Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўніца Эўразьвязу: Мы не забіраем грошы на падтрымку грамадзянскай супольнасьці


Андрэа Віктарын, архіўнае фота

Андрэа Віктарын, архіўнае фота

Сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі працягвае турбаваць Эўразьвяз. Пра гэта на круглым стале ў Менску заявіла кіраўніца прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі Андрэа Віктарын.

Віктарын падкрэсьлівае, што пытаньне правоў чалавека мае вялікае значэньне для двухбаковых стасункаў. Акрамя таго, ЭЗ будзе працягваць зьвяртацца да пытаньня аднаўленьня ў правах былых беларускіх палітвязьняў. Паводле яе слоў, Брусэль вялікую ўвагу аддае таксама будучай парлямэнцкай кампаніі, пытаньням рэгістрацыі палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў, а таксама праблеме сьмяротнага пакараньня.

Віктарын кажа, што ЭЗ, нягледзячы на паляпшэньне стасункаў зь беларускімі ўладамі, ня зьменшыў падтрымку беларускага грамадзтва.

«Я ведаю, што многіх турбуе, што мы пераносім акцэнт на кантакты зь дзяржаўнымі арганізацыямі. Але я б хацела сказаць, што мы разьвіваем вобласьці ўзаемадзеяньня, якія павінны паўплываць на звычайных людзей. І мы не забіраем грошы, якія меркавалася накіраваць на працу грамадзянскай супольнасьці, і не ўкладаем іх у іншыя сфэры. Мы працягваем наша ўзаемадзеяньне і дапамогу. Мы будзем і ў далейшым арганізоўваць праекты сумесна з грамадзянскай супольнасьцю», — заявіла кіраўніца прадстаўніцтва ЭЗ.

Віктарын дадала, што ЭЗ мае заняцца распрацоўкай праграмы ўзаемадзеяньня зь Беларусьсю і беларускім грамадзтвам.

«У далейшым мы пачнём падрыхтоўку да наступнай праграмы 2017–2020 гадоў. Гэтая праграма вызначыць базавыя рамкі нашага ўзаемадзеяньня ў бліжэйшыя гады, і гэта будзе зроблена сумесна з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці», — кажа Віктарын.

XS
SM
MD
LG