб падрыхтаваць законапраект да разгляду ў сэсійнай залі.

У красавіку замежнікі, якія ваявалі ў Данбасе на ўкраінскім баку, зьвярнуліся да ўкраінскіх уладаў з просьбай або надаць ім грамадзянства Ўкраіны, або ўвесьці мараторый на прымусовую дэпартацыю да заканадаўчага ўрэгуляваньня іхнага статусу ва Ўкраіне.

XS
SM
MD
LG