Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чатыры ўкраінскія гарады гатовы прыняць Эўрабачаньне-2017


Інтэрнаўты тым часам прапанавалі лягатып для наступнага «Эўрабачаньня» ў… Ялце

Інтэрнаўты тым часам прапанавалі лягатып для наступнага «Эўрабачаньня» ў… Ялце

Днепрапятроўск і Адэса могуць прыняць Эўрабачаньне-2017, заявілі мэры гэтых гарадоў — Барыс Філатаў і Генадзь Труханаў адпаведна. Таксама пра гатоўнасьць прыняць песенны конкурс заявілі мэры Кіева і Львова.

Пра гэта паведамляе Бі-бі-сі.

Барыс Філатаў напісаў на сваёй старонцы ў фэйсбуку, што ў Днепрапятроўску, у прыватнасьці, разьвітая інфраструктура і гэта «сэрца казацкага краю». Ён паведаміў, што рыхтуе адпаведнае прадстаўленьне аб правядзеньні конкурсу да прэмʼер-міністра.

Мэр Адэсы Генадзь Труханаў выказаў упэўненасьць, што Ўкраіна прыме Эўрабачаньне на высокім узроўні.

«Пляцоўкай, годнай правядзеньня такога прэстыжнага конкурсу, цалкам можа стаць наша Адэса», — цытуюць СМІ паведамленьне мэра ў фэйсбуку.

Мэр Кіева Віталь Клічко раней выказаў перакананьне, што конкурс адбудзецца ў Кіеве.

«Кіеў у другі раз будзе прымаць Эўрабачаньне, і мы зробім усё, каб ажыцьцявіць неабходную падрыхтоўку і правесьці конкурс на высокім узроўні. Мы ўжо пачынаем рыхтавацца», — цытуе спадара Клічко агенцтва УНІАН.

У той жа час мэр Львова Андрэй Садовы таксама заявіў, што горад гатовы пры неабходнасьці прыняць конкурс.

«Важна, каб рашэньне, у якім горадзе будзе праходзіць наступны песенны конкурс, было з пункту гледжаньня выйгрышу дзяржавы, якую Ўкраіну мы хочам паказаць», — сказаў ён у камэнтары тэлеканалу 112.

«Калі будзе неабходнасьць, Львоў правядзе [Эўрабачаньне] на высокім узроўні», — сказаў Андрэй Садовы.

XS
SM
MD
LG