Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скажу інтэлігенцкую непрыстойнасьць – я заўсёды гляджу Эўравізію. Але ніколі так не не шкадаваў пра гэта, як сёлета.

Перамога Джамалы на Эўравізіі, насамрэч, нічым ня большы казус за перамогу Канчыты Вюрст, калі казусам называць выступ, у якім ёсьць зьмест.

Пастараюся ня быць аб’ектыўным: песьня Джамалы адрозьнівалася ад іншых і сучасным гучаньнем, і запамінальнай мэлёдыяй, і тым, што выкананьне было на парадак больш прафэсійным. Як нехта трапна заўважыў у сеціве, песьня і выкананьне стаялі «над» фарматам Эўравізіі, а не ўсярэдзіне яго. А што ёсьць разьвіцьцё ў творчасьці, як ня скокі вышэй фармату?

Але мае ацэнкі прыватныя, таму спрачацца пра іх ня будзем. Як ня будзем спрачацца і пра «палітызацыю» ды іншую сусьветную змову супраць хатніх гаспадынь, як традыцыйна называюць аўдыторыю гэтага конкурсу. На маю думку, любая музыка – палітыка, і найбольшая палітыка – гэта якраз «поющие трусы».

Джамала – яркая і праўдзівая – не магла ня выклікаць бязьмежнае захапленьне і такую ж бязьмежна агрэсіўную лаянку. Калі хочаце, гэтая палярнасьць – найлепшы доказ таго, што яе перамога адэкватная.

А ведаеце, што менавіта ў выступе Джамалы спрацавала наймацней? Якая грань харызмы, які вобраз, які рэальны зьмест?

Чалавечая годнасьць – тое, чаго ніякім бокам не патрабуе фармат конкурсу і чаго мы, бадай, ніколі ня бачылі ў выканаўцаў ад Беларусі. Тое, што выклікае самую зацятую нянавісьць у замбаванага натоўпу і чым ціха захапляюцца ўнутрана вольныя людзі. Тое, што ніколі не бывае абстрактным і выяўляецца ці ў праве на выбар плоці, як у Канчыты, ці ў праве свайго народа на жыцьцё, як у Джамалы. І за кожным гэтым правам стаіць прывід сьмерці, ад чаго ў песьні і ўзьнікае трагічны кантэкст самога чалавечага жыцьця. У карнавалу зьяўляецца ягоны супрацьлеглы складнік, і Вальсынгам уздымае сваю чару, «быць можа, поўную чумы». «Дурылка кардонная» Эўравізія раптам становіцца праўдай, здольнай выклікаць катарсіс.

Важна, што катарсіс перажываюць не «прафэсійныя журы», а народы, публіка, і ты раптам разумееш, што замбаванага натоўпу ў ёй значна менш, чым унутрана вольных людзей. Апошнія перамагаюць, перамагае чалавечая годнасьць. Аказваецца, яна запатрабаваная – і ў краінах, дзе даўно стала базавай камплектацыяй чалавека, і ў нас у Беларусі, дзе ўспрымаецца як кніжная ці замежная экзотыка або як правапарушэньне.

Найбольш агрэcіі ў бок перможцы чуваць з Расеі або ад расейцаў. Нельга лічыць, што Расея, узяўшы трэцяе месца, прайграла. Тым ня менш, згадваю выраз «прайграваць годна» – зноў жа пра годнасьць і пра тое, якую мадэль чалавечых паводзінаў прышчапляе людзям расейская прапаганда, калі «прафэсійнае журы» ў Расеі паставіла Джамале нуль. Праўда, я ня веру ў кепскія народы, і тое, што расейская публіка паставіла Ўкраіне 10, пацьвярджае гэта.

Зь перамогаю, Украіна!

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Яшчэ на гэтую тэму

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG