Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўская арганізацыя БНФ пад пагрозай высяленьня і зьнікненьня


Апазыцыйныя структуры ў пошуках, дзе ўзяць сродкі на арэнду офісаў, а ня будзе сядзібы — ня будзе рэгістрацыі.

Магілёўскай абласной арганізацыі Руху БНФ «Адраджэньне» пагражае страта сядзібы. Запазычанасьць за арэнду памяшканьня і камунальныя паслугі сягае дзьвюх тысяч эўра. А ня будзе сядзібы — скасуюць рэгістрацыю.

Днямі старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі «Руху БНФ «Адраджэньне» Віталь Макаранка зьвярнуўся да сваіх паплечнікаў і прыхільнікаў з просьбай дапамагчы пагасіць запазычанасьць. Свой зварот фронтавец апублікаваў у суполцы «БНФ-Магілёўшчына» ў сацыяльнай сетцы Facebook.

«Меў звышцяжкую размову з арэндадаўцамі, — напісаў актывіст. — Сутнасьць у наступным: у нас 1800 эўра запазычанасьці за арэнду і 8 100 000 рублёў за камуналку... Калі мы не заплацім хаця б адзін месяц своечасова — нас пазбавяць памяшканьня».

Сябры арганізацыі забываюць пра складкі

«Я хацеў нагадаць сябрам арганізацыі, што яны таксама мусяць дбаць пра яе матэрыяльна-фінансавае забесьпячэньне. Калі хочам мець сваю, беларускую апазыцыю, то павінны браць удзел у яе фінансаваньні, як гэта робіцца ўва ўсім сьвеце», — тлумачыць свой зварот Віталь Макаранка.

«Зразумела, цяпер цяжкія часы для ўсіх, — кажа ён, — але сытуацыя, у якой апынулася арганізацыя, можа прывесьці да страты памяшканьня і рэгістрацыі, бо для яе патрэбны юрыдычны адрас».

«Арэндадаўца пастаянна нагадвае пра запазычанасьць, — дадае суразмоўца. — Гэта зразумела, бо ў яго бізнэс. Можа ўзьнікнуць пытаньне ў кантрольных органаў, а чаму ён не патрабуе сплаты даўгоў».

Адказваючы на пытаньне, як адрэагавалі сябры арганізацыі на зварот, кіраўнік абласной структуры адзначае:

«Шмат хто пахаваўся, каб не чапляліся з ахвяраваньнямі. Многія спачувальна ківалі галавой, але мала хто што даў. Цалкам заяўляць, што ахвяраваньняў няма, не выпадае, але робяцца яны дужа нерэгулярна».

Віталь Макаранка
Віталь Макаранка

Арганізацыя — ня табар

Фронтаўская сядзіба — у цэнтры Магілёва. У невялікім памяшканьні актывісты праводзяць свае нарады, ладзяць асьветніцкія і навучальныя імпрэзы.

«Для арганізацыі дужа важна мець офіс, бо арганізацыя ж ня табар, каб качаваць увесь час, — кажа Віталь Макаранка. — Працяглы час мы ня мелі офіса, і тады згубілі даволі шмат людзей. Вядома ж, нам не хацелася б страціць і цяперашняе памяшканьне».

Актывіст кажа, што сытуацыя паволі нармалізуецца. Зь бягучымі плацяжамі, запэўнівае ён, арганізацыя спраўляецца. У Менску разумеюць становішча, кажа фронтавец:

«Існуе такое меркаваньне, што нам адусюль сыплецца і валіцца. Насамрэч — гэта зусім ня так. Кожны выкручваецца як можа. Мы апынуліся ў такім складаным становішчы, але аптымізм ёсьць. Ёсьць падставы цяпер больш жорстка ставіць пытаньне перад сябрамі пра выжываньне арганізацыі».

Паводле Віталя Макаранкі, фронтаўцаў у вобласьці меней за тры сотні, аднак гэтай колькасьці дастаткова, каб аплачваць камунальныя паслугі за кошт сяброўскіх ахвяраваньняў.

У фронтаўскім офісе
У фронтаўскім офісе

Партыйныя фронтаўскія суполкі ў вобласьці ня маюць дзяржаўнай рэгістрацыі, а на партыйным уліку стаяць у Менскай управе. Зарэгістраваць іх спрабавалі, але марна.

Грамадзкае абʼяднаньне «БНФ «Адраджэньне» многія атаясамляюць з партыяй.

«Калі на пачатку 1990-х гадоў прыналежнасьць да партыі была прэстыжная, чалавек, прыйшоўшы ў яе, мог стаць дэпутатам, адчуваў падтрымку, то цяпер сытуацыя адваротная. Сябра партыі становіцца абʼектам перасьледу або вымушаны ўтойваць сваё сяброўства ў апазыцыйнай партыі. Таму ня кожны грамадзка актыўны грамадзянін імкнецца ў партыйную арганізацыю», — кажа Віталь Макаранка.

Партыі прыраўнялі да камэрцыйных арганізацыяў

Паводле Віталя Макаранкі, фінансавыя пытаньні з аплатай сядзібаў ёсьць ва ўсіх структур апазыцыйных арганізацыяў і партыяў. Усё залежыць ад таго, як іх кіраўніцтва дамовіцца з арэндадаўцам, кажа фронтавец.

«Чаму мы пагадзіліся на камэрцыйныя ўмовы — бо не было магчымасьці знайсьці памяшканьне ў дзяржаўным фондзе. Мы бачылі абʼяву на прымальных для нас умовах, прыходзілі туды, але гаспадары, як пачуюць, хто мы, адразу адмаўляюць нам. Або ўжо дамаўляліся, а потым арэндадаўца выракаўся папярэдніх дамоўленасьцяў. Дзяржава адразу заявіла, што ня мае абавязку нам выдзяляць памяшканьне. Давалі зразумець, што шукайце самі і дамаўляйцеся».

Імпрэза ў фронтаўскім офісе. Выстава, прысьвечаная БНР і прызнаньню магілёўцамі ўлады БНР у горадзе
Імпрэза ў фронтаўскім офісе. Выстава, прысьвечаная БНР і прызнаньню магілёўцамі ўлады БНР у горадзе

«Я не магу сказаць, што ўлада цяпер ставіцца да фронтаўскай арганізацыі неяк па-асабліваму, — працягвае Віталь Макаранка. — Прынамсі, гэта не праяўляецца відавочна. Стаўленьне да нас такое ж, як і да ўсіх апазыцыйных арганізацыяў. Для ўлады ўсе, хто не на іхнім баку барыкадаў, — кепскія».

Уласьнікі нерухомасьці ня хочуць зьвязвацца з апазыцыйнымі партыямі

Абласная арганізацыя Абʼяднанай грамадзянскай партыі таксама мае сядзібу ў цэнтры Магілёва. Паводле старшыні арганізацыі Ўладзімера Шанцава, у сяброў АГП няма абавязку плаціць сяброўскія складкі — толькі добраахвотныя ахвяраваньні. У статуце, зазначае ён, няма азначэньня партыйнай дысцыпліны. Што да сплаты арэнды партыйнага офісу, то такія пытаньні, прызнае актывіст, увесь час узьнікаюць.

«Вырашаюцца яны не праз патрабаваньні выконваць партыйную дысцыпліну, а праз тыя ці іншыя магчымасьці дапамагчы, якія ёсьць у кожнага сябра партыі», — удакладняе Ўладзімер Шанцаў.

Пагроза страціць юрыдычны адрас празь фінансавыя праблемы, згаджаецца ён зь меркаваньнем Віталя Макаранкі, існуе для кожнай арганізацыі. Абласная структура АГП, цьвердзіць партыец, з такой праблемай не сутыкалася. Аднак, паводле яго, атрымаць юрыдычны адрас для новай структуры праблематычна. Ён прыгадвае сытуацыю ў Бабруйску:

Уладзімер Шанцаў
Уладзімер Шанцаў

«У нас быў выпадак адмовы ў рэгістрацыі партыйнай арганізацыі ў Бабруйску нават пасьля таго, як адна фірма дала гарантыю юрыдычнага адрасу. Але непасрэдна перад рэгістрацыяй кіраўніцтва фірмы „раптам“ перагледзела сваё рашэньне і адмовіла ў арэндзе. Мы разумеем, чаму гэта адбылося. Гэта звычайная практыка ў рэгіёнах. Арэндадаўцы залежаць ад пазыцыі ўлады».

Як і Макаранка, Уладзімер Шанцаў лічыць, што ўлада ня ставіцца да арганізацыйнай структуры АГП неяк па-асабліваму:

«У нас няма рахунку ў банку, няма абавязкаў перад падатковай інспэкцыяй. Мы даўно зразумелі, што лепей з гэтымі органамі ня мець стасункаў. Мы аплачваем офісы гэтак жа, як і камэрцыйныя арганізацыі. Мы пастаўленыя ў такія ўмовы. Але ж партыя — не камэрцыйная арганізацыя, яе дзейнасьць не скіраваная на атрыманьне прыбытку. Улада наўмысна робіць гэтак, каб апазыцыйная арганізацыя ўвесь час была на мяжы выжываньня. Для БРСМ існуюць іншыя падыходы. Гэтая арганізацыя фінансуецца зь бюджэту. А ў чым мы правініліся? Чаму такая дыскрымінацыя ў адносінах да нас?», — кажа Ўладзімер Шанцаў.

Няма сядзібы — няма рэгістрацыі

Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя «Грамада» мае намер заняцца рэгістрацыяй мясцовых арганізацыйных структур. У Магілёве статус зарэгістраванай мае раённая суполка. Каб зарэгістраваць абласную структуру, кажа намесьнік старшыні партыі Ігар Барысаў, трэба зарэгістраваць яшчэ адну раённую.

Паводле партыйца, рэгістрацыя дазваляе паўнавартасна ўдзельнічаць у выбарах (вылучаць кандыдатаў у дэпутаты і назіральнікаў на мясцовых узроўнях), публічна весьці перапіску ад імя гэтых структур зь мясцовай уладай.

Ігар Барысаў
Ігар Барысаў

Ці разумеюць сябры партыі, што сутыкнуцца зь неабходнасьцю фінансаваць сядзібу?

Ігар Барысаў запэўнівае, што такое разуменьне ёсьць. Аднак прызнае, што праблема фінансаваньня офісаў актуальная для партыі.

«Даводзіцца плаціць за сядзібы па рынкавых, камэрцыйных коштах, ды яшчэ цяжка адшукаць памяшканьне для офісаў. Яшчэ адна праблема, мы яе ўздымалі і рабілі заяву ад імя Цэнтральнага камітэту: у Беларусі няма дзяржаўнага фінансаваньня партыяў, як тое прынята ў краінах разьвітай дэмакратыі. Таму і паўстае пытаньне, як утрымліваць партыйныя офісы», — кажа сацыял-дэмакрат Ігар Барысаў.

Паводле ягоных зьвестак, ня толькі абласная структура партыі БНФ мае праблемы з аплатай офісу. Партыец кажа, што яшчэ адна структура адной з апазыцыйных партыяў рыхтуецца пакінуць сваю арандаваную сядзібу, бо ня мае на яе грошай.

«Як няма дзе знайсьці фінансавай падтрымкі для партыі, то гэта катастрофа для яе, — кажа Ігар Барысаў. — Тут многае залежыць ад дамоўленасьцяў з арандадаўцам. Калі дамовіцца не ўдаецца, то трэба зачыняцца, бо ўмовы існаваньня для партыяў і іх рэгіянальных структур болей чым неспрыяльныя ў Беларусі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG