Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску анархісты залілі фарбай тры міліцэйскія шчыты з сацыяльнай рэклямай


Анархісты закідалі іх ёмістасьцямі з фарбай. Відэаматэрыялы і адпаведную заяву яны распаўсюдзілі 15 траўня, піша БелаПАН.

«Гэтай акцыяй мы хочам выказаць сваю салідарнасьць з усімі пацярпелымі ад дзеяньняў праваахоўных органаў падчас акцыі „Крытычная маса“ 29 красавіка. Як бачна, чакаць рэпрэсіўных дзеяньняў варта абсалютна ад усіх міліцэйскіх структур, у тым ліку і супрацоўнікаў ДАІ. Па ўказцы згары яны гатовыя выконваць любыя загады і запыты уладаў, нават самыя недарэчныя», — гаворыцца ў заяве.

На адным з залітых фарбай білбордаў выявы супрацоўнікаў міліцыі суправаджае надпіс «Ваша бясьпека ў надзейных руках». На двух іншых намалявана, як супрацоўнік ДАІ трымае ў руках зборнік Правілаў дарожнага руху. «Верагодна, гэта павінна сымбалізаваць, што ДАІ зьяўляецца гарантам захаваньня правілаў на дарозе, — адзначаюць прадстаўнікі руху анархістаў. — Але гэта далёка ня так. Дастаткова ўспомніць выпадак у Оршы, дзе п’яны супрацоўнік ДАІ зьбіў дзяўчынку на дарозе. Відавочна, што дадзеная структура, як і ўся міліцыя, служыць цалкам іншым мэтам — ня нашаму спакою і парадку на дарогах, а кантролю і наглядзе за намі».

«Штрафы і „ліпавыя“ адміністрацыйныя пратаколы сталі спосабам пакараць нязгодных, як гэта было на акцыях „Стоп-бэнзін“ і „Стоп-падатак“, а сама ДАІ да падтрыманьня парадку мае роўна такое самае дачыненьне, як і беларуская міліцыя ў цэлым. Нядаўні выпадак з „Крытычнай масай“, дзе міліцыя і ДАІ груба і бесцырымонна затрымалі ўдзельнікаў акцыі, якая праводзіцца па ўсім свьеце, паказвае, для чаго існуюць сілавыя структуры — для кантролю над намі і навязваньня нам волі багатых людзей і чыноўнікаў», — гаворыцца ў заяве анархістаў.

Таксама анархісты паведамілі, што акцыя праведзеная ў знак салідарнасьці з затрыманым на велапрабегу «Крытычная маса» анархістам Дзьмітрыем Паліенкам, які цяпер утрымліваецца ў Жодзінскім СІЗА.

Увечары 29 красавіка ў Менску было затрымана ня менш за шэсьць раварыстаў — удзельнікаў акцыі «Крытычная маса», у тым ліку Паліенка, якога падазраюць у гвалтоўных дзеяньнях у дачыненьні да супрацоўніка ДАІ. Як паведамілі праваабаронцы, каля 35 чалавек сабраліся каля опэрнага тэатру, каб праехаць па горадзе на роварах і заявіць аб правах раварыстаў на дарозе.

Грамадзкая акцыя «Крытычная маса» штомесяц на працягу 20 гадоў бесьперашкодна праводзіцца ў больш чым 300 гарадах сьвету. Яе мэта — папулярызацыя веларуху, разьвіцьцё гарадзкой транспартнай інфраструктуры і прыцягненьне ўвагі да праблем засільля аўтатранспарту ў горадзе, што адмоўна ўплывае на стан навакольнага асяродзьдзя і на ўзровень бясьпекі дарожнага руху.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG